Ці паўплываў крызіс на адпачынак беларусаў?

Што выбіраюць беларусы — Мальдывы (на фота) ці Мядзел?

У Беларусь прыйшло сапраўднае лета. Скончыўся працяглы сэзон дажджоў, усталявалася добрае надвор’е, і многія беларусы ўзгадалі пра адпачынкі. Ці адбіліся крызісныя зьявы на турыстычным бізнэсе, дзе могуць беларусы дазволіць сабе прыстойны адпачынак?

Спадарыня Ірына — мэнэджэр, яе муж — супрацоўнік банку. Паводле беларускіх мерках, прыбытак сям’і вышэйшы за сярэдні. У панядзелак Ірына першы дзень выйшла на працу пасьля адпачынку:

“На жаль, крызіс вельмі моцна ўдарыў па нашым бюджэце, і вось толькі што вярнулася зь лецішча, дзе і правяла свой адпачынак. Каб прывабіць кліентаў, маглі б нейкія зьніжкі турфірмы зрабіць. Але ніякіх зьніжак не было, у адно агенцтва зьвярнуліся, у другое… А ў нас сям’я — 3 чалавекі. Кожны год езьдзілі на мора, на поўдзень, але сёлета па грошах гэта для нас стала немагчыма”.

Рэдактар тыднёвіка “Турізм і отдых” Лілія Кобзік цалкам згодная са спадарыняй Ірынай:

“Адпачынак ніхто не адмяняў, але зараз многія правядуць адпачынак хутчэй у сябе на вёсцы ці на будаўніцтве ўласнай сядзібы, чым паедуць за мяжу”.

У турыстычнай галіне крызіс навідавоку — кажуць і супрацоўнікі туркампаніяў, і экспэрты.

Дырэктар Рэспубліканскага Саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстэр:

“Так, канечне, крызіс адбіўся. У вядучых турыстычных кампаній Менску мэнэджэры прызнаюцца, што палову працоўнага часу застаюцца без працы. Гэта паказьнік таго, што менш стала нагрузкі”.

Кіраўнік турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка распавёў і пра плюсы і мінусы крызісу:

“Паўплываў. У розныя бакі паўплываў, і ў станоўчыя, і ў адмоўныя. Станоўчы бок — фірмы сталі больш уважліва ставіцца да сваіх кліентаў. Кліентаў стала нашмат менш, і кожны кліент не скажу, што на вагу золата, але на вагу срэбра дакладна. Гэта павышэньне стандартаў якасьці абслугоўваньня, што вельмі важна. А адмоўнае — гэта тое, што турыстычная плынь зьменшылася”.

Ліпень — даволі непрадказальны месяц, бо першая плынь турыстаў, якія загадзя плянавалі адпачынак, куплялі туры на веснавых кірмашах, схлынула, наступны, дарагі кліент яшчэ толькі зьбіраецца адпачынаць і вызначаецца, ён прыйдзе ў жніўні, кажа Лілія Кобзік:

“І вось зараз, з канца чэрвеня, у беларускім турызьме, у беларускіх продажах назіраецца, можа, яшчэ ня крахавае зьніжэньне, але вельмі сур’ёзная напружанасьць. У асобных фірмаў ёсьць блёкі, якія не запаўняюцца, нават на Турэччыну. Тут шмат чаго накладаецца: і мода неяк схлынула, крызіс — усясьветны, і наш асабісты, і нейкі страх, прадчуваньне. Я думаю, у турызьме крызіс толькі пачынаецца”.

Але нягледзячы на крызіс, цэны на туры не зьніжаюцца, кажа дырэктар Рэспубліканскага Саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстэр:

“Падзеньня цэнаў па ўсіх актуальных напрамках не адбылося. Гатэлі пакуль трымаюць цэны”.

Коштавая палітыка залежыць не ад турыстычнай кампаніі, а ад апэратара прымаючага боку, сьцьвярджаюць кіраўнікі турфірм.

Лілія Кобзік: “Пакуль што турфірмы яшчэ нічога не прапанавалі — ніякіх моцных, магутных зьніжак, акцыяў. Яшчэ не пайшлі насустрач гэтым абставінам гатэльеры, якія сядзяць у той жа Турэччыне, Гішпаніі, Паланзе…”

Генадзь у выходныя вярнуўся з Турэччыны. Адпачываў у пяцізоркавым гатэлі “усё ўключана”, дзе адпачывалі ў асноўным турысты з заходняй Эўропы. Пуцёўка каштавала нятанна, але ён даўно прыстойна не адпачываў, таму грошай не шкадаваў.

Генадзь: “Прынамсі, па тым, што я бачыў у Турэччыне, тыя, хто прыяжджае зь Нямеччыны, з Чарнагорыі, са Скандынавіі, кажуць, што ў іх у гэты сэзон вялікія зьніжкі. У параўнаньні з нашымі беларускімі коштамі розьніца можа дасягаць у 3 — 4 разы. У іх вельмі добра дзейнічае сыстэма „last minutes“ — апошнія хвіліны, калі нават у пяцізоркавых атэлях можна адпачыць два тыдні за 250 — 300 эўра. Што тычыцца Беларусі, я ня бачыў тут істотных зьніжак”.

Паводле інфармацыі Інстытута турызму Эўропы, у першы месяц лета ў Турцыю не прыехала каля 25% турыстаў.

І ўсё ж, якім краінам аддаюць перавагу беларусы, што тычыцца адпачынку?

Андрэй Барашка: “Летась Турэччына была ў лідэрах, цяпер Беларусь на першым месцы. Але ў цэлым Беларусь і Турэччына па папулярнасьці ў нашых грамадзянаў ідуць побач. Потым Украіна і ў прыватнасьці Крым (3-е і 4-е месца). Летась на пятым месцы была Баўгарыя, у чэрвені 2009 года на пятым месцы ў беларусаў Расея. Хутчэй за ўсё, адбіліся складанасьці з атрыманьнем візаў”.

Валянцін Цэхмэйстэр заўважае яшчэ адну цікувую асаблівасьць: “Самыя танныя туры, танны Крым, як гэта ні дзіўна, не карыстаюцца папулярнасьцю. За малыя грошы добрага сэрвісу не атрымліваецца. Таму людзі аддаюць перавагу адпачынку ў
Двухтыднёвы адпачынак на Нарачы, у санаторыях “Сосны”, “Прыазёрны” па коштах наблізіўся да Турэччыны.
Беларусі. Але маецца на ўвазе ў Беларусі на сваіх дачных участках, таму што ў санаторна-куротных установах яны адпачынак сабе ня могуць дазволіць як па коштах, так і таму, што шмат пуцёвак выкуплена загадзя расейцамі”.

І хаця беларускія санаторы ня танныя — двухтыднёвы адпачынак на Нарачы, у санаторыях “Сосны”, “Прыазёрны” па коштах наблізіўся да Турэччыны, расейцы іх аблюбавалі даўно, дый беларусы ў іх імкнуцца, кажа Анрэй Барашка:

“Натуральна, у прапарцыйных суадносінах расейцы дамінуюць, але і беларусы вельмі актыўныя: лячэбная база — яна застаецца запатрабаванай. Плюс да таго ж, вярнуліся экскурсіі, паходы, туры выходнага дня. То бок прадукт у нас ня толькі санаторна-курортны, але разнастайны. І гэта нармальна, калі ўнутраны прадукт карыстаецца вялікім попытам”.

Што рабіць тым, хто хоча адпачыць на радзіме, але не паклапаціўся пра гэта загадзя?

Лілія Кобзік: “Беларусь браніруецца зь зімы: добрыя санаторыі, добрыя базы, добрыя катэджы — іх ня так шмат. Усё лепшае ўжо забраніравана, прададзена. Адзінае выйсьце — нешта цікавае, смачненькае ўхапіць у Беларусі, ускочыць у апошні вагон — калі людзі будуць адмаўляцца, і можа пашчасьціць убіцца ў самыя прэстыжныя санаторы. Яшчэ застаюцца аграсядзібы, яле яны па-ранейшаму знаходзяцца ў стадыі разьвіцьця, толькі шукаюць свой твар. Часьцей за ўсё, гэта „week-end“, гэта не адпачынак у поўным сэнсе гэтага слова”.