Стан гомельскагага галадоўніка пагоршыўся

Уладзімер Кацора

Каля 16-й гадзіны паплечнікі гомельскага палітыка Уладзімера Кацоры, які пятыя суткі трымае сухую галадоўку, выклікалі “хуткую мэдычную дапамогу”.

Лекар “хуткай дапамогі” агледзеў Уладзімера Кацору і, даведаўшыся, што ён галадае пятыя суткі, захацеў забраць яго ў шпіталь.

Аднак Уладзімер адмовіўся. Лекар патлумачыў палітыку, што змушаны выклікаць міліцыю. Інакш яго пакараюць за неаказаньне мэдычнай дапамогі.

У прысутнасьці міліцыянтаў Уладзімер Кацора напісаў расьпіску лекару “хуткай”, што адмаўляецца ад шпіталізацыі. І толькі пасьля гэтага мэдык пакінуў дом на Палескай, 52, дзе галадае Ўладзімер Кацора з паплечнікамі.

На пытаньне пра самаадчуваньне палітык кажа:

“Сёньня ўжо значна горш, чым учора. Можа, таму, што сёньня пайшоў ужо пяты дзень галадоўкі. Па-другое, з раніцы ў Гомелі стаіць гарачыня. Цяпер у мяне агульная млявасьць і слабасьць”.