Загінула экс-чэмпіёнка сьвету Зінаіда Стагурская

Зінаіда Стагурская

Трагедыя адбылася падчас трэніроўкі. Перад чэмпіянатам Беларусі, які распачаўся ў Лагойску, спартоўка прыехала на некалькі дзён у Віцебск, дзе яна нарадзілася.
Чэмпіёнка сьвету 2000 году і пераможца шматлікіх міжнародных спаборніцтваў у шашовых гонках загінула ў дарожна-транспартным здарэньні 25 чэрвеня на 93-м кілямэтры аўташашы “Мяжа Расейскай Фэдэрацыі – Віцебск – Гомель”.

Аўтамабіль “Хонда ЦР-В”, якім кіравала жыхарка Санкт-Пецярбургу, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе на машыне “ВАЗ-2104” рухаўся трэнэр Зінаіды Стагурскай, а за ім на адлегласьці 10 мэтраў ехала спартоўка. Машыны разьмінуліся, а раварыстка трапіла пад колы “Хонды” і сканала на месцы.

Кіроўца “Хонды” знаходзіцца ў Віцебскім абласным клінічным шпіталі.

З факту гібелі Зінаіды Стагурскай у Віцебскай абласной управе МУС завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 137 – “Парушэньне правілаў дарожнага руху”. Згодна з гэтым артыкулам, вінаватага можа чакаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле супрацоўнікаў міліцыі, спартоўка стала ахвярай здарэньня, нягледзячы на тое, што выканала ўсе ўмовы, прадугледжаныя правіламі дарожнага руху для раварыстаў. Зінаідзе Стагурскай было 38 гадоў.