Пракурор атрымаў зямлю і страціў пасаду

Намесьнік Гомельскага абласнога пракурора трапіў пад сьледзтва і быў звольнены за тое, што з парушэньнямі атрымаў зямлю пад катэдж. У пракуратуры кажуць, што ў зямельных злоўжываньнях заўважаны чыноўнікі шмат якіх раёнаў.
Паводле генпракурора Рыгора Васілевіча, у Беларусі дагэтуль няма адзінага парадку набыцьця зямельных участкаў. Гэта і стала прычынай “зямельнай карупцыі”, якая ахапіла беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку адказных супрацоўнікаў праваахоўных органаў. На нядаўняй каардынацыйнай нарадзе ў генпракуратуры Рыгор Васілевіч агучыў некалькі фактаў. У прыватнасьці, адзначыў генпракурор, былы начальнік крымінальнага вышуку МУС спадар Савіцкі атрымаў кавалак зямлі пад Менскам. Паводле Рыгора Васілевіча, зямлю міліцыянту далі ў абыход чаргі, да таго ж ён ня меў права на атрыманьне зямельнага ўчастку без аўкцыёну.

Аднак справу на міліцыянта не завялі. Генпракурор Васілевіч лічыць, што вінаватыя мясцовыя ўлады, а не былы кіраўнік крымінальнага вышуку. А вось намесьніку Гомельскага пракурора Ўладзімеру Сарасеку не пашанцавала больш: ён фігуруе ў крымінальнай справе аб парушэньнях пры выдзяленьні зямлі ва Ўлукаеўскім сельскім савеце Гомельскага раёну. Паводле сьледзтва, спадар Сарасека ды яшчэ два мясцовыя міліцыянты нібыта незаконна атрымалі ўчасткі ў прэстыжным пасёлку Перамога пад Гомелем. Зроблена гэта было нібыта ў абыход чаргі, у якой стаяла каля 100 чалавек. Цікава, што Рыгор Васілевіч звольніў спадара Сарасеку з Гомельскай пракуратуры, не дачакаўшыся канца сьледзтва.

Факты злоўжываньняў зь зямлёй выяўленыя таксама ў Мазырскім, Лагойскім, Смалявіцкім, Менскім раёнах, паведамілі ў прэсавай службе пракуратуры Беларусі. Але ў пракуратуры не ўдакладнілі, ці заведзеныя на чыноўнікаў крымінальныя справы. Кіраўнік прэсавай службы Пётра Кісялёў кажа, што ў шмат якіх выпадках для завядзеньня крымінальных спраў няма падстаў:

“Там шмат было парушэньняў фармальных. Кшталту — нейкай паперы не хапае, адводу ці пляну няма, і гэтак далей. Але ж гэта ўсё роўна парушэньне пры выдзяленьні зямлі. Вядома, зносіць гэтыя дамы ня будуць, але адрэагаваць трэба. Некаму штраф даць, некага прымусіць заплаціць за ўчастак грошы як з аўкцыёну, узяўшы сярэдні паказчык”.

Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч паведаміў пра намер унесьці ва ўрад прапанову пра інвэнтарызацыю зямельнага заканадаўства, якое “павінна быць зразумелым для любога выканаўцы”.