Больш за 30% дзіцячай парнаграфіі робіцца ў СНД

Аўстрыя заклікае да супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў барацьбе з прапагандай гвалту над дзецьмі.
Міністар юстыцыі Аўстрыі Кляўдыя Бандыён-Ортнэр заклікала аўстрыйскі ўрад ды ўрады краін Зьвязу шчыльней супрацоўнічаць зь Беларусьсю і Ўкраінай у барацьбе зь дзіцячай парнаграфіяй і сэксуальным гвалтам.

На сёньняшнім паседжаньні камісіі па справах ЭЗ у верхняй палаце аўстрыйскага парлямэнту спадарыня Бандыён-Ортнэр заявіла, што глябалізацыя ды сучасныя тэхналёгіі толькі павялічваюць глыбіню і маштабы сэксуальнай эксплюатацыі дзяцей. Паводле некаторых дадзеных, болей за 30% дзіцячай парнаграфіі ў Інтэрнэце разьмяшчаюць правайдэры з краін СНД. Найчасьцей для парнаграфічных відэа ды фота здымаюць малых з Украіны і Беларусі. Заблякаваць такія сайты тэхнічна цяжка. Паводле міністра, краіны ЭЗ зацікаўленыя ў падпісаньні двухбаковых пагадненьняў зь Беларусьсю ды Ўкраінай. Суседзі ж краін Зьвязу маюць распрацаваць законы ў адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі.

Нагадаем, што да 2008 году ў Беларусі дзейнічала досыць лібэральнае заканадаўства па супрацьдзеяньні дзіцячай парнаграфіі і сэксуальнаму гвалту. І толькі летась беларускія парлямэнтары прынялі закон, які ўзмацніў адказнасьць за гэтыя высокадаходныя сфэры крымінальнага бізнэсу.

Выступаючы сёлета на сэмінары ў Менску па праблемах прадухіленьня прапаганды гвалту, кіраўнік упраўленьня па раскрыцьці злачынстваў у галіне высокіх тэхналёгіяў МУС Беларусі Ігар Чарненка заявіў, што дзякуючы намаганьням праваахоўных органаў сёньня ў беларускім сэгмэнце Інтэрнэту не існуе дзіцячых парнасайтаў. Аднак для Беларусі характэрна стварэньне сыстэм, якія абслугоўваюць гэтыя рэсурсы. Праз такія сыстэмы наведнікі дзіцячых парнаграфічных старонак пераводзяць грошы.