Крадзеныя ракетныя запчасткі — для Беларусі ці за мяжу?

У Расеі затрыманыя кантрабандысты, якія гандлявалі запчасткамі для зэнітных ракетных сыстэм, скрадзенымі з вайсковых складоў пад Санкт-Пецярбургам. Сярод затрыманых ёсьць і грамадзяне Беларусі. Ці толькі гэтым абмежавалася сувязь злачынцаў зь Беларусьсю?
СЛУХАЦЬ:


У паведамленьні расейскіх крыніц пра затрыманьне кантрабандыстаў не названа ніводнага прозьвішча, а толькі пазначана, што ў злачынную групоўку, акрамя расейцаў, уваходзілі ўкраінцы і беларусы. Крадзеныя запчасткі — нібыта болей за 20 тон — накіроўваліся ў Беларусь, Украіну, Казахстан і Баўгарыю. Запчасткі былі 65 розных найменьняў, яны прызначаліся да зэнітна-ракетных комплексаў С-75, С-125, С-200 і С-300.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык запэўніў, што ў Беларусі крадзяжы частак зэнітна-ракетных комплексаў немагчымыя:

“У нас усе комплексы знаходзяцца на баявым дзяжурстве, зь іх немагчыма скрасьці дэталі, бо яны ўсе забясьпечваюць выкананьне баявой задачы”.

У прэсавай службе не паведамілі, якія з комплексаў, названых у сьпісе расейскіх кантрабандыстаў, стаяць на ўзбраеньні беларускага войска.

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін паведаміў: комплексы С-75, вядомыя пад назвай “Волга”, стаялі на ўзбраеньні яшчэ ў 1960-я гады. “Такім комплексам быў зьбіты на загад Мікіты Хрушчова амэрыканскі шпіён Паўэрс”, — нагадаў спадар Алесін. З узбраеньня ў Беларусі гэтыя комплексы зьнятыя, як і комплексы С-125, але на беларускіх абаронных заводах у Гомелі і Барысаве вядзецца іх мадэрнізацыя, і потым такія комплексы прадаюцца ў краіны трэцяга сьвету. “Куба, Віетнам, Нікарагуа, Эгіпет, іншыя краіны такога кшталту могуць быць пакупнікамі запчастак для гэтых комплексаў, якіх там хапае”, — мяркуе Аляксандар Алесін. Аглядальнік ня выключыў, што расейскія кантрабандысты пастаўлялі запчасткі праз тэрыторыю краін СНД. Што да больш сучасных комплексаў С-200 і С-300 — яны стаяць на баявым дзяжурстве і ў Беларусі, мяркуе Аляксандар Алесін, аднак не камэнтуе забесьпячэньня гэтых комплексаў запчасткамі.


Падпалкоўнік у адстаўцы Мікалай Статкевіч не выключае, што крадзеныя запчасткі для ракетных комплексаў маглі прызначацца і для беларускіх частак СПА, якія, паводле Статкевіча, маюць у гэтым вялікую патрэбу:

“Па сутнасьці, значная частка нашай супрацьпаветранай абароны мае зношаную тэхніку і не гатовая да выкананьня баявых задач. Што робяць? Прыкладам, з трох комплексаў зьбіраюць адзін. І, безумоўна, попыт на запчасткі велізарны, а крадзенае будзе каштаваць у некалькі разоў таньней”.

Былы вайсковы інжынэр Мікалай Статкевіч згадаў, што сам шмат разоў рамантаваў супрацьпаветраную тэхніку з дапамогай запчастак зь іншых комплексаў. “Калі ж запчастак няма, то ніхто за свае грошы іх купляць на чорным рынку ня будзе, бо гэта вельмі рызыкоўна”, — мяркуе Мікалай Статкевіч. Ён не выключае, што дазвол на набыцьцё крадзеных запчастак даецца на высокім узроўні:

“Гэта робіцца санкцыянавана зьверху, а хто ў нас санкцыянуе зьверху, мы добра ведаем. Гэта робіцца, каб падтрымаць боегатоўнасьць тэхнікі, бо ўсё ж у разоў 5—10 крадзеныя дэталі на чорным рынку будуць таньнейшыя, чым афіцыйна”.

У беларускай вайсковай пракуратуры не камэнтуюць зьвестак пра датычнасьць беларускіх грамадзян да расейскай групоўкі, якая гандлявала сакрэтнымі запчасткамі.