На зьезьдзе БАЖ віталі далучэньне Беларусі да “Ўсходняга партнэрства”

Жанна Літвіна

Сёньня на зьезьдзе Беларускай асацыяцыі журналістаў старшынёй арганізацыі пераабралі Жану Літвіну. Яе намесьнікамі абраныя Андрэй Бастунец, Аліна Суравец, Аляксандар Старыкевіч і Андрэй Аляксандраў.
Дэлегаты зьезду абмяркоўвалі праблемы недзяржаўных СМІ, наступствы глябальнага крызісу для мэдыяў і праблему пашырэньня выкарыстаньня ў СМІ беларускай мовы.

Старшыня арганізацыі Жана Літвіна нагадала дэлегатам зьезду факты, якія пацьвярджаюць, што свабоду слова ў Беларусі працягваюць абмяжоўваць: дагэтуль незалежным 13 выданьням забаронены продаж у кіёсках “Белсаюздруку” і распаўсюд празь дзяржаўную сыстэму падпіскі. Яшчэ адзін прыклад — закон “Аб супрацьдзеяньні экстрэмісцкім арганізацыям”, які тычыцца і мэдый. На падставе гэтага закону ў Берасьці быў прызнаны экстрэмісцкім нумар часопіса “Arche”.

Новы закон аб СМІ, які нядаўна ўступіў у дзеяньне, некаторыя дэлегаты назвалі “рэакцыйным”, паколькі ён стварыў шмат перашкод, у тым ліку з акрэдытацыяй. У Гомельскай вобласьці пракуратура ўжо папярэджвае журналістаў, якія з-за штучна створаных прычын не атрымалі акрэдытацыі, нагадала Жана Літвіна. Старшыня БАЖ паведаміла, што пры прыняцьці гэтага закону былі ўлічаныя 7 з 20 паправак, які прапанаваў БАЖ, але сытуацыя са свабодай слова істотна не палепшылася:

“Мы не павінны згортваць дыскусіі вакол дзеючых законаў. Трэба патрабаваць прывядзеньня гэтых законаў у адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі і абавязаньнямі, якія брала на сябе Беларусь”.

Жана Літвіна вітала далучэньне Беларусі да праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Нас яе думку, беларускія мэдыі з дапамогай гэтай праграмы павінны працаваць больш прафэсійна, паварочвацца да
Недзяржаўным стала працаваць цяжэй, бо паменела рэклямы, а дзяржаўныя мэдыі патрапілі яшчэ ў большую залежнасьць ад датацый зь бюджэту.
дэмакратычных стандартаў. Старшыня БАЖ мяркуе, што сусьветны фінансавы крызіс ужо адбіўся на дзейнасьці беларускіх мэдый: недзяржаўным стала працаваць цяжэй, бо паменела рэклямы, а дзяржаўныя мэдыі патрапілі яшчэ ў большую залежнасьць ад датацый зь бюджэту і становяцца прапагандысцкімі рупарамі недэмакратычнага рэжыму.

Аляксандар Класкоўкі
Рэдактар сайту “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі прапанаваў свой спосаб захаваньня для незалежных мэдыяў у спалучэньні друкаваных вэрсій з інтэрнэтнымі.

“Самі па сабе мы ня вырашым свае праблемы, пакуль ня будзе зрухаў у масавай сьвядомасьці. Таму што свабода слова яшчэ павінна быць і запатрабаваная. І гэта вялікая праца, якая не вырашаецца адным днём. І зноў жа, тут не агіткамі, а высокім прафэсіяналізмам трэба вырашаць гэтую праблему”.

Павал Севярынец
Павал Севярынец — ня толькі вядомы палітык і літаратар, але і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Выступаючы ў спрэчках як дэлегат, ён зазначыў: у раёнах цэнзураваная дзяржавай інфармацыя распаўсюджваецца ўжо і праз інтэрнэт, а незалежныя журналісты гэтай канкурэнцыі, паводле Севярынца, не заўважаюць. Таксама Павал Севярынец заклікаў не пакідаць без увагі моўнае пытаньне:

“Дарагія сябры, заклікаю вас пісаць па-беларуску. Як кажуць, гэта ж не забараняецца, гэта толькі самацэнзура. Тут на зьезьдзе чуем паўсюль беларускую мову, а ў газэтах — большасьць рускамоўныя”.

Сёньня БАЖ аб’ядноўвае 1157 сябраў болей як з 30 рэгіёнаў. Ад часу мінулага зьезду арганізацыя павялічылася на 150 чалавек. На зьезьдзе Беларускай асацыяцыі журналістаў прысутнічала 80 дэлегатаў ад суполак з усёй Беларусі.