Хроніка крызісу: 10—16 траўня

Дзеля “апэратыўнага рэгуляваньня сытуацыі” Нацбанк атрымаў права самастойна вызначаць памер абавязковага продажу валюты на ўнутраным рынку юрыдычнымі асобамі і прадпрымальнікамі. Да чаго гэта прывядзе? Чаму напярэдадні сэзону адпачынкаў няма попыту на пуцёўкі з выездам да мора? У якой ступені ад зьніжэньня платаздольнасьці насельніцтва цярпяць фэрмэрскія гаспадаркі?

У Беларусі зьмяняецца парадак валютнага рэгуляваньня. Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе Нацыянальнаму банку вызначаць для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў памер абавязковага продажу валюты на ўнутраным рынку. Пакуль што нарматыў складае 30% ад сумы валютнай выручкі. Як на новыя правілы абавязковага продажу валюты адрэагавалі эканамісты, прадпрымальнікі, прамыслоўцы?

“Прадпрымальнікі пакрыюць страты Нацбанку”, — заяўляе старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі прадпрымальнікаў Тацяна Казлоўская:

“Калі прадпрыемства прадавала банку, напрыклад, 30%, то курс быў значна меншы, чым калі б яно прадавала саму валюту. А астатнюю суму мы прадавалі па большым курсе. Цяпер гэтым указам прэзыдэнт разьвязаў рукі банку, каб банк мог усталяваць свае працэнтныя адносіны”.

Нацыянальны банк ужо пасьпяшаўся запэўніць, што не зьбіраецца зьмяняць цяперашні парадак ва ўзаемаадносінах са сваімі кліентамі, а зьяўленьне ўказу тлумачыць неабходнасьцю падтрымліваць гарантаваны аб’ём прапановы валюты і захоўваць золатавалютныя рэзэрвы.

Наступствы ўказу адчуюць на сабе найперш прыватныя прадпрыемствы — імпартэры. Так лічыць незалежны эканаміст Андрэй Юркоў:

“Імпартэрам стане горш працаваць. Які сэнс ім тут працаваць і не вывозіць адсюль свой капітал? Тут жа ўсё роўна яго забяруць, ці то на аграгарадкі якія загоняць. Ці дэвальвуюць. Вынік — болей сюды наагул ніхто свайго капіталу лішняга даваць ня будзе. Гэта будзе змушаць прадпрымальнікаў далей трымацца ад гэтай Беларусі й далей адсюль трымаць грошы”.

У фінансавым аддзеле заводу газавай апаратуры ў Наваградку кажуць, што зараз яны ў абавязковым парадку прадаюць 30% валюты. Загадчыца аддзелу спадарыня Ірына кажа, што ў крызіс зьменшыліся паступленьні валюты на прадпрыемства, бо продаж прадукцыі зьнізіўся. Наагул, зь яе слоў, зручней, калі валютай прадпрыемства можа распараджацца само.

“Было б нашмат зручней, каб прадпрыемства само шукала больш выгадны для сябе курс продажу валюты. Вось, да прыкладу, завод газавай апаратуры ў Берасьці, як сумеснае прадпрыемства, распараджаецца цалкам сам сваёй валютай і шукае выгадны для сябе курс продажу”.

Былы лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі лічыць, што дзяржава павінна вельмі ўважліва вызначыць, каму і колькі неабходна аддаваць валюты:

Валер Леванеўскі
“Зноў-такі павінны быць праведзены разьмежаваньні. Калі гэта прадпрыемства дзяржаўнае і прадае тавар на валютны рынак, то яно і павінна ў дзяржбюджэт прыносіць болей валюты, каб падтрымліваць эканоміку дзяржавы. А калі гэта прыватнае прадпрыемства зь невялікім абаротам, то, зразумела, няправільна адбіраць у яго апошнія грошы, бо яно, як правіла, ад дзяржавы не бярэ крэдытных рэсурсаў”.

Тым часам ад зьнешніх фактараў усё больш цярпяць іншыя суб’екты гаспадараньня. Фэрмэр Міхаіл Шруб з Турава перакананы: рэнтабэльнасьць гародніны, вырошчваньнем якой займаюцца многія фэрмэрскія гаспадаркі, сёлета зьнізіцца як мінімум удвая. Ужо сёньня цэны на гародніну з прычыны падзеньня платаздольнасьці істотна ўпалі:

“Значна скараціўся платаздольны попыт на прадукцыю ў тых, хто рэалізуе гародніну й непасрэдна зьвязаны з пакупнікамі. Рэальныя даходы насельніцтва зьменшыліся як мінімум на 30%. Але падзеньне коштаў абумоўлена ня толькі крызісам, яно яшчэ й каньюнктурнае. Часьцяком цэны на гародніну вагаюцца ў залежнасьці ад ураджаю ці неўраджаю, сытуацыі на сусьветных рынках. Зараз адно на другое наклалася — і мы маем даволі значнае падзеньне цэнаў”.

Фэрмэр кажа, што сёлета яму было больш складана запрашаць людзей на сэзонную працу, зьвязаную з вырошчваньнем гародніны — упершыню гаспадарка не падвышае плату.

Сям’я вядомай на Віцебшчыне грамадзкай актывісткі Ады Райчонак таксама трымае фэрмэрскую гаспадарку — 60 гектараў зямлі ў ваколіцах вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёну. Райчонкі вырошчваюць збожжавыя, гародніну, трымаюць бычкоў, кароў і сьвіней. Але вялікага прыбытку з фэрмэрства, паводле спадарыні Ады, цяпер няма:

“Толькі што сабе ўсё ёсьць: мяса, малако, гародніна А так — людзям заплаціць трэба, запчасткі дарагія, насеньне дарагое, угнаеньні таксама. Каб ня сын, я, апрача курачак, нічога б не трымала. А дзе сыну працу знайсьці? Недзе працаваць трэба”.

Сям’я Райчонкаў прадае вырашчанае збожжа Глыбоцкаму мелькамбінату, гародніну возяць у Полацак. А вось фэрмэры з усходняй Віцебшчыны лічаць за лепшае завезьці сваю прадукцыю ў Расею. Паводле фэрмэра Адама Сапежкі з Воршы, так лягчэй адолець наступствы крызісу:

А фэрмэру можна не плаціць хоць тры гады! Таму нашы фэрмэры вязуць свой ураджай у Смаленск.
“Калі здаеш на нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы, то яны банкруты поўныя, і паўстаюць праблемы з аплатай. Тады можна ўзяць даведку, што прадукцыя ад прыватнай асобы, а ня з фэрмэрскай гаспадаркі. У такім выпадку з табой абавязаны разьлічыцца цягам месяца, інакш — крымінальная справа. А фэрмэру можна не плаціць хоць тры гады! Таму нашы фэрмэры вязуць свой ураджай у Смаленск, там усё бяруць, і аплата на траціну большая, а то і ў два разы!”

Паводле Адама Сапежкі, беларуская дзяржава станам фэрмэрства цікавіцца мала. Таму вялікі ўраджай у гаспадарцы спараджае яшчэ большыя праблемы.

У траўні ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адбываюцца кірмашы турыстычных паслугаў. Больш як 700 дзяржаўных і прыватных кампаній прапаноўваюць разнастайны адпачынак за мяжой. Паводле першых вынікаў, попыт на замежны адпачынак значна скараціўся, а турыстычныя вандроўкі беларусаў пераарыентаваліся на таньнейшыя напрамкі.

У баранавіцкай фірме “Гарызонт-Тур” расказалі, што пакуль вялікага попыту на адпачынкі не назіраецца:

“І сёньня кожны дзень людзі ходзяць і цікавяцца, але пуцёўкі пакуль не купляюць. Цікавяцца Крымам, бо Крым недарагі. 7 чэрвеня робім першы заезд: 159 даляраў — праезд, пражываньне, плюс 60 тысяч турпаслуга. Далей ідзе па 240”.

Супрацоўніца фірмы кажа, што ў краіны Эўразьвязу баранаўцам сёньня выехаць складана: сярод даступных хіба што пуцёўка ў Баўгарыю — ад 400 эўра, плюс 60 эўра віза. А столькі грошай у горадзе амаль ніхто не зарабляе.

Мясцовыя жыхары скептычна глядзяць на магчымасьць сёлета адпачыць. Некаторыя адзначаюць, што суадносіны якасьці і коштаў зьмяніліся не на карысьць кліентаў:

“Зьмяніліся цэны, якія не адпавядаюць якасьці. У Турцыю я езьдзіў раней за 200 даляраў, а зараз там адпачынак каштуе 750 даляраў”.

Паводле падлікаў Міністэрства спорту і турызму, у 2009 годзе колькасьць беларускіх грамадзянаў, якія адпачываюць за мяжой, будзе скарачацца: шараговыя працаўнікі бяднеюць, і эканоміць на побытавых рэчах дзеля адпачынку за мяжой ім не выпадае.

Цэны на нерухомасьць у Беларусі зьніжаюцца, як і кошты будаўніцтва. Чыноўнікі тлумачаць, што будаўніча-мантажныя працы патаньнелі з прычыны зьніжэньня цэнаў на цэмэнт, шчэбень ды іншыя будматэрыялы. Але ці стала ў гэтых умовах жыльлё больш даступным для людзей?

Маладая слонімская сям’я з чатырох чалавек атрымала запрашэньне ў райвыканкам у пытаньні будаўніцтва кватэры. У выканкаме прапанавалі будавацца: 3-пакаёвая кватэра плошчаю каля 80 м² і коштам амаль 150 мільёнаў рублёў. 10% ад сумы трэба ўнесьці адразу, астатнія 90% выдае банк пад 5% гадавых. Спадарыня Натальля кажа, што і на такіх умовах будавацца нерэальна:

“Нават пазычыць гэтыя грошы мы ня можам, бо ў ніводнага са знаёмых такіх грошай няма. Зараз, да ўсяго, яшчэ крызіс эканамічны”.

Далей спадарыня Натальля падлічыла, што праз паўгода пасьля атрыманьня кватэры штомесяц неабходна вяртаць банку па крэдыце 956 тысяч рублёў:

“Дадайце, што жыць трэба за нешта, рабіць рамонт у голых сьценах, бо жыць у гэтай каробцы так ня будзеш. Трэба мэблю набыць, плаціць штомесяц за камунальныя паслугі. Трэба невядома які заробак мець…”

Муж спадарыні Натальлі працуе на мясцовай турбазе і атрымлівае штомесяц прыкладна 250-260 тысяч рублёў. Сама яна ў дэкрэтным адпачынку і на дваіх дзетак мае ў месяц 280 тысяч рублёў.

Спадарыня Натальля падлічыла: за 20 гадоў па крэдыце яна павінна выплаціць 94 мільёны рублёў, што складае кошт яшчэ адной двухпакаёвай кватэры.

Многія гомельскія будаўнікі, якія да нядаўняга часу знаходзілі сабе працу ў Расеі, зараз вяртаюцца на радзіму. У сувязі з крызісам і ў суседзяў на будаўніцтве зьменшыліся расцэнкі, пачасьціліся выпадкі нявыплаты заробкаў беларускім гастарбайтэрам.

Гаворыць спадар Уладзімер з Рагачова, які да апошняга часу працаваў на будоўлях Масквы:

“Складаней стала найперш з аплатай. Расцэнкі ўпалі ў Расеі. Грошы меншыя. І наагул, не стараюцца там аддаць грошы. Даюць па частках з затрымкаю. Затрымкі з грашыма. Ёсьць фірма, дзе я працаваў, дык яны па чатыры месяцы грошы затрымлівалі. Часткамі вяртаюць. Відаць, у банках пракручваюць”.

Суразмоўца кажа, што калі б была праца й годны заробак, то з большым задавальненьнем працаваў бы дома:

“Добрага там нічога няма. Ёсьць пастаяннае адчуваньне радзімы, туга па радзіме. Заехаў туды — быццам бы й працуеш, грошы зарабляеш, а дадому хочацца. Я хоць бы ямку якую выкапаў ці канаву пракапаў тут, у Рагачове. Заплацілі б мне нармальна, і я, ёлкі-палкі, нікуды б не паехаў”.

Але нават пры такім раскладзе шмат хто і надалей зьвязвае свой лёс выключна з працай у Расеі.

Разам з тым, на гэтым тыдні прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі ў часе справаздачы Аляксандру Лукашэнку заявіў: у эканоміцы Беларусі дасягнутая “стабілізацыя”. Па словах старшыні ўраду, назіраецца ажыўленьне ў прамысловай галіне, тэмпы росту вытворчасьці прадукцыі ў студзені-красавіку ў параўнаньні зь першым кварталам павялічыліся, інвэстыцыі ў асноўны капітал істотна ўзрасьлі. На перакананьне Сідорскага, гэта абумоўлена агульным ажыўленьнем фінансава-гаспадарчай дзейнасьці і ростам вытворчасьці ў падведамных арганізацыях.

“Мы паступова дадаем у працы эканомікі, замацоўваемся на зьнешніх рынках. У эканоміцы дасягнутая стабілізацыя”, — канстатаваў Сідорскі.