“Моладзь паказала свой гераізм”

Актывісты “Маладога фронту” падсумоўваюць вынікі маршу “За незалежнасьць”. Яны лічаць, што, нягледзячы на малую колькасьць удзельнікаў (маладафронтаўцаў было каля двух дзясяткаў чалавек) і дзеяньні спэцназаўцаў, ім удалося прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сваёй акцыі. Чаму ўдзельнікаў маршу было няшмат? Як ацэньваюць палітыкі і грамадзкія дзеячы ўчынак маладафронтаўцаў?

Актывісты “Маладога фронту” кажуць, што ня мелі ілюзіяў наконт таго, што на марш “За незалежнасьць” прыйдуць тысячы чалавек. У асноўным былі задзейнічаныя сябры менскай арганізацыі і берасьцейскай філіі. Каля дзясятку актывістаў былі затрыманыя прэвэнтыўна за некалькі гадзінаў да акцыі.

Паводле маладафронтаўцаў, падтрымаць марш “За незалежнасьць” выказвалі жаданьне прадстаўнікі такіх грамадзкіх аб’яднаньняў, як “Джынс за свабоду”, “Ініцыятыва” і “Эўрапейская кааліцыя”.

На Кастрычніцкую плошчу прыйшлі трое прадстаўнікоў “Эўрапейскай кааліцыі”, столькі ж ад моладзевых арганізацый і некалькі грамадзкіх актывістаў.

Наста Палажанка
Намесьніца лідэра “Маладога фронту” Наста Палажанка выказала сваю думку наконт гэтага:

“Мы й раней адзначалі, што не спадзяемся на тое, што прыйдуць тысячы і мільёны людзей. Я вельмі ўсьцешаная тым, што прыйшлі людзі, для якіх неабыякава слова „незалежнасьць“. Кожны, хто прыйшоў на плошчу, сваім удзелам бараніў нацыянальныя сымбалі і мову, якую адабралі падчас ганебнага рэфэрэндуму”.

Мікола Статкевіч
Апазыцыйны палітык, былы палітвязень Мікола Статкевіч: “Акрамя запалохваньня грамадзтва, ёсьць яшчэ адна матывацыя: беларусы — прыземленая і прагматычная нацыя. Яны гатовыя рызыкаваць толькі тады, калі будуць верыць, што іх рызыка дасьць нейкі канкрэтны плён, напрыклад, зьмену сытуацыі ў краіне.

А гэтая акцыя — маральная і вельмі рызыкоўная. На такую рызыку, каб паказаць сваю пазыцыю, гатовыя нямногія.

Гэта тым больш павялічвае вагу той мужнасьці і самаадданасьці, якая была ўчора прадэманстраваная“.

Сябры АГП не падтрымалі ініцыятыву “Маладога фронту”. Лідэр партыі Анатоль Лябедзька патлумачыў:

Анатоль Лябедзька
“Зараз дэмакратычным сілам трэба вызначыцца з прыярытэтамі. На погляд АГП, гэта папулярызацыя антыкрызісных прапаноў, якія выпрацавалі дэмакратычныя сілы ў каапэрацыі з эканамістамі, экспэртамі і г.д.

Патрэбная дыскусія, і мы гатовыя ў ёй удзельнічаць.

Што ж тычыцца акцый, то й падчас чарнобыльскага шэсьця я быў за тое, каб вынесьці акцыі за межы сталічнага кальца. Трэба ехаць у рэгіёны“.

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык быў на Кастрычніцкай плошчы і назіраў за ходам акцыі:

“На плошчу мы ішлі ўпяцёх, а дайшлі толькі з Аляксандрам Макаевым, бо было шмат супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. І, натуральна, тыя людзі, якія працуюць, маюць цяжкасьці для ўдзелу ў такіх акцыях.

Але акцыя была сэнсоўная, і беларуская моладзь паказала свой гераізм, ня даўшы беларускаму грамадзтву забыцца на трагічную дату“.



Нагадаем: 14 траўня а 6 вечара на Кастрычніцкай плошчы каля двух дзясяткаў актывістаў “Маладога фронту” былі ўзятыя ў кальцо спэцназаўцаў. Нягледзячы на гэта, яны разгарнулі нацыянальныя сьцягі і расьцяжкі. Маладыя людзі не далі выціснуць сябе ў бок вуліцы Інтэрнацыянальнай. Яны то сядалі на брук, то паднімаліся, счапіўшыся рукамі.

Больш за дзесяць чалавек затрымалі, але ўвечары ўсіх адпусьцілі.