Затрымалі віцебскага журналіста Уладзіслава Стараверава

Уладзіслаў Старавераў

Хлопец здымаў на відэакамэру, як людзі зьбіраюцца да крыжа на Ўсьпенскай горцы, каб разам памаліцца за ахвяраў Чарнобылю. Міліцыянтам не спадабалася, што яны таксама трапляюць у відэасюжэт.

Супрацоўнікаў міліцыі ў форме і ў цывільным каля Ўсьпенскага сабору было даволі шмат, частка зь іх была ў цывільным. Адзін зь міліцыянтаў таксама здымаў прысутных на відэакамеру. Аднак калі яны заўважылі, што іх здымае незалежны журналіст, два супрацоўнікі міліцыі павалілі хлопца на зямлю і пацягнулі, спрабуючы адабраць відэакамэру.

За Ўладзіслава Стараверава ўступіліся людзі, і міліцыянты былі вымушаныя паводзіць сябе больш карэктна: журналіст падняўся, і яго павялі ў Кастрычніцкі РАУС пад канвоем. У пастарунку ў спадара Стараверава адабралі тэлефон, таму пакуль не вядома, у чым канкрэтна яго вінавацяць.

Некалькі актывістак на чале з Тацянай Севярынец таксама пайшлі ў райадзьдзел міліцыі і напісалі скаргу на неапраўдана жорсткае абыходжаньне з Уладзіславам Стараверавым. Жанчын таксама апыталі пра акалічнасьці здарэньня.