Навошта вадамёты, калі яны любяць біць нагамі?

Аляксандар Лукашэнка

У інтэрвію агенцтву Ройтэрс кіраўнік Беларусі выказаўся за нармалізацыю стасункаў з ЗША пасьля адмены санкцый. Таксама ён адзначыў, што паляпшэньне дачыненьняў з Эўразьвязам яшчэ не набыло незваротнага характару.

А.Лукашэнка ня лічыць праграму “Ўсходняга партнэрства” альтэрнатывай Расеі. Маўляў, “ня трэба гэта зьвязваць зь нейкім разваротам, паваротам. Калі на саміце ў Празе будуць сустракацца ворагі Расеі, то нам там рабіць няма чаго”. Таксама А.Лукашэнка заявіў, што ў кіраўніцтва краіны няма плянаў уступленьня ў ЭЗ. Камэнтуючы гэтыя заявы, лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч заўважыў:

Аляксандар Мілінкевіч
“Я думаю, што такая рыторыка будзе захоўвацца, каб не спалохаць Расею. Рыторыка на захаваньне цесных адносінаў з Расеяй. Мая думка, што Расея мусіць быць стратэгічным партнэрам для Беларусі ў будучыні. Але я ня бачу магчымасьці гаварыць пра адзіную, саюзную дзяржаву і ўдзельнічаць ва “Ўсходнім партнэрстве”. Гэта несумяшчальныя праграмы. І для мяне супольная дзяржава з Расеяй — гэта шлях да паглынаньня нашай краіны і ліквідацыі яе сувэрэнітэту. А праграма “Ўсходняга партнэрства”, наадварот, гэта ўзмацненьне незалежнасьці краіны. Праграма “Ўсходняга партнэрства”, безумоўна, набліжае нас да гэтага шансу — уступленьня ў Эўразьвяз. Я прыхільнік уступленьня ў Эўрапейскую ўнію”.

Паводле кіраўніка Беларусі, стасункі з ЭЗ “яшчэ не набылі незваротнага характару ў пляне паляпшэньня”, але ёсьць вельмі станоўчыя тэндэнцыі. Маўляў, на захадзе зразумелі контрапрадуктыўны характар палітыкі ізаляцыі Беларусі. А.Лукашэнка заявіў, што 12 умоваў Эўразьвязу адносна Беларусі “наіўныя і непрымальныя”, і абвінаваціў Эўропу ў выкарыстаньні дваістых стандартаў. Наконт гэтага старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што лічыць сытуацыю ў Беларусі пэрспэктыўнай для магчымых зьменаў. У тым ліку зыходзячы з таго, што “значная колькасьць грамадзтва гатовая падтрымліваць пазытыўную альтэрнатыву, прапанаваную апазыцыяй”.

Анатоль Лябедзька
“Эўропа ўсё ж абрала няправільную тактыку ва ўзаемадачыненьнях з Лукашэнкам. Гэтая тактыка дае Лукашэнку прэфэрэнцыі. Яна дазваляе яму дамінаваць у двухбаковым дыялёгу і валодаць ініцыятывай. Лукашэнка кожнай сваёй заявай праводзіць тэст — дзе палягаюць межы дазволенага? Яшчэ Лукашэнка ня выйшаў на межы, дзе пачынаецца рэакцыя Эўропы на гэтыя выказваньні. І ў гэтым ёсьць слабасьць Эўропы. Парадоксы працягваюцца. Слабеючы, Лукашэнка дамінуе ў дыялёгу і фактычна навязвае свае ацэнкі сытуацыі і самога дыялёгу для бальшыні эўрапейскіх палітыкаў”.

Паводле А.Лукашэнкі, заканадаўства ў Беларусі лепшае, чым у краінах Эўразьвязу. Ён заявіў, што “дыктатар Лукашэнка ніводнага разу не прымяніў сьлезацечны газ і вадамёты”.

СЛУХАЦЬ:


Камэнтуючы гэта, праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў:

Валянцін Стэфановіч
“А навошта прымяняць вадамёты, калі яны любяць кантактны бой? Яны жорстка зьбіваюць дэманстрантаў дубінкамі, нагамі, рукамі. А наконт газу, то ў 1996 годзе, дакладна памятаю, на “Чарнобыльскім шляху” я сам быў атручаны газам з балёнчыка. І ў 2006 годзе, калі дэманстрацыя з Казуліным пайшла на Акрэсьціна. Тады прымянялі газ, шумавыя, выбуховыя гранаты. Калі ён хоча сказаць, што дэманстрацыі ў нас праходзяць мірна і іх не разганяюць, дык гэта вялікая хлусьня. Па-першае, дэманстрацыі нельга правесьці адпаведна закону, бо яны не даюць дазволу на іх правядзеньне”.

Таксама кіраўнік Беларусі выказаўся за нармалізацыю стасункаў з ЗША, але пасьля адмены санкцый, уведзеных адносна шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Маўляў, калі пасол вернецца для таго, каб краіна працягнула санкцыі супраць Беларусі, то навошта гэты пасол і пасольства? У зьвязку з гэтым намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў:

Вінцук Вячорка
“Санкцыі супраць прадпрыемстваў, якія сапраўды важныя для А.Лукашэнкі, цяпер прыпыненыя. І мы бачым, што гэтыя санкцыі далі свой плён у выглядзе вызваленьня палітвязьняў летась. Я думаю, што гэта спроба Лукашэнкі пазьбегнуць прапановаў паляпшаць стасункі крок за крокам. Ён гэтага баіцца. Яму спадабалася ўсёдаравальнасьць некаторых эўрапейскіх чыноўнікаў. Ён хацеў бы гэтак сама гаварыць з амэрыканцамі і з усім іншым дэмакратычным сьветам. Аднак я думаю, што ўсе аб’ектыўныя палітыкі не маглі не заўважыць, што Беларусь крокаў дзеля свабоды народу, умацаваньня незалежнасьці, для разьняволеньня ініцыятывы за апошнія паўгода не зрабіла пад кіраўніцтвам Лукашэнкі”.