Мартынаў наведае Латвію

Сяргей Мартынаў

Як паведамляюць латвійскія мэдыі, кіраўнік беларускага МЗС прыбудзе ў Рыгу 22 красавіка. У рамках візыту заплянаваныя некалькі перамоваў з высокімі латвійскімі чыноўнікамі, уключна зь міністрам замежных спраў Марысам Рыекстыньшам і прэм’ер-міністрам Валдысам Дамброўскісам.

Таксама паведамляецца, што гэта першы за апошнія 11 гадоў візыт кіраўніка беларускага замежнапалітычнага ведамства ў Латвію.

Паводле прэсавай службы латвійскага МЗС, адна з галоўных тэмаў двухбаковых перамоваў – эканамічныя праблемы. Таксама размова будзе ісьці пра дачыненьні Беларусі і ЭЗ, асабліва ў рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”.

Сярод дакумэнтаў, якія мяркуецца падпісаць у часе сустрэчаў, пагадненьні аб бязьвізавым рэжыме паміж жыхарамі абедзьвюх краін. Згодна з дакумэнтам, які ўжо падрыхтаваны для падпісаньня, бліжэйшым часам бязьвізавыя паездкі ў абедзьве краіны могуць рабіць жыхары беларускіх і латвійскіх рэгіёнаў, якія жывуць у 35-ці кілямэтрах ад мяжы.