Функ хоча дапамагчы Зэльцэру хутчэй вызваліцца

Уладлена Функ

Сакратарка амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра Ўладлена Функ, якая адбыла год у калёніі ў Беларусі паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы і падробцы дакумэнтаў, паінфармавала ўлады ЗША аб умовах утрыманьня ў беларускіх турмах. У інтэрвію БелаПАН яна паведаміла, што яе спэцыяльна для гэтага выклікалі ў Дзярждэпартамэнт і Кангрэс.

Уладлена лічыць, што выйшла на волю ў выніку "збою ў беларускай сыстэме". Яна не змагла расказаць падрабязнасьці справы, па якой была асуджаная, бо справа мае статус дзяржаўнай тайны, і з яе ўзятая падпіска аб неразгалошваньні.

"Але за мяне гавораць факты: як чалавек можа ўчыніць крымінальнае злачынства ў краіне, дзе ніколі не быў? Першы ж крок — і ты ў КДБ", — зазначыла Функ.

Год, праведзены ў беларускіх турмах, яна ацаніла як "цяжкі", назваўшы сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску "самай страшнай карцінай у жыцьці". Суд, паводле слоў Функ, "быў абсалютным фарсам".

Уладлена паведаміла, што двойчы за год бачыла Эмануіла Зэльцэра, стан якога яна ахарактарызавала як цяжкі.

"Пасьля свайго вызваленьня я хачу дапамагчы Эмануілу выйсьці як мага хутчэй, дапамагчы яго адвакатам і сваякам зрабіць усё магчымае для гэтага. Самі разумееце, я там была, я ведаю, як там цяжка, ведаю, што кожны дзень, там праведзены, такі цяжар! Чалавек гэтага не заслугоўвае. Тым больш, калі ён сядзіць незаконна і за злачынствы, якіх не ўчыняў", — заявіла Функ.

Яна падкрэсьліла, што дагэтуль не атрымала на рукі копію абвінавальнага прысуду і не можа абскардзіць дзеяньні беларускіх уладаў, якія лічыць незаконнымі.

31-гадовая Уладлена Функ мае расейскае грамадзянства, жыве ў ЗША і зьяўляецца сакратаром амэрыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра. Разам з Зэльцэрам яна была затрыманая ў Менску 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня Менскі гарадзкі суд прызнаў іх вінаватымі ў выкарыстаньні заведама фальшывых дакумэнтаў і замаху на камэрцыйны шпіянаж. Зэльцэр быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўленьня волі, Функ — да аднаго года. 31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуды ў сіле. Усе судовыя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме.

12 сакавіка гэтага года Функ вызвалілася і адразу ж з гомельскай папраўчай калёніі была зьмешчаная ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе знаходзілася больш за тыдзень. Ёй не далі магчымасьці пакінуць Беларусь добраахвотна і толькі 20 сакавіка прымусова выслалі з краіны на падставе таго, што Функ нібыта уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Ёй забаронена наведваць Беларусь 10 гадоў.