У Менску прэзэнтавалі “Акрэсьцінскія будні”

18 сакавіка ў Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі “Акрэсьцінскія будні”. Дзесяць аўтараў прапануюць увазе свае ўспаміны пра арышт у сумнавядомай турме — спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Менавіта там адбываюць пакараньне затрыманыя актывісты дэмакратычнага руху за ўдзел у вулічных акцыях ці прэвэнтыўна затрымліваюцца паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве.

У кнізе “Акрэсьцінскія будні” сваімі ўспамінамі дзеляцца Андрэй Баранаў, Вольга Кузьміч, Уладзімер Мікалаеў, Алесь Каліта, Франак Вячорка, Анатоль Лябедзька, Антон Каліноўскі, Кацярына Галіцкая, Сямён Печанко і Ільля Богдан. Алесь Марачкін пра знакамітую турму напісаў нават паэму.

У прыватнасьці, мастак прыгадаў свой пяцісутачны арышт, калі яго летась напярэдадні Дня Волі затрымалі міліцыянты ў майстэрні. У Алеся Марачкіна тады забралі падрыхтаваныя плякаты і расьцяжкі на дазволенае ўладамі мерапрыемства. У міліцыі на яго склалі пратакол, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве. Паводле міліцыянтаў, Алесь Марачкін брудна на іх лаяўся.

Антон Каліноўскі, Алесь Марачкін, Алесь Бяляцкі на прэзэнтацыі “Акрэсьцінскіх будняў”


Калі мастак адбываў арышт, яго прывялі да кіраўніка ўстановы і той спытаў — ці ёсьць у мастака скаргі на ўмовы ўтрыманьня? Алесь Марачкін прыгадаў тую размову:

“Я хацеў адсунуць крэсла. Якое было дзіва, што яно было прыкручанае! Я крануў стол, а ён таксама прыкручаны да падлогі!

Як мастака мяне зьдзівілі дзьверы знутры камэры. Там напісаныя лёзунгі: “Жыве Беларусь!”, “Малады фронт”… Безумоўна, яны кожны раз фарбаваліся, але рэльеф, як ні фарбуй, ён усё роўна праяўляецца“.

Ільля Богдан казаў, што ў кожным выпадку былі й сьмешныя моманты. Гэта дапамагала трымацца ў жудасных умовах разьмеркавальніка:

“Сядзелі ў 17-ай, насупраць камэра 20. Там сядзелі жанчыны. А побач з намі, у 18-й камэры сядзелі “бытавікі”, якія з розных прычынаў трапілі на Акрэсьціна.

Уначы мы чуем, як камэра, якая побач, вядзе перамовы з жаночай. Там нейкі Коля крычыць: “Галя!”. Адтуль: “А?”. Ён: “Ты сьпіш?”. Адтуль: “Ну, зьбіраюся. А ты?”. Ён: “А я «тусавацца» буду”.

Укладальнік кніжкі Антон Каліноўскі напісаў дзёньнік свайго знаходжаньня на Акрэсьціна. Летась 16 студзеня яго затрымалі ў будынку суду Цэнтральнага раёну разам з актывістамі моладзі БНФ. Міліцыянты патлумачылі, што хлопец папросту трапіў пад “раздачу”.

“Было хваляваньне, што, магчыма, нехта піша ў стол, нехта піша і згубіць, нехта ў найлепшым выпадку гэта занатуе ў інтэрнэце. Вельмі хацелася, каб усе гэтыя дзёньнікі былі зьмешчаныя пад адной кніжкай, каб людзі маглі прачытаць і атрымаць уражаньне пра тыя ўмовы, у якіх знаходзяцца палітзьняволеныя ў Беларусі”.

Уступ да “Акрэсьцінскіх будняў” напісаў праваабаронца Алесь Бяляцкі.

“Я вызначыў некалькі момантаў, якія падаліся мне даволі цікавымі, калі кніжка была ўжо створаная. Па-першае, гэта, сапраўды, унікальнае выданьне. Нічога падобнага ў нас не было. Што цікава? Што людзі пісалі пра адно і тое ж. Гэта, як, напрыклад, дзесяць мастакоў пішуць адну і тую ж натуру. Потым атрымліваецца 10 этудаў, і ўсе яны розныя. Вось гэткім жа чынам атрымалася і з успамінамі аўтараў гэтых эсэ”.

Аўтары ўспамінаў параілі ўсім апазыцыянэрам, якія пабывалі на Акрэсьціна таксама напісаць кароткія нарысы.