Полацак можа застацца бязь Леніна

Полацкія актывісты распачалі збор подпісаў за дэмантаж помнікаў Леніну, якіх у Полацку ад савецкіх часоў засталося два.

Паводле сябра стваранай партыі БХД і актывіста кампаніі “Маладая Беларусь” Алеся Круткіна, акцыя “Полацак — бязь Леніна” стартавала толькі ўчора, але за гэтую ініцыятыву аддалі свае подпісы ўжо каля сотні мясцовых жыхароў.

Мяркуецца, што збор подпісаў будзе працягвацца да 22 красавіка — дня народзінаў Уладзімера Леніна. Потым патрабаваньні “ліквідаваць помнікі заснавальніку антычалавечай, камуністычнай, атэістычнай і агрэсіўна настроенай дзяржавы” — так напісана ў падпісных аркушах — будуць перададзеныя старшыні Полацкага гарвыканкаму Ўладзімеру Тачылу.

Мясцовыя актывісты плянуюць таксама правесьці пікет 22 красавіка, калі гарадзкія ўлады дадуць на гэта дазвол. Верагодна, акцыя адбудзецца каля аднаго з помнікаў Леніну — або таго, які стаіць каля чыгуначнага вакзалу, або ў гарадзкім парку, дзе скульптура пралетарскага правадыра стаіць насупраць помніка Сімяону Полацкаму. На думку Алеся Круткіна, гэтае суседзтва выглядае недарэчна.