“Выплачваем незаробленае”

На бабруйскім заводзе тармазной апаратуры й мэханізмаў аб’ёмы вытворчасьці за апошні час зьнізіліся ўдвая. Працаўнікі занятыя толькі тры дні на тыдзень.
Цяжкасьці на заводзе яго кіраўніцтва зьвязвае з падзеньнем попыту на беларускую аўтатэхніку на замежных рынках.

Семдзесят працэнтаў прадукцыі пастаўляецца на Менскі аўтамабільны завод.

“Нашыя аб’ёмы залежаць ад працы Менскага аўтамабільнага заводу. А мы ведаем, што на МАЗе сытуацыя дужа складаная, а БелАЗ наагул фактычна стаіць. Мы працуем у асноўным на беларускі рынак. На восемдзесят працэнтаў мы камплектуем беларускае машынабудаваньне. За мяжу мы пастаўляем толькі запасныя часткі. Па запасных частках у нас было зьніжэньне аб’ёмаў продажу ў тры разы”, — тлумачыць сытуацыю на заводзе прадстаўнік адміністрацыі.

Паводле суразмоўцы, у лютым на заводзе спадзяюцца прадаць да сямідзесяці працэнтаў запасных частак. Аднак, прызнае ён, эканамічнае становішча прадпрыемства цяжкое:

Няма вытворчасьці — няма заробкаў, а мы працягваем выконваць сацыяльныя гарантыі.
“Так, у нас скарочаны працоўны тыдзень. Мы сёньня працуем па тры дні. Аб’ём вытворчасьці ўпаў у два разы. Увесь сьвет цывілізаваны робіць правільна. Няма вытворчасьці — няма заробкаў, а мы працягваем выконваць сацыяльныя гарантыі. Працягваем выплачваць незаробленыя заробкі. А гэта яшчэ больш пагаршае фінансавае становішча. Дзякуй богу, наш завод не працуе на склад”.

На бабруйскім заводзе спадзяюцца на заказы сельскага машынабудаваньня. Гаворыць прадстаўнік адміністрацыі:

“Там ёсьць дзяржаўныя праграмы. Там ёсьць вэнэсуэльскія заказы вялікія. На Аграмашы, на Сельмашы, Гомсельмашы заказы зь мінулага году, зьнешнеэканамічныя кантракты, заключаныя зь мінулага году, засталіся”.