На катынскім расстрэле Расея паставіла крыж

Падчас эксгумацыі масавага пахаваньня польскіх афіцэраў

Вайсковая калегія Вярхоўнага суду Расеі прызнала законным рашэньне пра спыненьне крымінальнай справы аб масавых забойствах афіцэраў польскага войска ў 1940 годзе каля вёскі Катынь. Расстрэлы былі санкцыянаваны тагачасным кіраўніцтвам СССР.

Вышэйшая судовая інстанцыя пастанавіла, што для разгляду катынскага расстрэлу павінна выкарыстоўвацца не цяперашняе заканадаўства Расеі, а крымінальны кодэкс Савецкага Саюзу ад 1926 году. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам крымінальны перасьлед недапушчальны, калі з моманту злачынства мінула больш за дзесяць гадоў.

Расейскі Вярхоўны суд зацьвердзіў шматлікія папярэднія рашэньні ніжэйшых судовых інстанцыяў, якія адмаўлялі заяўнікам у расьсьледаваньні абставінаў расстрэлу польскіх вайскоўцаў. Гаворыць дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсій, сябра Міжнароднага праваабарончага таварыства “Мэмарыял” Ігар Кузьняцоў:

Ігар Кузьняцоў
“Заўсёды адмаўлялі паводле фармальных прычын: "Мэмарыял" зьвяртаецца — кажуць, што грамадзкая арганізацыя ня можа зьвяртацца, могуць толькі сваякі расстраляных. Калі зьвярнуліся непасрэдна сваякі шасьці расстраляных у Катыні, то наступнай падставай сталася, што катынская справа складае 180 тамоў і гэтак далей. Усё ішло з нарастаньнем, і цяперашняе рашэньне Вярхоўнага суду — гэта рашэньне не юрыдычнае, а палітычнае”.

Спыненьне ўладамі Расеі расьсьледаваньня катынскага расстрэлу мастак Аляксей Марачкін параўноўвае з занядбаньнем справы ўшанаваньня памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі:

“Расея даўно абвясьціла, што яна — пераемніца Савецкага Саюзу. І заяўляць так, што мы адказнасьці не нясём, а нясе Савецкі Саюз — гэта вялікае фарысэйства. Тут ёсьць паралелі і аналёгіі адносна Курапатаў: затрымалі вандалаў — і дагэтуль іх ніхто не пакараў. Займацца “Лініяй Сталіна” яны могуць, а вось гэтыя пакуты, гэтыя расстрэлы, гэты гвалт над людзьмі — іх нібыта і не хвалюе. Гэта вельмі трывожны сымптом”.

У лесе каля вёскі Катынь пад Смаленскам савецкія карныя органы расстралялі каля 4,5 тысяч вайскоўцаў польскай арміі, захопленых у палон савецкімі войскамі ўвосень 1939 году. Сярод закатаваных былі і беларусы, прызваныя ў польскае войска з тэрыторыі Заходняй Беларусі. Шырокай грамадзкасьці гэты факт стаў вядомы напрыканцы 80-х. У сярэдзіне 90-х там паўстаў мэмарыял. Спыненьне крымінальнай справы палітоляг Валеры Булгакаў пракамэнтаваў гэтак:

Валеры Булгакаў
“Што гэта практычна азначае? Расея сапраўды не жадае плаціць па ранейшых рахунках — гэта па-першае. Па-другое, гэтае рашэньне мае яшчэ іншы, фінансавы падтэкст. Бо калі б гэтае рашэньне было прынятае на карысьць людзей, чые сваякі загінулі ў Катыні, то для сучаснай Расеі гэта азначала б судовыя пазовы на мільёны ў замежнай валюце. Гэтае рашэньне каньюнктурнае і накіраванае таксама на абяленьне трагічных старонак расейска-імпэрскай спадчыны”.

Тым часам польскія навукоўцы працягваюць высьвятляць абставіны гібелі ў ліпені 1943 году генэрала Ўладзіслава Сікорскага, які кіраваў урадам Польшчы на выгнаньні. Генэрал Сікорскі зьвінаваціў у катынскім расстрэле НКУС і разарваў адносіны з СССР.

У верасьні 2007 году на экраны выйшаў фільм вядомага польскага кінарэжысэра Анджэя Вайды “Катынь”, які распавядае пра катынскую трагедыю. Прэзэнтацыя “Катыні” адбылася ў Менску, аналягічныя імпрэзы маюць прайсьці таксама ў іншых гарадах Беларусі.