Дэтэктар хлусьні праўду кажа?

Былы палітвязень, адзін са стваральнікаў руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч нядаўна спазнаў на сабе даволі рэдкую ў праваахоўных органах працэдуру — праверку на дэтэктары хлусьні. Ці варта пагаджацца на прапанову прайсьці гэткую праверку, ці дадае яна яснасьці ў раскрыцьці крымінальных спраў і ці адпавядае канстытуцыйным правам беларусаў?

Вобраз дэтэктара хлусьні звыкла выкарыстоўваецца як у як дэтэктывах, гэтак і ў якасьці забаўляльнага элемэнту ва ўсялякіх тэлешоў. Часьцяком праверку на паліграфе (гэта навуковая назва прылады) вымушаны праходзіць кандыдаты на вакансіі ў фінансавай сфэры. Права адмовіцца ад працэдуры чалавек мае, але тады можа ўзьнікнуць пытаньне, што ён хавае ад працадаўцы?

Гісторыя паліграфа пачалася з італьянскага фізіёляга Анджэля Моса, які ў 1877 годзе высьветліў узаемасувязь паміж вобразамі, якія выклікаюць у аб’екта досьледу страх, і частатой сардэчных рытмаў. Праз 4 гады італьянскі крыміналіст Лямброза ўпершыню пачаў выкарыстоўваць гэтае адкрыцьцё пры допытах падазраваных у злачынстве.

Сёньняшні паліграф — гэта прылада, якая фіксуе тры фізіялягічныя паказьнікі: пульс, дыханьне і потавыдзяленьне. Мяркуецца, што хваляваньне зьвязана зь “непрыемнымі” пытаньнямі, у якіх, магчыма, чалавек ня кажа праўды.

Артур Фінькевіч
Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч атрымаў ад сьледчага прапанову прайсьці праверку на дэтэктары хлусьні ў часе пяцігадзіннага допыту ў якасьці пацярпелага. Летась 19 сьнежня ля пад’езду дому, дзе хлопец здымаў кватэру, невядомыя зьбілі яго з ног, укінулі ў машыну і завезьлі пад Валожын. Дабраўшыся да Менску, Артур зьвярнуўся ў міліцыю:

“Мне ў настойлівай форме прапанавалі прайсьці дэтэктар хлусьні. Я запытаўся, ці магу я ад гэтага адмовіцца. Мне сказалі, што магу, але гэта будзе сьведчыць пра тое, што я нешта хаваю альбо нават баюся”.

Каб даказаць, што не баіцца, Артур пагадзіўся і не шкадуе пра гэта. Хіба што, разважае ён, варта было запатрабаваць прысутнасьці адваката, бо пытаньні, якія яму задавалі, у большасьці не датычылі сутнасьці справы:

“Напрыклад, а ці рабілі вы якія-небудзь злачынствы, за якія вы не адказвалі ў судзе? І ідзе пералік: ці пакідалі вы месца ДТЗ, ня выклікаўшы супрацоўнікаў ДАІ, ці кралі, ці ўжывалі наркотыкі, ці рабілі дзеяньні, якія кваліфікуюцца як махлярства”?

Таксама, магчыма, у прысутнасьці адваката працэдура не зацягнулася б на 2 гадзіны, мяркуе Артур. Але, паводле слоў адваката Паўла Сапелкі, правілаў, якія рэглямэнтуюць праверкі на дэтэктары хлусьні, няма:

Павал Сапелка
“Гэта наагул не зьяўляецца дапушчальным доказам віны, а таму крымінальна-працэсуальным кодэксам не прадугледжана”.

Што да сусьветнай практыкі, то адрозьніваюць некалькі схемаў, паводле якіх робяцца дасьледаваньні на паліграфе. Розьніца — у прынцыпе падбору пытаньняў, якія задаюць у рознай пасьлядоўнасьці і на розныя тэмы.

Допыт Артура Фінькевіча быў першым выпадкам выкарыстаньня дэтэктара хлусьні ў практыцы сьледчага.
З словаў сьледчага Зьмітра Сьмірнова, які праводзіў допыт Артура Фінькевіча, у ягонай практыцы гэта быў першы выпадак выкарыстаньня дэтэктара хлусьні:

“Мы маем права праводзіць праверку дэтэктарам хлусьні, але доказам вынікі яе не зьяўляюцца. У сваёй практыцы я наагул гэта не выкарыстоўваю”.

“То бок выпадак зь Фінькевічам быў адзіны?”

“Так, скажам…”

У чым жа сэнс правядзеньня працэдуры, якая ня будзе лічыцца доказам у судзе? Сьледчы Сьмірноў кажа, што праверка на дэтэктары хлусьні дазваляе сфармаваць больш дакладнае меркаваньне пра чалавека, які гэтую праверку прайшоў ці адмовіўся праходзіць. На думку былога супрацоўніка КДБ Валерыя Косткі, экспэрта ў праблематыцы спэцслужбаў, страшыцца дэтэктараў хлусьні ня варта:

Гэта, хутчэй, мера псыхалягічнага ўзьдзеяньня на чалавека.
“Працэсуальна не зьяўляецца доказам віны вынік гэткай праверкі. Гэта, хутчэй, мера псыхалягічнага ўзьдзеяньня на чалавека. Ён пачынае хвалявацца, — вось, маўляў, я нешта ня тое зрабіў, нешта недзе, ой-ой-ой… І пачынаюць яго дрэнны і добры сьледчы расьцягваць на кавалкі”…

На думку Валерыя Косткі, грамадзяне Беларусі часта становяцца ахвярай уласнай прававой непісьменнасьці:

“Проста трэба чытаць законы, асабліва Канстытуцыю. У Канстытуцыі, дарэчы, вельмі шмат напісана ўсяго разумнага, проста мы яе ня ведаем і правы ўласныя не выкарыстоўваем”.

Валянцін Стэфановіч
У прыватнасьці, кажа намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна-96” Валянцін Стэфановіч, у зьвязку з праверкай на дэтэктары хлусьні варта згадаць 27 артыкул Канстытуцыі:

“Артыкул 27 Канстытуцыі гарантуе кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь права не даваць тлумачэньні, паказаньні супраць сябе самога і сваіх блізкіх сваякоў. Гэта значыць, што нават у статусе сьведкі чалавек успрымае пытаньне як скіраванае супраць яго самога, што адказ на пытаньне можа нанесьці шкоду яму ці ягоным сваякам, ён мае права адмовіцца даваць паказаньні нават у якасьці сьведкі”.

Псыхоляг Жанна Міцкевіч лічыць, што калі праходзіць дэтэктар хлусьні “ні з пушчы, ні з поля”, каэфіцыент карыснай дзейнасьці будзе нізкі:

“Дэтэктары хлусьні варта выкарыстоўваць, калі гэта ў справе патрэбна. Але перад гэтым дасьледаваньнем важна выявіць індывідуальныя асаблівасьці чалавека. Гэта рабіць павінен спэцыялізаваны псыхоляг паводле адмысловых мэтодык. Тады гэта будзе апраўдана”.