Працадаўцы аддаюць перавагу манкуртам

Лепш каб кандыдаты на працу ня ведалі, што гэта за літара.

Беларуская мова — ня той тавар, які добра прадаецца. Так патлумачыла маладой спэцыялістцы Вользе Ўсьціновіч мэнэджэр адной зь менскіх агенцыяў па падборы кадраў. І параіла дзяўчыне зьняць гэты пункт са свайго рэзюмэ.

Выпускніца адной з прэстыжных менскіх ВНУ Вольга Ўсьціновіч знайшла абвестку пра працу, для якой, яна лічыць, мае адпаведную адукацыю і практычны досьвед. Але гэта была абвестка не самога працадаўцы, а пасярэдніцкай агенцыі, якая займаецца падборам кадраў. Вольга адправіла туды сваё рэзюмэ і атрымала запрашэньне на сумоўе. Спадарыня Ўсьціновіч працягвае:

“Калі мы дайшлі да пункту зь беларускай мовай — там былі і пункты з замежнай мовай, але я пазначыла, што і добра размаўляю па-беларуску — то дзяўчына з агенцыі сказала мне, што каб не было лішніх пытаньняў, можа, лепш прыбраць гэты пункт. Вы ж, маўляў, нармальна размаўляеце і па-расейску — а я проста на сумоўі размаўляла па-расейску — таму што гэта можа выклікаць лішнія пытаньні ў працадаўцаў”.

Мэнэджэр сказала Вользе Ўсьціновіч, што беларуская мова ня ёсьць тым таварам, які карыстаецца попытам, і таму пра яе і ня трэба згадваць. Але больш за ўсё дзяўчыну ўразіла нават не прапанова выкрасьліць гэты пункт рэзюмэ, а наступнае прызнаньне мэнэджэра па працаўладкаваньні:

Калі рэзюмэ напісана па-беларуску, то яны на яго нават зьвяртаць увагі ня будуць.
“Больш за ўсё крануў той факт, што калі рэзюмэ напісана па-беларуску, то яны на яго нават зьвяртаць увагі ня будуць, бо навошта загружаць сабе галаву ды яшчэ сядзець і перакладаць”.

Вольга не называе каардынаты гэтай агенцыі, бо мяркуе, што яе супрацоўніца давала парады, хочучы ёй дапамагчы. У выніку так і атрымалася — нягледзячы на тое, што да іншых ведаў і здольнасьцяў Вольгі заўваг не было, на працу яе не ўзялі.

Мэнэджэр іншай кадравай агенцыі Іна кажа, што сутыкалася ў сваёй практыцы з такой рэакцыяй на беларускамоўных кандыдатаў на працу. Сытуацыю з Вольгай Усьціновіч яна пракамэнтавала так:

“Што тычыцца паведамленьня, што ўвогуле не чытаюць рэзюмэ па-беларуску, то гэта ўзровень інтэлекту той кадравай службы. Што ж тычна беларускай мовы, то гэты пункт уносіць адценьне палітычнасьці. Такая ў нас рэчаіснасьць. Мы можам казаць, што ўсё павінна быць ідэальна і нельга на гэта зважаць, ці што гэта ня можа быць прычынай адмовы, але рэальнасьць у тым, што могуць па гэтай прычыне адмовіць у працы”.

Спадарыня Іна паведаміла таксама, што час ад часу сутыкаецца з патрабаваньнем працадаўцаў, каб кандыдаты, якія прыходзяць у кадравыя службы, абавязкова запаўнялі пункт аб удзеле ў палітычных і грамадзкіх арганізацыях.