У Беларусі індэкс бізнэс-клімату склаў мінус 13,1%

У Беларусі індэкс бізнэс-клімату (ІБК), разьлічаны Нацыянальным банкам у цэлым па галінах эканомікі, зьнізіўся ў лістападзе 2008 года адразу на 24,5% у параўнаньні з кастрычнікам — да мінус 13,1% і ўпершыню апусьціўся за адмоўную рысу.

Пра гэта гаворыцца ў Маніторынгу прадпрыемстваў рэальнага сэктару Беларусі, падрыхтаваным Нацбанкам па выніках адзінаццаці месяцаў 2008 году, паведамляе БелаПАН.

Пры гэтым зьвяртае на сябе ўвагу імклівае падзеньне індэксу бізнэс-клімату на працягу апошніх некалькіх месяцаў — з плюс 38,8% у чэрвені да мінус 13,1% у лістападзе.

Індэкс бізнэс-клімату (ІБК) уяўляе сабой інтэграваны паказчык ацэнак фактычнай і чаканай дынамікі вытворчасьці прадукцыі (работ, паслуг) і попыту на прадукцыю (работы, паслугі).

У маніторынгу зазначана, што ў сьнежні 2008 году — лютым 2009 году прадпрыемствы чакаюць замаруджваньня росту фізычнага аб'ёму вытворчасьці, попыту, цэн і колькасьці занятых. Пры гэтым узрасьце патрэбнасьць у крэдытаваньні.