Разьліковыя цэнтры банкаў у Магілёве зачыненыя

Ашчадная каса на цэнтральнай магілёўскай вуліцы Першамайскай, ля гарвыканкаму, сёньня была зачыненая без тлумачэньня прычыны

У першы дзень пасьля скачку даляра ў Магілёве не працуюць аддзяленьні “Беларусбанку”. На адным зь іх у цэнтры гораду вывешаная абвестка: “Кліенты не абслугоўваюцца”.

Разьлікова-касавы цэнтар “Белаграбанку” на праспэкце Міру таксама сёньня не працуе. Паводле абвесткі, да 4-га студзеня тут адбываецца рэарганізацыя ў сувязі з заканчэньнем працоўнага году.

Асноўныя гандлёвыя цэнтры ў Магілёве працуюць. Але прадпрымальнікі ўстрымліваюцца ад камэнтароў наконт імклівага росту замежнай валюты.

Гарадзкія гандлёвыя цэнтры сёньня працавалі, аднак прыкладна палова павільёнаў тут была зачыненая. Прадпрымальнікі пераацэньваюць тавар у бок падвышэньня. Адзін зь іх кажа:

“Пераацэнка ў бок падвышэньня, бо кошт валюты — даляра, эўра, расейскага рубля — павялічваецца, а людзі набываюць тавар за валюту. То, натуральна, сабе на шкоду працаваць ня будуць”.

Людзі відавочна не чакалі, што сёньня ашчадныя касы будуць зачыненымі

Абвестка на адной з ашчадных кас Магілёва