Людзі баяцца падпісвацца супраць будаўніцтва АЭС

Сёньня, 30 сьнежня, у Горадні ў грамадзкім прэс-клюбе адбылася дыскусія, прысьвечаная будаўніцтву Астравецкай атамнай электрастанцыі. Удзельнікі зрабілі выснову: адзінае, што сёньня магчыма яшчэ зрабіць, — гэта наладзіць грамадзкі кантроль і абмеркаваньне праекту. Пакуль што астравецкая ўлада агітуе на сходах насельніцтва за выгоды, якія будуць атрыманыя ад будаўніцтва АЭС, але не дазваляе грамадзкасьці абмяркоўваць яго зьнізу. Тым часам АЭС каля Астраўца — гэта не мясцовая праблема, яна агульнанацыянальная, зазначылі ўдзельнікі грамадзкага прэс-клюбу.

Распачаў дыскусію кіраўнік прэс-клюбу, журналіст Мікола Маркевіч. Ён зьвярнуў увагу на падставовыя моманты:

Мікола Маркевіч
“Першае, самае галоўнае пытаньне: ці патрэбны нам гэты атам?
Першае, самае галоўнае пытаньне: ці патрэбны нам гэты атам?
Сёньня на гэтае пытаньне няма адназначнага адказу ў беларускім грамадзтве. Зрэшты, як няма дакладнага адказу на гэтае пытаньне і ў асяродзьдзі навукоўцаў. Па-другое, кантравэрсіі выклікае сам выбар пляцоўкі. У сувязі з тым, што грамадзтва толькі-толькі пачынае гэтай тэмай цікавіцца і абсалютна відавочна цяпер, што беларуская ўлада ня мае нейкай патрэбы ў грамадзкім абмеркаваньні гэтай праблемы, — мне здаецца вельмі актуальным запачаткаваць тады гэтую ініцыятыву зьнізу. Мы маем права ведаць — што будуецца, наколькі гэта для нас і нашых дзяцей небясьпечна альбо наколькі гэта выгадна”.

Сярод удзельнікаў дыскусіі знайшоўся толькі адзін прыхільнік будаўніцтва АЭС. Гэта навуковец, выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту Валянцін Лучко.

Мікола Маркевіч пацікавіўся ў яго:

“Ці можна назваць некалькі пунктаў: навошта нам, беларусам, патрэбна АЭС?”

Валянцін Лучко
Лучко: “Навошта нам патрэбна атамная электрастанцыя? Гэта — дывэрсыфікацыя паставак энэрганосьбітаў. Мы бачым, як выкручваюць рукі суседняй братняй Украіне, як палохаюць.
Я б не хацеў, каб мы былі запалоханым народам яшчэ не адзін дзясятак гадоў.
І я б не хацеў, каб мы былі запалоханым народам яшчэ не адзін дзясятак гадоў. Я лічу, што атамныя электрастанцыі — гэта пэрспэктыва ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Таму бяз гэтай пэрспэктывы незалежнай сувэрэннай Рэспубліцы Беларусь немагчыма быць”.

Гарадзенскі эколяг Ніна Палуцкая рэгулярна бывае на Астравеччыне, дзе ажыцьцяўляе свой экалягічны праект. Яе меркаваньне:

Ніна Палуцкая
Палуцкая: “Усе гавораць: навошта нам патрэбна АЭС? Каб мець энэргію, у нас яе не хапае. Але для чаго нам патрэбна энэргія насамрэч? Я падазраю, што — для бізнэсу. Энэргетычнае ведамства дало на пачатку году справаздачу: пачаліся сталыя пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі ў Польшчу і Нямеччыну”.

Іван Крук
У дыскусіі ўзяў удзел дэмакратычны актывіст Іван Крук з Астраўца, які расказаў, як цяжка зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва АЭС, бо людзі баяцца. Распавёў ён і пра сваю размову з прафэсарам Бандажэўскім у Вільні наконт будучай астравецкай станцыі.

Удзельнікі дыскусіі зазначалі, што беларускія ўлады парушаюць Орхускую канвэнцыю. Паводле яе грамадзкасьць павінна мець доступ да рашэньня пытаньняў такога кшталту, як будаўніцтва атамнай электрастанцыі.