Альгерд Бахарэвіч: “Найбольш кранулі вочы чытачоў”

Сёньня ў менскім клюбе “Падземка” адбылася прэзэнтацыя новага раману Альгерда Бахарэвіча “Сарока на шыбеніцы”, які выйшаў у выдавецтве “Логвінаў”.

На імпрэзе пабываў наш карэспандэнт Віталь Цыганкоў. Я папрашу яго падзяліцца ўражаньнямі.

Цыганкоў: “Ніхто з Вас у сучаснай беларускай літаратуры такога не чытаў” - гэтак заявіла на прэзэнтацыі Віка Трэнас, карэктар і рэдактар новай кнігі Альгерда Бахарэвіча. Гэта прыклад новага эўрапейскага раману, і стылістыка яго зусім нязвыклая для беларускай літаратурнай прасторы, сказала яна, адразу ўзьняўшы гэтак высока плянку патрабаваньняў да чарговага твору Альгэрда Бахарэвіча. Як сказаў сам аўтар, кніга -- гэта падарожжа па жаночым целе. Кожная глава прысьвечаная нейкай частцы цела, і аўтар дапытліва праходзіць ад галавы да ног. Сяргей Шупа, рэдактар кнігі, казаў пра горад і літаратуру, пра тую мэтафару "сена на асфальце", якая існуе ў беларускай літаратуры, пра тое, што якраз "літаратуры пра асфальт" беларусам вельмі бракавала. Сам Альгерд Бахарэвіч нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску і гэта ягоная пятая кніга. Першая кніга -- "Практычна дапаможнік па руйнаваньні гарадоў" -- выйшла ў 2002 годзе і была ўганаравана прэміяй "Гліняны Вялес". Ён стаў своеасаблівым кумірам для маладых чытачоў, і менавіта на думку чытачоў і крытыкаў, прадстаўляе новую плынь у беларускай літаратуры, і разам з тым выклікае шмат спрэчак у чытачоў -- і сваімі даволі рэзкімі заявамі, і самой сваёй творчасьцю, якой не саромеецца выдаваць пэўныя эпітэты, не саромеецца рабіць свае высновы, часам даволі жорсткія”.

Кароткае інтэрвію з аўтарам новай кнігі.

Каліноўскі: “Вы пэўны час жывяце на чужыне, але пішаце для беларускага чытача, і вось сёньня Вы яго жыўцом сустрэлі. Якія ўражаньні?”


Бахарэвіч: “Ведаеце, мяне ніколі не хвалявала колькасьць людзей, якія прыходзяць на мае выступы. Для мяне значна важней якасьць. І я думаю, сёньня прыйшлі тыя, хто ўмее чытаць, каму блізкая мая проза. Я цалкам задаволены”.

Каліноўскі: “Некаторыя кажуць, што Вашаму новаму раману "Сарока на шыбеніцы" наканаваны лёс культавага твору. Згодныя?”

Бахарэвіч: “Зноў жа, ніколі ня думаў пра такія рэчы. Я належу да тых пісьменьнікаў, якія пішуць для сябе. І таму галоўны крытэр - гэта мае адчуваньні. Думаю, у гэтым рамане ёсьць некалькі старонак, якія ў мяне атрымаліся. Лічу, што свайго чытача раман знойдзе, і магчыма, ня толькі ў Беларусі”.

Каліноўскі: “Вашае мінулае інтэрвію Начной Свабодзе, у якім Вы казалі пра "ўбогае беларускае жыцьцё" выклікала дыскусію. Ці не знайшла гэтая дыскусія адгалоскаў на сёньняшняй вечарыне?”

Бахарэвіч: “Я вельмі спадзяваўся, што прыйдуць нейкія людзі, якія былі раззлаваныя маім інтэрвію, але, на вялікі жаль, ніяк не праявілі сваёй разлаванасьці. Я магу толькі сказаць, што мае словы пра "беларускую ўбогасьць " былі адрасаваныя ня тым людзям, якія прынялі гэта на свой конт, усе людзі, якіх я паважаю і люблю, мае знаёмыя, усе зразумелі гэта правільна. Гэта залежыць ад інтэлекту чалавека, ад яго адэкватнасьці”.

Каліноўскі: “А якое з пытаньняў чытачоў Вас найбольш кранула?”

Бахарэвіч: “Было ня так шмат пытаньняў, мяне найбольш кранулі вочы некаторых чытачоў, яны былі вельмі ўважлівыя, і я зразумеў, што гэтыя людзі цалкам разумеюць і ўспрымаюць тое, што я пішу”.

Каліноўскі: “І апошняе пытаньне: Альгерд, што пішаце цяпер?”

Бахарэвіч: “Нядаўна вярнуўся зь нямецкага вострава Зюльд, які знаходзіцца ў Паўночным моры, і пачаў там новую кнігу. Пакуль ня маю права раскрываць сюжэту, але абяцаю, што праз год можна будзе пачаць гаворку. Гэта зноў жа, кніга пра Беларусь”.