Крызіс б’е па аўтамабільным рынку

Учора амэрыканскі Сэнат адхіліў зацьверджаны Палатай прадстаўнікоў законапраект, які прапанаваў выдзяліць тром найбуйнейшым прадуцэнтам аўтамабіляў у ЗША — General Motors, Chrysler, Ford — дапамогу ў памеры 14 мільярдаў даляраў.
Джэйсан Стэйн, выдавец спэцыялізаванага часопісу “Automotive News Europe” у Мюнхэне, сказаў нашаму радыё, што гэтaы крок выкліча сур’ёзныя наступствы ў сусьветнай аўтамабільнай індустрыі.

Адхіленьне пакету дапамогі амэрыканскім аўтамабільным карпарацыям выклікала хуткую рэакцыю на сусьветных фінансавых рынках. Сёньня, напрыклад, індэкс фондавага рынку ў Токіё ўпаў на шэсьць адсоткаў.

Джэйсан Стэйн кажа, што наступствы гэтага кроку адчуюць і прадуцэнты аўтамабіляў у Эўропе:

“Я думаю, што аўтамабільная індустрыя на сьвеце ўжо сур’ёзна церпіць, перш за ўсё таму, што сьвет стаў адным агульным эканамічным рынкам і адным агульным аўтамабільным рынкам. Беручы пад увагу сувязі вытворцаў аўтамабіляў з іхнымі пастаўшчыкамі, сытуацыя нагадвае фінансавы картачны дамок, і ў большасьці выпадкаў тое, што дзеецца ў Амэрыцы, імгненна адгукаецца ў сьвеце”.

Стэйн зьвяртае ўвагу, што найбольшы вытворца аўтамашын у Расеі, група ГАЗ, ужо абмежавала прадукцыю ў Тальяці, дзе яна прадукуе мадэль на ліцэнзіі Крайсьлера.

Аднак Стэйн спадзяецца, што амэрыканскі ўрад не пакіне сваіх найбольшых вытворцаў аўтамашын у бядзе і ўсё ж знойдзе спосаб, каб дапамагчы ім нейкімі грашмі з тых, якія амэрыканскі Кангрэс зацьвердзіў раней як дапамогу фінансаваму рынку ў краіне:

“У рэшце рэшт яны атрымаюць грошы, якіх патрабуюць. Ведаеце, як ужо нехта сказаў раней, яны завялікія, каб збанкрутаваць. Я думаю, што непрызнаньне дапамогі Сэнатам схіліць прэзыдэнта Буша да ўмяшаньня і ін’екцыі нейкай сумы зь 700 мільярдаў даляраў, зацьверджаных Кангрэсам. Гэта, верагодна, той шлях, па якім яны пойдуць”.