Прэзэнтаваны новы фільм пра Слуцкі збройны чын

На прэзэнтацыі фільму

Сёньня ўвечары ў сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму “Слуцкі збройны чын”. Яго зьняў рэжысэр Сяргей Ісакаў па сцэнары Уладзімера Халіпа. Навуковым кансультантам фільму быў гісторык Уладзімер Ляхоўскі — аўтар кнігі “Слуцкі збройны чын у дакумэнтах і матэрыялах”.

Фільм пачынаецца расповедам пра вандроўку купкі людзей па мясьцінах антыбальшавіцкага супраціву случакоў у лістападзе-сьнежні 1920-га. З вуснаў падлетка Вітаўта гледачы даведваюцца, як шануецца на Случчыне памяць пра тыя падзеі ды іх удзельнікаў.

Кадар зь фільму
“Гэта — Слуцак, дом пана Вайніловіча, таго самага, які пабудаваў у Менску касьцёл Сымона і Алены. Я недзе чытаў, што цар Мікалай прапанаваў яму стаць міністрам у Расеі, але адмовіўся тады пан Вайніловіч. Цяпер тут — краязнаўчы музэй, але нас туды не пусьцілі. Ня надта тут хочуць узгадваць, што ў гэтым доме адбыўся той з’езд, які абвясьціў Слуцкі збройны чын”.

У фільме некалькі герояў-юнакоў распавядаюць пра антыбальшавіцкі супраціў на Случчыне. Частка расповеду ідзе ад імя ўдзельніка тых падзеяў Лявона Рыдлеўскага, які адным з апошніх пасьля паразы паўстаньня перайшоў раку Лань на польскі бок і ўжо ў эміграцыі стаў віцэ-прзыдэнтам Рады БНР. Шмат кінахронікі і рэдкіх фота таго часу.

Уладзімер Халіп
Зьняць фільм пра Слуцкі збройны чын кінасцэнарыст Уладзімер Халіп хацеў яшчэ за савецкім часам. І нават на студыі “Летапіс” такі фільм быў зроблены. Але ў ліку падобных ён ляжыць пад замком. Таму калі цяпер надарылася мажлівасьць, спадар Халіп ажыцьцявіў сваю мару яшчэ раз з новым рэжысэрам. Што праўда, не без праблемаў падчас здымкаў на мясьцінах непасрэдных падзеяў.

“Калі мы прыехалі туды, то нас адразу сустрэлі міліцыянты. Яны не выпускалі нас з-пад увагі ўвесь час, пакуль мы знаходзіліся на Случчыне: у Вызьне, у Грозаве — усюды, дзе мы толькі зьяўляліся, тут жа стаялі міліцыянты”.

Публіка фільм прыняла. Гаворыць 83-гадовы глядач, якому дзяды і бацькі распавядалі пра тыя падзеі:

“Канечне, глядзець вельмі балюча. Баліць душа, сэрца, што ўсё так атрымоўвалася, калі нашу тэрыторыю Беларусі дзялілі чужакі і з усходу, і з захаду — акупанты”.

А вось ўражаньні двух юнакоў:

“Шкада, што гэткія старонкі гісторыі большасьці беларусаў ці тых, хто імі называецца, невядомыя. Але спадзяюся, усё ж такі раней ці пазьней амаль кожны будзе пра гэта ведаць. Гэты фільм будзе добрым інструмэнтам для таго”, — сказаў першы.

А ў другога — асабістае зацікаўленьне, бо ў яго маці са Слуцку:

“На жаль, з асабістай гісторыі я ня ведаю, што ў той час у маёй сям’і адбывалася. Але я мяркую, што мае продкі таксама нейкім чынам датычныя да тых падзеяў, і праз гэты фільм я хацеў бы даведацца пра гісторыю маёй сям’і ў той час”.

У фільме выкарыстаны фрагмэнты кінастужкі Віталя Панамарова “На чорных лядах”, зьнятага больш за дзесяць гадоў таму паводле двух апавяданьняў Васіля Быкава.