Гомельская прапанова лордам

Камітэт эканомікі Гомельскага аблвыканкаму прэзэнтуе на інвэстыцыйным форуме ў Лёндане шэраг праектаў.

Два зь іх — культурна-забаўляльны комплекс у абласным цэнтры й вытворчасьць для разьліву мінэральнай і пітной вады ў Рагачоўскім раёне.

Свабодная эканамічная зона “Гомель-Ратон”, акрамя таго, прапануе ангельцам арганізаваць на тэрыторыі СЭЗ вытворчасьць фэрасілікамарганцу, а таксама буйнагабарытных ацынкаваных мэталаканструкцыяў.

Але найбуйнейшы з усіх праектаў — будоўля ў Лельчыцкім раёне шчэбеневага заводу, разьлічанага на выпуск 4 мільёнаў кубамэтраў шчэбеню ў год.

Новае прадпрыемства мяркуецца разьмясьціць побач зь дзейным шчэбеневым заводам “Глушкавічы”. Выведаныя прамысловыя запасы будаўнічага каменьня тут складаюць 256 мільёнаў кубічных мэтраў.

Для заводу трэба будзе пракласьці і 124-кілямэтровую чыгунку Глушкавічы-Міхалкі. У свой час такую чыгунку, праўда, меншай працягласьці, абяцаў рэгіёну тройчы дэпутат парлямэнту ад Палескай выбарчай акругі Сяргей Касьцян. Але дагэтуль справа зь месца ня зрушылася. Цяпер хіба што лорды дапамогуць.