У Мазыры кветкі ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў

Сёньня а 13-й гадзіне грамадзкія актывісты Мазыра ўшаноўваюць памяць нявінна забітых людзей у гады сталінскага тэрору.
Паведаміў сябра Беларускага Народнага Фронту Юрась Чаранкоў:

“Мы едзем ускласьці кветкі да крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у вёску Міхайлаўская Рудня. Мне дакладна вядомыя тры месцы, дзе адбываліся масавыя расстрэлы людзей. Гэта ў мазырскай царкве – у Сьвята-Міхайлаўскім саборы. Потым ёсьць мікрараён Кімбараўка, што недалёка ад сабору, і ў лесе ля вёскі Міхайлаўская Рудня. Гэта ўсё – мазырскія Курапаты, куды звозілі й расстрэльвалі людзей”.

Да пакутнага крыжа ў лесе блізу Міхайлаўскай Рудні мазырскія актывісты ўскладуць вянок і жывыя кветкі. Памяць ахвяраў ушануюць хвілінай маўчаньня.