Праз 18 гадоў – новы Бэрлінскі мур?

Cёньня ў Нямеччыне адзначаецца 18-я гадавіна аб'яднаньня. 3 кастрычніка 1990 году былая ГДР увайшла ў склад Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны, пасьля чаго пачаўся працэс аб’яднаньня Эўропы. Чаму Беларусь дагэтуль застаецца па-за гэтым працэсам, што стала прычынай новага муру ў Эўропе?
Cёньня ў Нямеччыне адзначаецца 18-я гадавіна аб'яднаньня. 3 кастрычніка 1990 году былая ГДР увайшла ў склад Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны, пасьля чаго пачаўся працэс аб’яднаньня Эўропы. Чаму Беларусь дагэтуль застаецца па-за гэтым працэсам, што стала прычынай новага муру ў Эўропе?

Аб’яднаньне Нямеччыны пачалося пасьля падзеньня Бэрлінскага муру, які цягам 40 гадоў быў сымбалем падзелу гораду, нямецкай нацыі і эўрапейскага кантынэнту. Увосень 1989 году пачалася хваля масавых пратэстаў усходніх немцаў, так званыя «дэманстрацыі па панядзелках». Пад ціскам грамадзкасьці ў адстаўку сышло ўсё камуністычнае кіраўніцтва ГДР. 9 лістапада было абвешчана пра адкрыцьцё Бэрлінскага муру і тысячы людзей хлынулі ў заходнюю частку гораду, пілі шампанскае на сьцяне, а потым разабралі яе голымі рукамі.

Тагачасны фэдэральны канцлер Гэльмут Коль прапанаваў плян зь дзесяці пунктаў па пераадоленьні расколу Нямеччыны. Асноўнай умовай аб’яднаньня сталі палітычныя і эканамічныя рэформы ва Ўсходняй Нямеччыне. Коль запатрабаваў пераўтварэньня плянавай эканомікі ў рынкавую і правядзеньня свабодных і роўных выбараў.

Ніна Стужынская праходзіла стажыроўку ў Свабодным унівэрсытэце Бэрліну, дарэчы, пасьля сына Аляксандра Лукашэнкі — Віктара. Яна мяркуе, што падзеньне муру было калясальнай падзеяй:

“І штуршок быў, хутчэй за ўсё, звонку для таго, каб гэты мур рухнуў. Так што немцам пашчасьціла. Працэс аб’яднаньня пайшоў хвалямі. Аб’яднаная Эўропа, добрыя суседзі ў Нямеччыны. Гэты дах эўрапейскі — ён нібы пачаўся зь Нямеччыны і вырас у розныя бакі”.

Але чаму пад гэты дах дагэтуль ня трапіла Беларусь?

“Беларусы больш адчуваюць сябе “саўкамі”, чым эўрапейцамі. У 90-я гады была такая тэндэнцыя, нават гонар — адчуць, што мы эўрапейская краіна, успомніць пра гэта. Калі б мы не былі адарваныя ад эўрапейскіх каранёў, то сытуацыя была б абсалютна іншая”.

Праз 18 гадоў загаварылі пра новы мур, які зьявіўся ў Эўропе. Паводле кіраўніка аддзелу Расеі і краінаў СНД Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандра Рара, з аднаго боку, Заходняя і Цэнтральная Эўропа аб’ядналіся ў адзін зьвяз — няма межаў паміж Польшчай ці краінамі Балтыі і Нямеччынай:

“Аднак створаны новы вялікі мур на Ўсходзе. Ён не жалезны, але недзе нагадвае пэўную заслону адносна краінаў постсавецкай прасторы — найперш Беларусі і Расеі”.

Мур — гэта і візавыя абмежаваньні, і адсутнасьць магчымасьцяў для адукацыі і працаўладкаваньня. У адрозьненьне ад беларусаў, бальшыня грамадзянаў Лацінскай Амэрыкі ці Паўночнай Афрыкі можа бесьперашкодна, бязь візаў езьдзіць у Эўразьвяз.

Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі пагаджаецца, што ў Эўропе зьявіўся новы мур.

“Гэта мур паміж нейкім расейскім модусам вівэндзі. Расея і Беларусь — гэта ж нейкі адзіны элемэнт. Адна нейкая плынь. У нас ёсьць свае нюансы. Але гэта такая бізантыйская айкумэна. І мы на яе краі. Хаця ў Сярэднявеччы мы трошкі іншыя былі. Ну, тады вось так сьвет падзяліўся”.

Як мяркуе палітоляг Андрэй Фёдараў, асноўная прычына новага падзелу ў тым, што як Расея, так і кіраўніцтва Беларусі не падзяляюць тых каштоўнасьцяў, якія існуюць на Захадзе:

“Я думаю, калі б не было Расеі, калі б Расея заняла іншую пазыцыю, пры ўсіх астатніх тых жа самых абставінах, Беларусь супраціўлялася б да апошняга і, безумоўна, ёй было б значна цяжэй гэта рабіць. Але яна ўсё роўна спрабавала б застацца вось гэткай выспай сярод дэмакратычнага сьвету менавіта таму, што іншыя погляды ў яе кіраўніцтва, а шырокія масы працоўных не прымушаюць ісьці па тым шляху”.

Ці зьявіліся пасьля выбараў у Беларусі хоць нейкія шчыліны ў гэтым муры? Аляксандар Рар ня бачыць “новых ускладненьняў, але ўсё ня так ужо проста”. Аднак і тое, што апазыцыю не прапусьцілі ў парлямэнт, не дазваляе Беларусі трапіць у клюб эўрапейскай дэмакратыі. Бо туды прымаюць толькі тыя краіны, якія адпавядаюць стандартам Эўразьвязу. Паводле спадара Рара, Нямеччына гатовая больш памяркоўна ставіцца да трансфармацыйных працэсаў у Беларусі. Але ці азначае гэта, што Эўрапейскі зьвяз адменіць санкцыі адносна Беларусі?

“Я думаю, што гэта адразу не адбудзецца. Я не выключаю, што ацэнка Захадам выбараў будзе менш жорсткай, чым чатыры гады таму. І пры нейкіх тэндэнцыях Беларусі да адкрытасьці са свайго боку адносна Захаду — спыненьне перасьледу палітычнай апазыцыі, прадстаўленьне ёй магчымасьці для дзейнасьці ў Беларусі пасьля выбараў, заахвочваньне бізнэсу, адкрыцьцё рынку для заходніх кампаній — калі гэта адбудзецца, такая тэндэнцыя замацуецца, я думаю, і Захад будзе адмаўляцца ад пэўных бар’ераў”, — кажа Аляксандар Рар.

Андрэй Фёдараў мяркуе, што пасьля расейскай агрэсіі ў Грузіі вельмі істотна зьмянілася геапалітычная сытуацыя ў Эўропе. І цяпер ёй даводзіцца выбіраць паміж дрэнным і яшчэ горшым:

“Сёньня Эўропа робіць выбар на карысьць дрэннага, каб не было яшчэ горш. Пад горшым, на мой погляд, яны разумеюць інкарпарацыю Беларусі Расеяй, што цяпер зьяўляецца вельмі вялікай небясьпекай”.