“Замежныя пазыкі пакрываюць неэфэктыўнасьць эканомікі”

Як паведамляецца ў статыстычнай справаздачы Нацыянальнага банку Беларусі, сукупны зьнешні доўг краіны на 1 ліпеня склаў звыш 14 мільярдаў даляраў. Наколькі небясьпечная гэтая лічба для беларускай эканомікі? Зь якіх прычынаў зьбіраецца замежны доўг краіны? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.
Цыганкоў
: “Як выглядае доўг Беларусі на фоне даўгоў іншых краінаў? Ці выклікае сума беларускага доўгу занепакоенасьць станам беларускай эканомікі?”

Злотнікаў
: “Пакуль аб’ём замежнага доўгу ня большы, чым у іншых краінах. Ёсьць такая норма – “аб'ём запазычанасьці да валавога ўнутранага прадукту”. 40-50 працэнтаў – гэта яшчэ нармальна. А ў Беларусі гэта складае пакуль толькі 20-25 працэнтаў. Гэта яшчэ не трагічна.

Але адзначу, што гэты доўг вельмі хутка расьце. Потым – там на 70 працэнтаў кароткатэрміновыя крэдыты розных формаў, якія патрэбна вяртаць цягам аднаго году. Таму новыя пазыкі бяруцца, каб аддаваць ранейшыя пазыкі. Так мы ўцягваемся нібыта ў нейкую фінансавую піраміду. Чыстыя інвэстыцыі ў эканоміку выходзяць не такія ўжо й вялікія”.

Цыганкоў: “Сярод гэтых 14-ці мільярдаў доўг дзяржаўных органаў склаў каля 2 мільярдаў даляраў, замежная запазычанасьць камэрцыйных банкаў – 3,35 мільярда. Замежны доўг іншых сэктараў эканомікі павялічыўся на 11,9% да 7,6 мільярда даляраў. Адкуль утвараецца такі вялікі доўг прадпрыемстваў?”

Злотнікаў: “Частка іх бярэ пазыкі пад гарантыі дзяржавы, частка можа браць і так. Мы бачым вялікае адмоўнае сальда замежнага гандлю, і замежныя пазыкі найперш ідуць на пакрыцьцё гэтага сальда. Такое сальда гаворыць пра тое, што беларуская эканоміка неканкурэнтаздольная, і замежныя пазыкі пакрываюць гэтую неканкурэнтаздольнасьць. Гэта пазыкі не на разьвіцьцё, а на пакрыцьцё неэфэктыўнасьці эканомікі. Калі ўзяць, колькі замежных інвэстыцыяў укладаецца ў эканоміку за год, то гэта вельмі невялікая лічба. Замежныя інвэстыцыі ў асноўныя фонды складаюць толькі каля аднаго працэнта”.