Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 17 жніўня
Сорак гадоў таму, у ноч з 20 на 21 жніўня 1968 году, войскамі краінаў Варшаўскай дамовы была акупаваная Чэхаславакія, кіраўніцтва якое Масква падазравала ў неляяльнасьці да сацыялістычнага выбару. Чаму Захад не выступіў на абарону незалежнай краіны? Хто ў Беларусі адкрыта выказаў салідарнасьць з паняволеным народам? За што беларусы павінны папрасіць прабачэньня ў чэхаў і славакаў? Пра гэта ды іншае – гутарка з гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.
“У галовы савецкіх абывататаляў убівалася, што NATO вось-вось пераступіць межы Чэхаславакіі й адарве яе ад слаўнай сацыялістычнай садружнасьці”
Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, напачатку нашай гутаркі давайце назавем некалькі лічбаў. У апэрацыі “Дунай” (а менавіта пад гэткай кодавай назвай праходзіла акупацыя Чэхаславакіі) удзельнічала 30 танкавых і мотастралковых дывізій – гэта 500 000 жаўнераў і 4 600 танкаў. Для параўнаньня – у Аўганістане Савецкі Саюз задзейнічаў усяго 4 дывізіі. Дзеля чаго на Чэхаславакію была кінутая гэткая вялізная ваенная сіла, калі было вядома, што чэхаславацкае войска атрымала загад не пакідаць казармаў?”
Анатоль Сідарэвіч: “Саветы не баяліся чэхаславацкага войска, не баяліся прэзыдэнта ЧССР генэрала Людвіка Свобады. З боку Масквы гэта была дэманстрацыя свайго патэнцылу NATO і свайму народу. Саветы самі сябе запалохвалі страшылкамі пра NATO. У галовы савецкіх абывататаляў убівалася, што NATO вось-вось пераступіць межы Чэхаславакіі й адарве яе ад слаўнай сацыялістычнай садружнасьці. Адным словам, выдумляліся міты дзеля апраўданьня агрэсіі. Але з боку NATO не было аніякай пагрозы! І далейшыя падзеі паказалі, што блёк NATO збаяўся не паўмільённага савецкага ваеннага кантынгенту, ня танкавых дывізій. Прычынай тут, на маю думку, тое філістэрства, тая баязьлівасьць, якія ўласьцівыя эўрапейскаму абываталю. NATO баялася свайго абываталя, асабліва эўрапейскага, нямецкага, францускага, які лішняга пфэнінга баіцца аддаць на ўзброеныя сілы. Гэты абываталь можа абы што гаварыць пра Амэрыку і ў той жа час хавацца пад яе ядзерным ахоўным парасонам. Гэта вельмі складаная гісторыка-псыхалягічная праблема. “Абы не было вайны,” – гэта ўласьціва ня толькі беларусам, але і эўрапейскаму абываталю, які нацярпеўся ў часе першай і другой усясьветных войнаў, які нізавошта не прамяняе сваё масла на гарматы. Эўрапейскі абываталь толькі тады пачынае задумвацца пра ваенную бясьпеку, калі савецкія (а цяпер расейскія) танкі пачынаюць хадзіць па пэрымэтры Эўропы. Вось тады ён пачынае пра нешта думаць”.
“Калі савецкія войскі ўвайшлі ў Чэхаславакію, сакратару Саюзу пісьменьнікаў Янку Брылю пазванілі з ЦК КПБ і загадалі сабраць мітынг у падтрымку партыі”
Скобла: “Хто ў Беларусі ў 1968 годзе асьмеліўся назваць рэчы сваімі імёнамі, а менавіта – Савецкі Саюз акупантам? Хто выказаў падтрымку Чэхаславакіі?”
Сідарэвіч: “Перш за ўсё я мушу адзначыць мужны ўчынак паэта і перакладчыка, удзельніка Другой усясьветнай вайны Фёдара Яфімава. Ён з трыбуны аб’яднанага партыйнага сходу творчых саюзаў сказаў сваё “не” савецкай агрэсіі. І быў за гэта выключаны з партыі, ня мог уладкавацца на працу. Я тут мушу згадаць паэта і перакладчыка Валянціна Тараса, які таксама выказаў свой пратэст і быў звольнены з рэдакцыі “Нёману”. Пратэставалі ня толькі ў Менску, мы шмат чаго ня ведаем, нам яшчэ не адкрыліся архівы КГБ. У Горадні былі арыштаваныя студэнты Пэдінстытуту Аляксандар Раманчанка і Сяргей Каленчанка. Пратэставалі нават у вёсках. Я дакладна ведаю, што ў вёсцы Старыца Капыльскага раёну бібліятэкар Клюйка публічна заяўляў пра сваю нязгоду з палітыкай КПСС у адносінах да Чэхаславакіі.
Мелі месца і маўклівыя пратэсты. “Быў час, быў век, была эпоха, калі ў СП сакратароў хоць і было залішне трохі, ды кіравалі – будзь здароў.” У жніўні 1968 году дзяжурным сакратаром у Саюзе пісьменьнікаў быў Янка Брыль. І калі савецкія войскі ўвайшлі ў Чэхаславакію, Брылю пазванілі з ЦК КПБ і загадалі сабраць мітынг у падтрымку гэтай акцыі. Брыль зразумеў, што ён уляпаецца ў гісторыю. Як ён потым будзе глядзець у вочы свайму сябру чэху Вацлаву Жыдліцкаму? І тады Брыль, нядоўга думаючы, зьехаў на Нарач да Максіма Танка. Брыля не маглі знайсьці ў Менску, а мабільнікаў тады не было. І тады знайшлі Івана Мележа. Іван Паўлавіч і правёў той мітынг, і, трэба сказаць, выступіў на ім як сапраўдны палітрук.
Пра маральную падтрымку Чэхаславакіі савецкім грамадзтвам можна было меркаваць па чэмпіянаце сьвету па хакеі, які праходзіў у 1969 годзе. Тады дружына чэхаславацкіх хакеістаў добра-такі надавала савецкай камандзе. Вы б бачылі, як успрынялі заўзятары перамогу чэхаславакаў! Тыя, хто радаваўся той перамозе, і былі сымпатызантамі Праскай вясны. Я танцаваў каля тэлевізара, калі пабачыў, як чэхі на хакейнай пляцоўцы наклалі ў карак саветам”.
“Два кагэбісты затрымалі мяне ў рэдакцыі ганцавіцкай раённай газэты “Савецкае Палесьсе і павезьлі ў Баранавічы”
Скобла: “Прыгадваючы Яфімава, Тараса, Брыля, вы сьціпла не назвалі сябе. А вас жа нават затрымлівалі за выказваньні адносна праскіх падзеяў. Адкуль вы, дваццацігадовы маладзён, пачулі пра падзеі ў Чэхаславакіі?”
Сідарэвіч: “Па-першае, я ўважліва чытаў савецкія газэты. А савецкія газэты трэба было ўмець чытаць: ня так радкі, як паміж радкамі. А па-другое, у мяне было спэцыфічнае выхаваньне. Я выхоўваўся ў асяродзьдзі прафэсійных антысаветчыкаў. Мой дзядзька, пратэстанцкі дзеяч, сядзеў на Калыме. Мой дзед быў баптысцкім прасьвітэрам. Зразумела, што гэтыя людзі не маглі сымпатызаваць камуністычнай партыі. Па іх прыкладзе я слухаў замежныя радыёгаласы, тую ж самую Свабоду. Са Свабоды я й даведаўся пра падзеі ў Празе. І я не хаваў сваёй пазыцыі перад вяскоўцамі, якія пыталіся, што там ды як адбываецца. Натуральна, сярод іх знайшліся стукачы й данесьлі каму трэба”.
Скобла: “Дзе канкрэтна адбылося вашае затрыманьне?”
Сідарэвіч: “Мяне затрымалі ў рэдакцыі ганцавіцкай раённай газэты “Савецкае Палесьсе”. Памятаю, мы сядзелі й размаўлялі зь Віктарам Гардзеем. Зайшла рэдакцыйная машыністка Караліна Цьвірка і паклікала мяне да рэдактара Васіля Фёдаравіча Праскурава. У рэдактарскім кабінэце мяне чакалі маёр КГБ Міхал Мікалаевіч Песенька ды яго напарнік Пятро – упаўнаважаны Баранавіцкага аддзелу КГБ. Яны мне прапанавалі праехаць у слаўны горад Баранавічы. Там са мной правялі гэтак званую прафіляктычную гутарку. Памятаю, на стале перад маёрам Песенькам ляжаў тэкст, напісаны рукой Праскурава, я яго почырк добра ведаў. Што там Васіль Фёдаравіч напісаў пра мяне, я ня ведаю, таму нічога не магу сказаць пра ягоную ролю ў гэтай акцыі”.
Скобла: “І чым усё гэта для вас закончылася?”
Сідарэвіч: “Чатырма месяцамі менскай псыхлякарні, дзе быў фактычна турэмны рэжым. Справа ў тым, што пасьля гутаркі ў Баранавічах я трапіў у Ганцавіцкую больніцу зь лёгкім запаленьнем. Туды да мяне прыехаў абласны псыханэўроляг, інтэлігентны з выгляду чалавек. І ён мне проста ў вочы сказаў: “Молодой человек, у вас бредовые идеи”. Мае “бредовые идеи” заключаліся ў тым, што я выступаў з асуджэньнем акупацыі Чэхаславакіі, за шматпартыйнасьць, за альтэрнатыўныя выбары, за шматукладнасьць эканомікі, за ўсе тыя каштоўнасьці, якія вызнаю і сёньня”.
Ларыса Геніюш: “На сэрцы ў нас рубцы і рубчыкі ад кіпцяў, ад мядзьведжых лап. Каб беларускага мы мелі Дубчэка – інакшай гутарка была б!”
Скобла: “З тэрыторыі Беларусі ў падтрымку акупаванай Чэхаславакіі прагучаў яшчэ адзін голас. І належаў ён паэтцы Ларысе Геніюш, якая жыла ў Зэльве на Гарадзеншчыне. Свой пратэст яна выказвала наўпрост у лістах у Прагу да прафэсара Яраміра Вострага, у лістах да іншых сваіх сяброў. Давайце паслухаем фрагмэнт ліста Геніюш да Міколы Прашковіча, на той час навуковага супрацоўніка Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі. Ліст датуецца 29 жніўня 1968 году”.
“Чэхі – як рана… Наш лёс цесна зьвязаны зь іх лёсам, толькі нам яшчэ горай, нас могуць вынішчыць. Сталася рэч жудасная. На маю думку, саветы ў сутычцы з Чэхаславаччынай, хутчэй, прайгралі гэтую брудную кампанію. Які ўстыд, які жах, а з другога боку – як жа паказалі сьвету сябе, свае мэтады! Кампрамісаў з сапраўднымі людзьмі ў іх ужо быць ня можа! Слухаем Чэхаславаччыну, слухаем цэлы сьвет. Як жа абураныя ўсе ў сьвеце! Бачыце – там таксама камуністы, але як жа іншыя людзі. На сэрцы ў нас рубцы і рубчыкі ад кіпцяў, ад мядзьведжых лап. Каб беларускага мы мелі Дубчэка – інакшай гутарка была б!”
Скобла: “Спадар Анатоль, паэтка піша пра абурэньне ў цэлым сьвеце. А якая насамрэч была рэакцыя Захаду на захоп Савецкім Саюзам Чэхаславакіі?”
Сідарэвіч: “Давайце падзелім Захад. На Захадзе ёсьць праваабаронцы, інтэлектуалы й палітыкі. Я думаю, што калі б не было праваабаронцаў ды інтэлектуалаў, таго, што называецца грамадзкай думкай, то не было б і заходняй дэмакратыі. Бо не ў інтарэсах буржуазіі дэмакратыя. Але з другога боку ёсьць палітыкі зь іх “рэальнай палітыкай”. Дык вось, паводзіны Эўропы былі гэткія самыя, як і ў 1956 годзе ў часе вугорскага народнага паўстаньня, як у 1953-м у часе гэткага ж паўстаньня ва Ўсходнім Бэрліне, калі дазволілі танкамі задушыць людзкія пратэсты. Паводзіны эўрапейскіх палітыкаў былі ганебнымі, баязьлівымі. Вядома ж, яны былі прадыктаваныя настроем большасьці, якая напрамілы Бог ня хоча аніякіх міжнародных канфліктаў. 1956 год паказаў саветам, што можна не баяцца адказу NATO на іхнія дзеяньні, якімі брутальнымі яны б ні былі. Савецкая прапаганда, паўтаруся, запалохвала сваіх грамадзянаў NATO. Але гэтыя запалохваньні былі разьлічаныя на дурня. Мяне ж яны не маглі запалохаць. А я памятаю, як вяскоўцы скуплялі запалкі, соль – да вайны рыхтаваліся. “Зараз Амэрыка ўдарыць па вугорцах,” – гаварылі дзяды, бабулі, дзядзькі й цёткі. А Амэрыка і Заходняя Эўропа ня ўдарылі. І гэта разьвязала рукі саветам у Чэхаславакіі”.
“Дэмакратычная Беларусь павінна прабачыцца перад чэхамі за тое, што рабіў у 1968 годзе ў Празе “генэрал Трафімаў”
Скобла: “Давайце зьвернемся да падрабязнай храналёгіі тагачасных падзеяў. 21 жніўня а шостай гадзіне раніцы савецкія войскі захапілі Генэральны штаб чэхаславацкай арміі, а сёмай – блякавалі будынак ураду, а восьмай – тэлеграф, пошту і тэлецэнтар, а дзявятай – быў арыштаваны першы сакратар КПЧ Дубчэк. І галоўнай асобай у акупаванай краіне стаў Кірыла Мазураў, яшчэ тры гады перад гэтым першы сакратар ЦК КПБ. Што можна сказаць пра ролю Мазурава ў чэхаславацкіх падзеях?”
Сідарэвіч: “Гэта ганебны радок у гісторыі Беларусі. І калі ў Беларускай энцыкляпэдыі маецца артыкул пра Кірылу Мазурава, дык нават аўтар артыкулу сарамліва замоўчвае праскі эпізод у ягонай біяграфіі. Але гэта не здымае маральнай віны беларускага народу перад чэхамі й славакамі. І калі прадстаўнік Чэскай амбасады ў Рэспубліцы Беларусь спадар Хромы 10 жніўня ў Зэльве афіцыйна папрасіў прабачэньня ў беларусаў за тое, што ў 1948 годзе Прага выдала саветам чэхаславацкую грамадзянку Ларысу Геніюш, то дэмакратычная Беларусь павінна прабачыцца перад чэхамі за тое, што рабіў у 1968 годзе ў Чэхаславакіі Кірыла Мазураў. Ён там дзейнічаў пад псэўданімам “генэрал Трафімаў” і камандаваў усімі акупацыйнымі войскамі. Пры ягоным удзеле кіраўнікі КПЧ Дубчак, Смркоўскі, Шык ды іншыя былі арыштаваныя і вывезеныя ў Маскву, дзе ім ва ўльтыматыўнай форме было прадпісана, што рабіць і чаго не рабіць.
Забягу трохі наперад: у часе Праскай вясны распаўся чэхаславацкі камсамол і ўтварыўся Саюз сацыялістычнай моладзі. І я памятаю ягоную дэлегацыю на Жодзінскім аўтазаводзе. Пасьля чаркі адзін з маладых сацыялістаў у парыве шчырасьці сказаў мне, супрацоўніку смалявіцкай раёнкі: “Гітлер у 1939 годзе ня вывез Бэнэша, а саветы ў 1968-м вывезьлі Дубчэка, Смркоўскага і Чэрніка. Мы ім гэтага ніколі не забудзем”. Ну, мабыць той маладзён зразумеў, што я яго ня выдам”.
“Расея, – пра гэта яшчэ Салжаніцын пісаў, – пасьля ўсіх сваіх прыніжэньняў і паразаў насамперш аднаўляе свой ваенны патэнцыял”
Скобла: “Сорак гадоў таму, у жніўні 1968-га, Масква акупавала Чэхаславакію. Два тыдні таму адбыўся ваенны канфлікт паміж Расеяй і Грузіяй. І там, і там мелі месца шматлікія ахвяры. Мала хто ведае, што ў выніку апэрацыі “Дунай” загінулі каля 300 мірных грамадзянаў Чэхаславакіі. Ці можна сказаць, што за сорак прамінулых гадоў Масква так і не пазбавілася сваіх імпэрскіх памкненьняў?”
Сідарэвіч: “Не пазбавілася і не пазбавіцца, ня трэба мець на гэты конт ілюзіяў. Эўропа яшчэ раз пераканалася, з кім яна мае справу. Яна цяпер зразумела, што ёй пагражае, калі буфэр у выглядзе балтыйскіх дзяржаваў – Беларусі, Украіны, Румыніі, Польшчы, Чэхіі й Славакіі – будзе прарваны. Расея, і пра гэта пісаў Аляксандар Салжаніцын, пасьля ўсіх сваіх прыніжэньняў і паразаў першае, што робіць, – аднаўляе свой ваенны патэнцыял. Расейскі абываталь у глыбінцы галее, ён недаядае, у яго няма нармальных умоваў для жыцьця, яго дзеці недагледжаныя, хворыя і смаркатыя, але – войска сытае, зброя вырабляецца, і танкі гатовыя ісьці ў паход. Расейскія эліты ня рупяцца аб дабрабыце народу. Тыя шалёныя эўрапейскія грошы, якія пайшлі ў апошнія гады ў Расею за нафту і газ, нядаўна “працавалі” ў Грузіі”.
Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by