У Паўднёвую Асэтыю едуць прадстаўнікі ЭЗ і ЗША

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выказаў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.
Францыя, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, заявіла, што ў Паўднёвую Асэтыю накіроўваюцца прадстаўнікі ЭЗ і АБСЭ, каб паспрабаваць дамагчыся спыненьня агню.

Пра гэта міністру замежных спраў Расеі Сяргею Лаўрову паведаміў у тэлефоннай размове кіраўнік францускага МЗС Бэрнар Кушнэр.

Паводле інфармацыі зь Белага дому, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выказаў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс заклікала Расею спыніць бамбардаваньне і ракетныя ўдары па тэрыторыі Грузіі і вывесьці адтуль свае войскі. Раней яна перамовіла па тэлефоне з прадстаўнікамі ўсіх бакоў канфлікту ў спробе спыніць гвалт.

Дзярждэпартамэнт ЗША таксама накіроўвае спэцыяльнага прадстаўніка ў зону крызісу.