ЦВК без назіральнікаў некамфортна

Каля 700 міжнародных назіральнікаў будуць назіраць за парлямэнцкімі выбарамі.

“Будуць дзьве асноўныя місіі ад СНД і АБСЭ”, – паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Спадарыня Ярмошына назвала прыкладную колькасьць назіральнікаў – 700 чалавек – “болей разумнай” у параўнаньні з 1235 назіральнікамі, якія працавалі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. “На такую маленькую краіну, як Беларусь, болей за 1000 назіральнікаў – гэта яўны перабор”, – патлумачыла чыноўніца.

Старшыня ЦВК у інтэрвію Інтэрфаксу назвала працэдуру запрашэньня міжнародных назіральнікаў “ня проста міжнародным стандартам, а нормай жыцьця”. “Мы сябе адчуваем некамфортна, калі няма назіральнікаў”, – патлумачыла яна.

“Усё, што назапашана апазыцыяй за гэтыя гады, усе найбольш значныя фігуры зарэгістраваныя, і гэта будзе вялікі палітычны крах, калі выбаршчык іх не падтрымае”, – заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.