“Ва ўладзе адны хамэлеоны”

  • Ягор Маёрчык
Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 29 ліпеня.

Аляксандар Лукашэнка прыгразіў прыцягнуць да адказнасьці тых, хто будзе дапускаць страты новага ўраджаю. “Пакуль пару чалавек не пасадзіш — не разумеюць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. Пазьней ён выказаў прапанову не адпускаць зь вёскі адмыслоўцаў, якія скончылі сельскагаспадарчыя ВНУ.

Спадар: “Вось цяпер паказваюць уборку ўраджаю. Трэба за 2 тыдні ўсё прыбраць. Раней людзі прыбіралі ўсе ўраджаі рукамі і зямлі было ў два разы болей. Нашто хваліцца? Зараз тэхніка такая, што ўсё можна прыбраць за тыдзень. Гэта ён хоча на ўвесь сьвет паказаць, які ён”.

У працяг тэмы — СМС-паведамленьне ад Цімы: “Прапаную адправіць Лукашэнку ў калгас назаўсёды. Хай там працуе эканамістам, бо ён вучыўся ў Горацкай сельгасакадэміі. Як кажуць, уласным прыкладам”.

Аўтар наступнага тэлефанаваньня таксама выказвае сваё стаўленьне да кіраўніцтва краіны.

Спадар: “То ён атэіст, то ён вернік. То ён сацыялістычную ўласнасьць не прыватызуе, то адразу ўсё прыватызуе. Учора наш правадыр выказаў спачуваньні ўкраінскаму народу (гэта ў зьвязку з паводкай) і турэцкаму народу (у зьвязку з выбухамі). А да пацярпелых ад выбуху ў Менску так у шпіталі ніхто з высокіх чыноўнікаў і не прыехаў. Хачу сказаць, што ва ўладзе і ў атачэньні — адны хамэлеоны”.

На мінулым тыдні ўрад афрыканскай краіны Зымбабвэ выпусьціў купюру ў 100 мільярдаў зымбабвійскіх даляраў.

Віктар: “У Зымбабвэ — гіпэрынфляцыя, некалькі мільёнаў адсоткаў. У сувязі з гэтым у мяне пытаньне: чаму адна краіна ня можа карыстацца валютай іншай краіны, тымі самымі эўра ці амэрыканскімі далярамі? Які сэнс друкаваць пустыя мільярды? Чаму Беларусь ня можа перайсьці на эўра ў аднабаковым парадку? Усё адно людзі карыстаюцца замежнымі валютамі”.

На пытаньне слухача адказвае эканаміст Аляксандар Чубрык:

“Ёсьць краіны, якія карыстаюцца іншымі валютамі. Таксама ёсьць такі рэжым манэтарнай палітыкі, які называецца валютны камітэт. Гэта калі адна валюта жорстка фіксуецца да другой. Курс нязьменны, і ён гарантаваны велічынёй рэзэрваў. Рэзэрвы ня могуць прадавацца, і нацыянальная валюта ня можа друкавацца, калі зьмяншаюцца суадносіны паміж грашовай масай і рэзэрвамі ў нацыянальнай валюце. Гэта спрыяе зьмяншэньню інфляцыі. Гэтым карыстаюцца. Атрымліваецца, што нацыянальная валюта нібыта і ёсьць, але яна так моцна прывязаная да замежнай валюты, што яе амаль і няма, то бок няма ўласнай манэтарнай палітыкі.

Ці пераходзіць Беларусі на нейкую іншую валюту? Тут ёсьць пэўныя плюсы і пэўныя мінусы. Калі б у нас была вялікая інфляцыя, можна было б пераходзіць на валюту, якой давярае насельніцтва. У 1998-1999 гадах блізу 80% нашай грашовай масы былі ў замежнай валюце. Людзі карысталіся амаль толькі ёй, нацыянальная валюта была выцесьненая. Тады можна было ў якасьці нацыянальнай валюты ўводзіць даляр, і гэтага б ніхто не заўважыў. А цяпер толькі 30% грашовай масы ў валюце. Гэта значыць, што насельніцтва даволі актыўна карыстаецца беларускім рублём. Праз тое, што мы маем валюту, Нацыянальны банк можа праводзіць уласную палітыку, уплываць на эканамічныя працэсы ў краіне”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.