"Белсат” пачаў вяшчаць на "Сырыюсе"

Сёньня тэлеканал "Белсат" пачаў вяшчаньне праз сатэліт „Сырыюс-4”. Вяшчаньне пачалося з прамога ўключэньня з фэстывалю музыкі маладой Беларусі "Басовішча" ў Гарадку на Беласточчыне.

Заўтра телеканал, які вяшчае з Польшчы на беларускай мове, правядзе прамую трансьляцыю з „Басовішча”, калі будуць выступаць ляўрэаты сёньняшняй конкурснай часткі і зорка фэстывалю — гурт „Нэўра Дзюбэль” зь Менску.

У сувязі з расшырэньнем трансьляцыі праз „Сырыюс”, „Белсат” зьмяняе сваю праграму. Да сёньня перадачы тэлеканалу ішлі ў трохгадзінным блёку, які потым паўтараўся; цяпер на „Белсаце” будзе адзін шасьцігадзінны блёк.