Зэеў Бэн-Ар’е: “Хай Быкаў прагучыць і на іўрыце”

Чытаем Быкава. Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е чытае ўрыўкі з апавяданьня Васіля Быкава “Бедныя людзі”.
Калі памірае вялікі пісьменьнік, боль страты перавышае немагчымасьць зьмірыцца з адыходам чалавека з жыцьця, у якім мы яшчэ знаходзімся, адыходам ад нас. Гэта разам з тым – і пазбаўленьне нас магчымасьці жыць ягонымі творамі і дзякуючы ім лепш разумець, як жыць прыстойна, годна, сумленна, а гэтага жадае кожны чалавек, калі ён чалавек.

І хоць Васіля Ўладзіміравіча ня вернеш, але цудоўна, што і пасьля ягонай сьмерці мы чытаем дагэтуль не вядомыя яго творы. Са свайго ізраільскага боку скажу, што хоць, на жаль, пасьля ягонае сьмерці, але зь імі – хай спачатку патроху – зможа азнаёміцца нарэшце і іўрыцкі чытач, паколькі часопіс ізраільскага саюзу пісьменьнікаў зь першым перакладам апавяданьня Васіля Быкава “Бедныя людзі” выйшаў у сьвет прыкладна паўгода таму. І другі літаратурны часопіс друкуе пераклад апавяданьня Быкава “Вочная стаўка”.

Я хачу пачытаць з таго, што ўжо апублікавана, тым больш, што гэтае апавяданьне – “Бедныя людзі” – на мой погляд, вельмі характэрна для творчасьці Быкава. У ім на першым пляне праблема маральнага выбару, які змушае рабіць чалавека няправедны рэжым. І, вядома ж, па-быкаўскаму, галоўны віноўнік нягодных учынкаў чалавека – гэта рэжым, які нявечыць, пагражае расьціснуць яго ў выпадку непадпарадкаваньня, аднак маральная адказнасьць ляжыць і на самым чалавеку. Усё ж такі ў ягоных руках рашэньне – падпарадкавацца і схлусіць, зрабіць данос, зьдзейсьніць тую ці іншую подласьць з-за страху перад подлым і, здавалася б, усемагутным рэжымам. Або застацца чалавекам і захаваць чалавечую годнасьць, нягледзячы на пагрозу і страх.

Быкаў не асуджае ад сябе, ад аўтара, слабадушных, але прачытаўшы яго разумееш яшчэ больш, яшчэ глыбей, які ўбогі лёс у згоднікаў і здраднікаў і якое хоць і нялёгкае, але паўнавартаснае жыцьцё ў людзей, якія ня здрадзілі, ня схлусілі і не прынізіліся.

А формы праяўленьня чалавечай, грамадзкай, нацыянальнай годнасьці могуць быць самыя розныя. Напрыклад, удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы, якую я меў гонар пісаць па-беларуску разам з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу, ЗША і тысячамі сьвядомых беларусаў.

А чытаць я буду, з вашага дазволу, незвычайна і ня ўсё запар, а так: падборку сказаў паводле канвы апавяданьня, прычым спачатку па-беларуску, а потым у перакладзе на іўрыт. Хай на беларускай “Свабодзе” Быкаў прагучыць на іўрыце.



Чытаем Быкава. Увесь чэрвень, кожны дзень, на хвалях Свабоды будуць гучаць быкаўскія радкі. Іх будуць чытаць розныя людзі – і блізкія сябры пісьменьніка.