З.Пазьняк: “Народны Фронт і новае Адраджэньне пачаліся з Курапатаў”

20 гадоў адкрыцьцю Курапатаў – ствaраем поўную фотагісторыю Дзядоў і талокаў, барацьбы і малітваў. Падвядзеньне вынікаў фатаконкурсу і ганараваньне пераможцаў –- 3 чэрвеня ў Курапатах. Пачатак у 17.30.
Дасланыя на “Свабоду” здымкі камэнтуе грамадзкі рэдактар праекту, адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк.

Пяты тур

На астатні тур нашы слухачы і чытачы сайту прыслалі шмат фатаграфіяў рознага кшталту, архіўных і сучасных, рэпартажных і відавых. З архіўных сэрыяў вылучаецца камплект з 12-ці здымкаў, прысланых Сяргеем Абламейкам (мы паказвае тут 10).

91. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі


На здымку 91 паказаны фрагмэнт шэсьця на Курапаты 19 чэрвеня 1988 года (назавем яго ўмоўна “Шэсьце-88”). Здымак зроблены на падыходзе да Курапатаў на акружной дарозе ў раёне вуліцы Мірашнічэнкі.

Перадгісторыя шэсьця такая. Адразу пасьля публікацыі артыкулу “Курапаты – дарога сьмерці” да мяне (на археалягічныя раскопкі ў Менску) прыйшлі хлопцы з “Талакі” (памятаю Сяргея Вітушку і Юрыя Лаўрыка) з ідэяй арганізаваць шэсьце і мітынг у Курапатах. Ніякіх шэсьцяў акрамя афіцыёзных тады ў Беларусі не рабілася. Мы ўзгаднілі лёзунгі і талакоўцы ўзяліся за справу.

Дазволу на мітынг у Курапатах не было, але бальшавікі задумалі правесьці свой мітынг на тэму Курапатаў, каб узяць справу ў свае рукі і заблытаць людзям мазгі. Дазвол на такі афіцыёзны мітынг быў дадзены, вызначылі яму месца каля опэрнага тэатра. Але талакоўцы агітавалі за Курапаты.

Натуральна, ніякай шырокай інфармацыі распаўсюдзіць не ўдалося і, калі мы днём 19 чэрвеня сабраліся ў раёне сквэра на стыку вуліцаў Кальцова, Сядых і Лагойскага тракту, то моцна хваляваліся, ці прыйдзе хто ўвогуле. Людзі нахлынулі раптам, іх прыйшло тысячы (усіх сабралася, можа, тысячаў 7-10). Адкуль яны даведаліся – гэта дзіва – у асноўным тэлефанавалі адзін аднаму і вестка распаўсюджвалася, як маланка. Усё залежыць ад стану грамадзтва. Узрушаны народ ня трэба агітаваць, зьбяруцца, нават калі казаць шэптам.

На здымку 91 добра відаць, як ідзе ў Курапаты гэты ўзрушаны народ з лёзунгамі, плякатамі і з дзецьмі, цэлымі сем’ямі. Вось ужо сапраўды – “а хто там ідзе?..”

А гэта, братове, ужо йдзе нацыя, людзі, якія зажаліліся і ўсьвядоміліся агульным лёсам, людзі, што прагнуць праўды і справядлівасьці, якая, аказваецца, ёсьць адна на цэлы народ.

92. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі


Каб пераканацца ў гэтай духоўнай сьведамасьці, зірніце на фота № 92 (назавем яго ўмоўна “Памяць пра генацыд”). Гэта найлепшае і набольш уражлівае фота з калекцыі, што прыслаў Сяргей Абламейка. Сфатаграфаваны фрагмэнт мітынгу ў Курапатах. Людзі слухаюць прамоўцаў. Яны задуменныя, перажываюць трагедыю памяці, нібы свой лёс ( а так ёсьць – гэта агульны лёс), яны глыбока ўражаныя адкрытай ім праўдай – усе, як адна істота, і ў гэтым сьцішаным трагічным духу яны прыўкрасныя. Усхвалявана складаюцца словы: ”Гэта мы, Божа, вялікі і моцны народ, пад сярпом Тваім...”

Здымак паддаецца дэталёваму разгляду і раздумленьню над сфатаграфаваным сюжэтам. На пярэднім пляне дзеці. Тут свой падлеткавы сьвет. Яны ня ёсьць яшчэ сацыяльнымі асобамі і глыбіня зьместу падзеі на іх не ўплывае гэтак глыбока, як на бацькоў; яна імі яшчэ не ўсьведамляецца. Ім забалелі ногі доўга стаяць і яны сядзяць на лясной траве. Побач маладая мама і малады мужчына, які трымае плякат – карыкатурны вобраз сталініста. Гэты пярэдні плян фатаграфіі, гэты цёплы, звыклы падлеткавы сьвет добра адцяняе трагізм зьявы і задуменныя вобразы бацькоў, якія сьцяной, нібы матэрыялізаваны рэквіем, узвышаюцца і запаўняюць прастору.

Над людзьмі сьціплы і адзіны плякацік, на якім напісана: “Не забудзем! Не даруем!” Усё надзвычайна гарманічна і па сэнсу, і па выяве. Тут вельмі глыбокі зьмест. Нельга забыць, бо перастанем быць людзьмі. І нельга дараваць злачынцам. Бо калі зло не караць, яно робіцца нормай. Ёсьць над чым задумацца цяперашнім людзям, што бачаць, як вяртаюцца цені мінулага.

93. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі


Фота 93, як бы працягвае тэму папярэдняй фатаграфіі, але толькі па сюжэту. Яно выпадковае і зьнята, відаць, у перапынку паміж прамовамі. Тут няма мастацкай тыпізацыі і той закончанасьці і выразнасьці вобразу народа, як на фота № 92. Здымаючы, галоўнае ня толькі ўбачыць, але і адпаведна (і своечасова) націснуць спуск. Тым часам гэтая фатраграфія мае дакумэнтальную каштоўнасьць. Тут іншыя твары, шмат новых дэталяў.

94. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі



95. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі


96. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі



97. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі



На фатаграфіях 94-97 паказаныя выступоўцы на мітынгу ў Курапатах. Фота 94 – Мая Кляшторная (дачка расстралянага ў Курапатах паэта Тодара Кляшторнага); фота 95 – паэт, вязень ГУЛАГу Павал Пруднікаў; фота 96 – невядомая мне жанчына; фота 97 – Зянон Пазьняк. Апошняе фота недасканалае тэхнічна, дрэнна асьветленае. Ніжняя частка аблічча выступоўцы заслонена мікрафонамі, “правальныя” цені і г.д. Мы аднак даем гэты здымак, бо на ім, зноў жа, вельмі выразна ў абліччах людзей выяўлены асаблівы трагічна-мэмарыяльны настрой мітынгу. Крайні зьлева (у профіль) зьняты Сяргей Вітушка, які вёў мітынг.


98. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі



Здымак 98 мае дакумэнтальна-пазнаваўчае значэньне і цікавы для разгляду. Тут фрагмэнт курапацкага мітынгу, на якім відаць людзей побач з імправізаванай скульптурай ахвяры генацыду, расстралянай у Курапатах (зрабілі студэнты скульптурнага аддзяленьня Мастацкай Акадэміі). Сюррэалістычны сюжэт – мярцьвяк побач з жывымі. Але адначасна і філясофскі, бо страшная рэчаіснасьць маскоўска-бальшавіцкай акупацыі такая, што і расстраляныя (у вобразе скульптурнага мерцьвяка) і жывыя, што тут стаім, -- мы ёсьць адно. Мы адно перад бальшавізмам, перад расейскімі акупантамі, перад іхняй зьвярынай палітыкай генацыду, якая рабіла з нас мерцьвякоў духу і цела, і памяць па нас павінна б была затаптацца. У адсланеньні гэтай ідэі быў сэнс працы студэнтаў і задума арганізатараў мітынгу. Узрушэньне адкрытай праўдай пра злачынствы прывяло людзей да магілаў народу. Асэнсаваньне адзінства з загіблымі і катарсіс духу, якія выклікалі Курапаты, штурхнулі людзей ад магілаў у сьвет, у адраджэньне справядлівасьці, у змаганьне з ворагамі чалавецтва, у барацьбу за народнае існаваньне. Гэта праўда, што Народны Фронт і новае Беларускае Адраджэньне пачаліся з Курапатаў. Яно было, як змёртвыхустаньне пасьля таго, як трагедыю Курапатаў сэрцам успрыняў народ.

На фатаграфіі каля скульптуры стаіць малады мужчына з бээсэсэраўскім сьцягам. Але тут няма ніякага падтэксту. Людзі тады ў масе сваёй ужо нічога ня ведалі пра нацыянальны Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Нацыянальнае асьляпленьне было татальным. Хлопец з бээсэсэраўскім сьцягам гэтак дэманструе свае абуджаныя беларускія пачуцьці і нацыянальную годнасьць. Але пройдзе толькі паўгода і мора Бел-Чырвона-Белых сьцягоў залунае над Менскам.


99. Курапаты. 30 кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі


Два здымкі з калекцыі С.Абламейкі адносяцца да тэмы адзначэньня Дзядоў 30 кастрычніка 1988 года. На фота 99 адлюстраваны момант, калі калёна нечакана зьвярнула з дарогі на Курапаты ўправа і кіруецца на поле пад лесам. Поле і касагор, дзе адбыўся палявы мітынг, разьмешчаныя справа за рамкамі кадра. Неўзабаве калёна паверне ўбок за паваленую электрычную апору і там адбудзецца дзеяньне. Гэтай мясцовасьці ўжо не існуе. Тут горад. Месца забудаванае дамамі. Гэты здымак, прысланы С.Абламейкам, можа, аднак паслужыць добрай справе дзеля наступных пакаленьняў беларусаў у вольнай Беларусі, калі яны будуць разумныя і захочуць уганараваць тую частку горада памятным знакам у памяць 30 кастрычніка 1988 года, палявога мітынгу і першага падняцьця за гады савецкай няволі Беларускага Бел-Чырвона-Белага сьцяга. Здымак дапаможа вызначыць гэтае месца ў забудове дакладна.


100. Курапаты. 30 кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Сяргея Абламейкі



На здымку 100 адлюстраваны фрагмэнт палявога мітынгу, якраз неўзабаве пасьля ўзьняцьця Сьцяга (ён відаць у кадры, каля прамоўцы). Я памятаю нават словы, якія мной тады былі сказаныя: “мы за тое, каб паважалі наш народ, каб паважалася наша гісторыя, нашы нацыянальныя сымвалы. Хопіць нас абуваць у лапці! Мы вялікі народ, і ў нас ёсьць вялікая культура” (цытуецца: “Навіны Беларускага Народнага Фронту”, 1988, №1). Увогуле, разглядаючы здымкі палявога мітынгу 30 кастрычніка (тыя, што прыслалі С.Абламейка і У.Арлоў), і, ўспамінаючы той дзень, у мяне ўзьнікае пастаянная асацыяцыя зь нейкім невядомым дагэтуль народным касьцёлам. Людзі стаяць на каленях, адзін за адным выступаюць прамоўцы, словы гучаць, як пропаведзі, і ўсе слухаюць, як адно. Заўважце, на шмат якіх здымках тае пары відаць народ як адно цэлае. Ён зьяднаны духам і момантам.

Здымак добра скампанаваны кампазыцыйна. Але пустату неба не ратуе і рамка. Да таго ж кантравая асьветленасьць прывяла да частковай дыфракцыі сьвятла і абліччы “зьліпліся”(гэта часта бывае ў пахмурны дзень, калі здымаць на фоне неба). Тым ня менш фота паддаецца разгляданьню.Зробленае яно было ўжо тады, калі міліцыя акружала мітынг (у пэрспэктыве за плячыма людзей праглядаецца некалькі міліцэйскіх шапак).

101. Курапаты. 30 кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Валерыя Савянкова


Дзевяць здымкаў рознага кшталту і тэмаў прыслаў Валеры Савянкоў, які ўдзельнічаў ужо ў першым туры нашага паказу. Мы адабралі шэсьць ягоных здымкаў. На фота 101 адлюстраваная частка калёны, што рухалася 30 кастрычніка 1988 года на Курапаты. У далечыні відаць, як “прабіваюцца” аўтобусы з АМАПам. Фота мае дакумэнтальнае значэньне.

102. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Валерыя Савянкова



На здымку 102 фрагмэнт шэсьця 19 чэрвеня 1988 года на Курапаты. Здымак паддаецца разгляду (цікавыя абліччы) і таксама мае дакумэнтальную каштоўнасьць.

103. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Валерыя Савянкова



На фота 103 фрагмэнт гэтай жа калёны. На пярэднім пляне крочаць два журналісты. Справа – гэта Юры Іваноў – фотарэпарцёр савецкага Агенцтва друку “Навіны”(АПН), якое працавала на замежжа; прозьвішча журналіста зьлева не памятаю. Здымак вельмі дрэннай тэхнічнай якасьці, але цікавы як дакумэнт часу.

104. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Валерыя Савянкова


Фота 104 – гэта, бадай, найбольш удалае з камплекту, які даслаў В. Савянкоў. Яно цікавае перш за ўсё абліччамі людзей, тыпажамі, адлюстраванымі на здымку. З уплывам часу гэтае фота будзе набіраць большай цікавасьці. Наступным пакаленьням заўсёды цікава разглядаць людзей папярэдняга часу. Магчыма гэтая фатаграфія скажа ім нешта больш чым нам. Фота выглядала б значна лепшым, каб фатограф не абрэзаў плякат у руках юнака. Тады карціна казала б сама за сябе. (Я памятаю гэты плякат – Сталін, унізе расстрэльныя курапацкія чарапы людзей і чорны надпіс “кат”). Цяпер жа здымак вымагае прасторнай анатацыі і тлумачэньня.

105. Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Фота з архіву Валерыя Савянкова


Тая жа аматарская памылка і на фота 105 (абрэзана дзьве траціны галавы на плякаце). Хаця па вусах можна пазнаць, хто “кат”, але выразнасьць здымка зьніжана.

106. Менск. 30 верасьня 1989 года. Фота з архіву Валерыя Савянкова



Фота 106 зроблена 30 верасьня 1989 года перад пачаткам першага “Чарнобыльскага шляху” і ня мае адносін да нашай тэмы. Тым ня менш (як выключэньне) я прапаную яго для агляду, бо на ім зьняты Алесь Адамовіч, які падтрымаў ня толькі фронтаўскае змаганьне за праўду пра Чарнобыль, але і змаганьне за Курапаты. Між іншым, калі 15 ліпеня 1988 года пачыналіся афіцыйныя раскопкі ў Курапатах, Алесь Адамовіч з Васілём Быкавым першыя раненька прыехалі ў Курапаты падтрымаць мяне на “сьвятое рушэньне”.


107. Курапаты. Фота Алеся Дашчынскага.



Тры здымкі прыслаў яшчэ Алесь Дашчынскі. Зь іх падаем два. Фота 107 “Курапацкая яблыня” ўдала зьнятае па сьвятлу і па колеру, адчуваецца цёплы вяснавы беларускі дзень, наплываюць асацыяцыі і раздумленьні. У здымку ёсьць чыстасьць і мэмарыяльны спакой. На жаль, у кампазыцыі ёсьць невялікія пралікі. Фатографу трэба было б ступіць на пару сантымэтраў улева і павярнуць камэру на пару градусаў управа. Тады крыж (у пэрспэктыве з правага боку па цэнтру) не зьліваўся б з дрэвам, быў бы заўважальны і сьведчыў бы выразна пра Курапаты. Памылкі гэтага добрага фота сьведчаць, што дасканалая кампазыцыя фота “Дым” спадара Дашчынскага атрымалася інтуітыўна. Раю аўтару, аднак задумвацца над такімі пытаньнямі фатаграфіі, якая мае свае правілы.

108. Курапаты. Фота Алеся Дашчынскага.


На фота 108 паказаны фрагмэнт зьнявечанага вандаламі абраза Багародзіцы ў Курапатах. Аўтар паслухаў парады, але крыху перастараўся. Фрагмэнт узяты занадта буйна. Трэба зьменшыць маштаб і папрацаваць над кампазыцыяй фрагмэнту. Павінны быць выяўленыя і вандалізм, і падтэкст новага сэнсу і выразнасьць кампазыцыі: усё гэта творчасьць, якая вымагае «пакутаў творчасьці».


109. Курапаты. Фота Надзеі Сычуговай.



Дванаццаць здымкаў Курапатаў прыслала Надзея Сычугова. Для паказу мы выбралі восем. На фота 109 зьняты Крыж Пакуты пасьля рэстаўрацыі. Здымак можа існаваць дзеля дакумэнтаваньня таго, што зьнята.

110. Курапаты. Фота Надзеі Сычуговай.



На фота 110 відаць удалечыні агульны выгляд калёны на Дзяды ў Курапатах. Зьнята, выглядае, недзе ў 2006 годзе. Здымак-канстатацыя.

111. Курапаты. Фота Надзеі Сычуговай.


На фота 111 зьняты маргінальны фрагмэнт мерапрыемства на Дзяды ў Курапатах. Здымак выглядае выпадковым, але можа стаць пазьней, для пазьнейшых людзей, больш цікавым сваёй сытуацыяй і тыпажом дзяўчыны на пярэднім пляне. Можа быць у архіве Курапатаў.

112. Курапаты. Фота Надзеі Сычуговай.



Фота 112 зьнята, нібы спадцішка і таксама грашыць выпадковасьцю і дрэннай кампазыцыяй, але цікавае тым, што на сярэднім пляне відаць фігуркі пераапранутых міліцыянэраў і кагэбістаў. Тут адбітак аблічча часу, у якім мы жывем.

113. Курапаты. Фота Надзеі Сычуговай.



Фота 113 сытуацыйнага кшталту. Зьнята галоўная дарожка (Алея Крыжоў) Народнага Мэмарыялу з фігуркамі людзей ў далечыні. Здымак ні на што не прэтэндуе, але можа быць як фіксацыя мясцовасьці.

114. Курапаты. Фота Надзеі Сычуговай.



На здымку 114 фіксацыя самадзейнай творчасьці на камяні ў Курапатах. Здымак прыдатны для матэрыялаў пра Курапаты, распавядае пра існую рэчаіснасьць.

115. Курапаты. Фота Надзеі Сычуговай.


Тут (фота 115) таксама сытуацыйны здымак мясьціны, якую часта здымаюць фатографы. Гэтым (фіксацыяй) і ёсьць каштоўная такая фатаграфія.

116. Курапаты. Фота Надзеі Сычуговай.


З сытуацыйных фіксацыяў Надзеі Сычуговай гэты здымак 116 найбольш цікавы ў дакумэнтальным пляне. Тут відаць выхад з Курапатаў пад дарогу, якую спраектавалі цемрашалы. Відаць таксама выхад сьцёкавай трубы з-пад насыпу, якую цемрашалы спэцыяльна вывелі на тэрыторыю Народнага Мэмарыялу, каб сьцёкі залівалі подступы да Крыжа Пакуты і каб перад сьвятым Крыжам стаяла сьмярдзючая лужа (дарэчы, мэнтальнасьць цемрашалаў тыпова бесаўскага кшталту – нагадзіць і хіхікаць). Як бы не зьмянялася мясцовасьць, здымкі такога кшталту заўсёды будуць мець пазнаваўчае (і архіўнае) значэньне.


117. Курапаты. Фота Надзеі.



Пяць здымкаў прыслала Надзея. Мы выбралі для паказу чатыры фота. На здымку 117 добра зьнята калёна, якая рухаецца па галоўнай алеі Курапатаў на Дзяды ў 2006 годзе. Здымак дастаткова інфарматыўны. Асабліва цікавыя тыпажы на пярэднім пляне. Адчуваецца нават дух стомленай “пільгрымкі”, якая даходзіць да мэты. Кампазыцыйна здымак пабудаваны пісьменна, калярыстычна даволі збалянсаваны, але плоскі па асьвятленьню і гэта зьніжае ягонае ўспрыняцьцё.

118. Курапаты. Фота Надзеі.


Здымак 118 сьведчыць, што аўтара захапіла прыгажосьць і рытм беларускіх сьцягоў. Здымак сапраўды вельмі прыгожы. Дыяганальны рытм сьцягоў згарманізаваны з вэртыкальным рытмам дамоў. Гармонія падкрэсьлена суадноснасьцю чырвонага колеру на сьцягах і цягластага на будынках. Тут безумоўная эстэтычная знаходка, якая сьведчыць пра ўзровень і мастацкае вока фатографа. На жаль, фатаграфія дрэнна скадраваная і гэтым самым незакончаная. Левая частка (рэзгільле дратоў і электраапоры) разьбівае рытм, істотна псуе здымак і яго кампазыцыю. Паправіць становішча, аднак, можна вельмі проста. Дастаткова абрэзаць левую частку фатаграфіі разам са слупом апоры (сьвяцільнік трэба ліквідаваць у “фоташопе”) і карціна “зьбярэцца” ў адно цэлае.

119. Курапаты. Фота Надзеі.



Аналягічная сытуацыя са здымкам № 119. Плечы людзей тут нічога ня кажуць. А каб падкрэсьліць хараство рытму сьцягоў (што відавочна зацікавіла Надзею) трэба ўжыць іншае кадраваньне і зьмяніць маштаб галоўнага аб’екту здымкі. Раю аўтару скадраваць фота зьнізу па лініі поясу дзяўчыны, што стаіць плячыма да нас ў цэнтры фота (джынсы цалкам абрэзаць). Зь левага боку фота скадраваць па лініі слупа (слуп цалкам абрэзаць). Зьверху скадраваць так, каб над канцом сьцяга па цэнтру пакінуць 5мм фону. Здымак палепшыцца.

120. Курапаты. Фота Надзеі.



Фотаздымак 120 – гэта лепшае фота з калекцыі, прысланай Надзеяй. Па тэматыцы яно даволі рэдкае і вельмі характэрнае дзеля выяўленьня аблічча цяжкага часу, які перажывае цяпер Беларусь. Фатаграфія зробленая ў 2007 годзе ў Курапатах у час Дзядоў. (Умоўна назавем гэтае фота па-народнаму ёмка “Гэб’ё”). На фатаграфіі паказаны кучы гэбістаў і міліцыянтаў, характэрна пераапранутых пад нармальных людзей. Позы іх нахабныя, рукі яны трымаюць альбо ў кішэнях, альбо за сьпіной, альбо над пахам, стаяць тылам і ў развалачку. Успомнім зноў нашую гаворку пра плястыку цела. Гэтую “кучу” апрані хоць у смокінгі, хоць у халаты -- усё роўна за кілёмэтар пазнаеш “гэб’ё”.

На здымку гэбісты стаяць групамі збоку ад масы людзей (якія за плячыма фатографа). Яны, гэбісты, падрыхтаваныя на правакацыю, на каманды тыпу “кусі!”, а пакуль – “болтают между собой”. Вось ён смуродлівы дух антыбеларускага рэжыму, тыпізаваны на гэтай фатаграфіі. Гэтыя людзі, здаецца мне, вельмі падобныя на тых, што ламаюць крыжы ў Курапатах. Фота добра пабудаванае кампазыцыйна , выяўлена глыбіня пэрспэктывы, выкарыстаны пярэдні плян, ўраўнаважаныя кампазыцыйныя масы; тэхнічны ўзровень (улічваючы слабую каляровую тэмпэратуру і лясны прыцемак ) здавальняючы. Аднак чорна-белы варыянт, пры нязначным павелічэньні кантрасту, глядзеўся б лепш (больш працаваў бы на ідэю фатаграфіі).

121. Курапаты. Фота Тацьцяны Лук’янавай.



Тры фатаграфіі прыслала Тацьцяна Лук’янава. Мы паказваем дзьве. На здымку 121 Крыж Пакуты, сфатаграфаваны яшчэ да вандальскага пашкоджаньня і да наступнай рэстаўрацыі. Фатаграфія невыразна зьнятая, але можа застацца ў курапацкай тэчцы дзеля варыянтнасьці.

122. Курапаты. Фота Тацяны Лук’янавай.



Фатаграфія 122 (назавем яе ўмоўна “Цень”) цікавая па задуме, у прынцыпе правільная па кампазыцыі, але слабаватая па выкананьню. Найгорш, што ад ўсяго здымка ўзьнікае адчуваньне нечыстаты, неахайнасьці задворкаў, а не мэмарыяльнага асяродзьдзя, якое спрыяла б выяўленьню чытэльнай (хоць і банальнай) ідэі. У спадарыні Лук’янавай відаць імкненьне да вобразнага выяўленьня, але трэба пазнаёміцца з асновамі фатаграфіі. Здымак можна палепшыць спэцыяльнай апрацоўкай у чорна-белым варыянце, бо сам цень вельмі цікавы, ён, нібы таемная істота. У прынцыпе гэта знаходка, добрае бачаньне, але да канца не рэалізаванае сродкамі і магчымасьцямі фатаграфіі.

123. Курапаты. Фота спадара, які назваўся Mixon.


Чатыры фатаграфіі прыслаў спадар Mixoп (ці Міксон, калі па лацінцы). На фота 123 (назавем яго ўмоўна “Вечар”) зьняты вечаровы фрагмэнт Курапатаў. На пярэднім пляне брудная лужа, у якой боўтаецца качар з качкай, далей крыж (які ня выяўлены і накладваецца на ствалы дрэваў), у пэрспэктыве за дрэвамі кавалак сьветлага неба, падружоўленага нізкім сонцам. Фатограф імкнуўся атрымаць мастацкі здымак, нават назваў яго “Жыцьцё і сьмерць”. На жаль, задумку рэалізаваць не ўдалося. Фатаграфія вымагае пэўных ведаў. Перш за ўсё трэба памятаць, што асновай мастацтва ёсьць эстэтыка (пачуцьцё прыгожага) і стварэньне вобразу.

Сродкамі мастацтва можна перадаць усё, нават лужыну, нават гразь. Але калі гэтымі сродкамі не валодаюць і іх не разумеюць, тады трэба проста пазьбягаць нечыстаты і ўсяго таго, што выклікае агіду ўспрыняцьця. У дадзеным выпадку лепш было зрабіць сытуацыйны здымак, на якім было б відаць штучнае падтапленьне тэрыторыі Курапатаў сьцёкавай вадой.

124. Курапаты. Фота спадара, які назваўся Mixon.



Наступны вечаровы здымак спадара “Mixonа” (назавем яго ўмоўна “Агні”) выглядае значна лепш. Тут адчуваецца настрой сіняга вечара і халоднай сьцішанасьці за плячыма (сьцішанасьці Курапатаў). Тып кампазыцыі, які выкарыстаў аўтар (перасячэньне вэртыкальных і гарызантальных плоскасьцяў) вельмі некарысны для фармальнай пабудовы здымка. Фатаграфію можа ў гэтым выпадку крыху палепшыць істотнае кадраваньне зьнізу. Тут мусіць застацца толькі колерны варыянт. Сіняе неба нясе эмацыйную нагрузку.

125. Курапаты. Фота Ангеліны Масюты.


Яшчэ сем здымкаў даслала нам Ангеліна Масюта. Мы выбралі для паказу тры. Здымак 125 – гэта дакумэнтальная фіксацыя вынікаў вандалізму. Фатаграфія ўражвае і сьведчыць, што кашчунным вандалізмам займаюцца тут ня хуліганы, не падлеткі, а арганізаваныя тыпы, падобныя як на фатаграфіі Надзеі. Фота неабходна скадраваць зьнізу (уключаючы дарожку).

126. Курапаты. Фота Ангеліны Масюты.



На фота 126 зьнятая аўтастрада праз Курапаты, зробленая антыбеларускім рэжымам. Здымак сытуацыйны, патрэбны для гісторыі Курапатаў (на жаль, невысокая рэзкасьць фота).


127. Курапаты. Фота Ангеліны Масюты.


Тым часам невысокая рэзкасьць на фота 127 (вынік дрэннай оптыкі) зусім не перашкаджае гэтай вельмі добрай і прыгожай фатаграфіі, назавем яе умоўна “Сьнежныя Курапаты”. Тут умела скампанаваная кампазыцыя, выяўленае адчуваньне беларускай зімы і зімовага дня і адначасна гэта добрае сытуацыйнае выяўленьне куточка Народнага Мэмарыялу, месца дзе 70 гадоў таму чуўся плач людзей, расейскі мат і наганныя стрэлы.

128. Курапаты. Фота Юрыя Беленькага. ( З архіву Ганны Соўсь)



Сем здымкаў пра вандалізм у Курапатах ахвяравала нам спадарыня Ганна Соўсь. Мы паказваем тут тры характэрныя фатаграфіі. На здымку 128 сябры КХП БНФ ачышчаюць апаганены вандаламі помнік у памяць расстраляных габрэяў за часы сталінскага камуністычнага тэрору.

129. Курапаты. Фота Ганны Соўсь


На фота 129 разьбітая (у каторы раз вандаламі) памятная лава прэзыдэнта ЗША Уільяма Клінтана. Маркотнае ўражаньне ад гэтага здымка. Увогуле ўсе здымкі пра вандалізм у Курапатах, паказаныя намі на працягу месяца, сьведчаць, што вайна супраць Беларусі працягваецца; гэта вайна подлых, вайна з-за вугла, вайна рэжымных дыверсантаў, за якімі стаіць антыбеларускі рэжым і няўклюдна робіць выгляд, што ён ні пры чым. Мне здаецца, аднак, што гэта ўжо іхняя апошняя вайна, апошняя перад скананьнем. Усё, што яны робяць, бураць, гадзяць і вытвараюць на Беларусі, пераконвае, што на гэты раз ня можа стацца ніякага ім дараваньня нават пасьля ўплыву вечнасьці. Цемра павінна быць зьнішчана, сплюшчана, пакарана так, каб здрыганулася Пекла. І яна будзе пакарана. Тут у нас , на пакутлівай добрай нашай Беларусі.

130. Курапаты. Фота Ганны Соўсь.



На фота 130 зьняты момант працы над рэстаўрацыяй і аднаўленьнем у 12-ты раз “лавы Клінтана”. Зьлева, сагнуўшыся, скульптар Алесь Шатэрнік, справа – нястомны Алесь Чахольскі. Вось такі падзел справы паміж антыбеларускай уладай і беларускім Адраджэньнем. За гэты месяц мы ўжо бачылі ня раз на дасланых фатаграфіях сутнасьць гэтага “падзелу”.
У Курапатах нібы адлюстраваная схема (парадыгма) нашага народнага існаваньня пад антыбеларускім рэжымам. Мы працуем, выкладваемся з усіх сілаў, але стаім на месцы, бо, як на пажары, толькі ратуем тое, што нішчаць. На нацыянальную творчасьць, стварэньне (якое забаронена), на прагрэс застаецца мала часу. Аднаўляемся ад вандалізму і сьціскаемся як Шагрэнева скура.

Гэта сізіфава праца і сутнасьць вайны, распачатай супраць нас Масквой трыста шэсьдзесят гадоў таму ўстыч.
Але ніякую вайну нельга выйграць толькі абаронай. Патрэбны наступ, атака. Ёсьць жа яшчэ сапраўдныя беларусы на сьвеце. Дык злавіце вандалаў! Гэта ж так проста. І пасыпецца ўвесь рэжым.

Зянон Пазьняк


Рэзюмэ:

Першая прэмія прызначаецца спадару Сяргею Абламейку за сэрыю архіўных здымкаў пра Курапаты і асабліва за фота 92 (умоўная назва “Памяць пра генацыд”).











Другой адзнакай ганаруецца фота 120 (умоўная назва “Гэб’ё”) спадарыні Надзеі. За гэтую фатаграфію ёй ад мяне падарунак: кніга Зянона Пазьняка “Развагі: Канцэпцыя новага Беларускага Адраджэньня, кн.1, артыкулы і матэр’ялы (1990-III.1996)”.











Спэцыяльнай ўвагай за актыўнасьць у фіксацыі Курапатаў і за фатаграфію 127 “Сьнежныя Курапаты” адзначаецца Ангеліна Масюта. Ёй падарунак – кніга Зянона Пазьняка “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”.










Ад 3 траўня да 3 чэрвеня Зянон Пазьняк камэнтуе дасланыя здымкі і выбірае найбольш цікавы і характэрны здымак.

З чэрвеня ў Курапатах адбудзецца падвядзеньне вынікаў конкурсу і ганараваньне пераможцаў. Яны атрымаюць кнігі Зянона Пазьняка і прызы ад Радыё Свабода. Пачатак ў 17.30.