У Менску ў двары дома №20 па вуліцы Гамарніка адбыўся стыхійны мітынг жыхароў, якія пратэставалі супраць будаўніцтва на месцы дзіцячай пляцоўкі 12-павярховага дома.
Каля сотні жыхароў выйшлі з кватэраў на вуліцу, бо вельмі абураныя, што будаўнікі зьнеслі бульдозэрам дзіцячую пляцоўку, зрэзалі дрэвы і на гэтым месцы зьбіраюцца будаваць жылы дом з двухузроўневымі падземнымі гаражамі.
Адна з удзельніц мітынгу трымала плякат “Будоўлі – не!Дзецям – дзіцячую пляцоўку, будаўніцтва забараніць!” За мітынгам назіралі некалькі міліцыянтаў, аднак яны ніяк не перашкаджалі і адварочваліся ад фотакамэры.
Жыхары дома кажуць, што яны хочуць адстаяць права сваіх дзяцей гуляць і жыць. Апроч таго, дом закрые сонца дзіцячаму садку санаторнага тыпу для хворых дзяцей. Таксама будаўнікі зьнесьлі адзіную ў мікрараёне грамадзкую прыбіральню.
У заяве генэральнаму пракурору Беларусі грамадзяне напісалі, што адчуваюць сябе “абсалютна безабароннымі перад свавольствам уладаў”.
Яны абураныя, што адміністрацыя Савецкага раёна ня хоча зь імі сустракацца. Сёньня удзельнікі мітынгу іх зноў не дачакаліся. У лісьце, які яны атрымалі ад адміністрацыі раёну гаворыцца: маўляў, усё узгоднена і законна. Тым часам ужо сабрана больш за 300 подпісаў жыхароў супраць будаўніцтва дома.
Спадарыня: “У дзяцей забралі дзяцінства – усе арэлі разбурылі. Няма дзе пагуляць. І нас усіх закоўваюць у цэмэнтны мяшок. Вось так – жывіце і дыхайце. Гэта парушэньне ўсіх санітарных нормаў”.
Спадар: “Улады праігнаравалі калектыўны зварот”.
Спадарыня: ”Дзецям цяпер няма дзе гуляць”.
Спадарыня: ”Парушаюцца правы дзяцей на кожным кроку”.
Спадарыня: ”Тут знаходзіліся грамадзкія прыбіральні, адзіныя на ўвесь “Зялёны луг”. У нас раён ператвараецца ў каменныя джунглі”.
Спадарыня: ”Сход жыхароў не праводзіўся, апытаньне не праводзілася. Аб’ект камэрцыйны.
Спадарыня: ”Учора нам адмовілі ў складаньні пратаколу адносна правапарушэньня на тэрыторыі дзіцячай пляцоўкі. Стаяла агароджа, не было пашпарту аб’екта. Мы выклікалі міліцыю, але яна ня склала пратакол. Я думаю, што тут вялікія грошы замешаны, і інтарэсы людзей ня ўлічваюцца. Людзі наогул – нішто”.
Спадар: ”Наш двор уяўляе паўкола. І нам цяпер запячатаюць апошні продых. Ня будзе чым дыхаць. Калі няма ветру, тут стаіць смог”.
Спадарыня: ”У нас усё прадаецца, таму сорамна і крыўдна за нашу дзяржаву. За нашага прэзыдэнта!”
Спадарыня: ”Барацьба з карупцыяй шырокая, а тут усё прадалося”.