“Дзірку лазовай кары рабіце толькі з ссечанага куста”

Пра што пісалі беларускія газэты 21 траўня ў розныя гады мінулага.

“Дзянніца” ў 1918 годзе піша: “Беларускія работніцы і сялянскі люд свойскі злычан з працоўным народам Вялікарасеі і звенчан з ім вялікаю рэвалюцыяй. Вось з ім поруч іон і муся устаць на яе забарону супроць усякіх ліхіх варагоў, якія пасягаюць на яе — буць яны апрануты у вопратку Радаў, ці яснавельможных гетманау, украінскіх і беларускіх аднакава. З пад іх вопраткі выглядая адзін воблік — гэта воблік чорнае рэакцыі...”

“Звязда” ў 1938 годзе друкуе такую аб’яву: “Да ўвагі калгасаў, калгаснікаў і аднаасобнікаў. Загатаўляйце лазовую і яловую кару, неабходную для скураной і дубільна-экстрактавай прамысловасці нашага Саюза. Дзірку лазовай кары рабіце толькі з ссечанага куста, убіраючы куст па ўказанню лясніка, гэта захоўвае лазовыя зараснікі і не засмечвае лесу. Яловую кару збірайце з ссечанай яловай драўніны на лесаўчастках, на калгасным, школьным і іншым будаўніцтве”.

* Са старонак “Вечернего Минска” ў 1988 годзе начальнік упраўленьня культуры Менгарвыканкаму А.Літвіновіч адказвае на публікацыю “Безыменныя помнікі”: “Яшчэ ў 1983 годзе было прынята распараджэньне, згодна зь якім Менскі мастацка-вытворчы камбінат павінен быў вырабіць надпісы на помніках М.Багдановічу, Я.Коласу, Я.Купалу. Цяпер надпіс на помніку М.Багдановічу выраблены і ўсталяваны. Надпіс на помніку Я.Коласу камбінат вырабіць у ліпені. Аўтарскі калектыў помніка Я.Купалу на чале з народным мастаком БССР А.А.Анікейчыкам лічыць, што тлумачальны надпіс на помніку непатрэбны, бо побач знаходзіцца літаратурны музэй Я.Купалы”.