А.Кароль: “Адліга скончылася...”

Як рэагуюць у Беларусі на прысуды ўдзельнікам “Працэсу 14-ці” і прадпрымальніку Сяргею Парсюкевічу?

Палітоляг Аляксей Кароль лічыць: абодва прысуды выразна паказваюць — адліга ў Беларусі скончылася.

“Сама адліга была ня ў лёгіцы аўтарытарнага рэжыму. Яна была вымушаная пад ціскам як унутраных, так і, пераважна, зьнешніх умоваў. А зараз ідзе аднаўленьне таго ўзроўню рэжыму, на якім ён быў будаваны і на якім ён працаваў.

Я думаю, што гэта пэўным чынам ёсьць рэакцыя на ўласныя дзеяньні ў нядаўнім мінулым, на гэтую адлігу. Гэта — адчуваньне таго, што зьявіліся новыя сілы, што яны ідуць на самаахвярныя дзеяньні, што яны карыстаюцца павагай у сваім асяродку, і страх, што гэта можа мець ланцуговую рэакцыю і супраціў пашырыцца. І таму трэба ўключыць мэханізм застрашваньня на прыступку вышэй”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Юры Кулакоўскі ўпэўнены: у гэтых прысудах палітыкі няма. Ён кажа, што прадпрымальнікам трэба не мітынгаваць, а займацца сваёй справай і зарабляць грошы:

“У мяне шмат сяброў, знаёмых, Яны як працавалі, так і працуюць. Вось у Кіраўскім раёне ёсьць такі Бацян — былы выкладчык прафэсійна-тэхнічнага вучылішча. Жонка працавала настаўніцай. Яны ўсе працуюць на рынку: і ён, і яна, і сын, і дачка. Усе працуюць і нармальна сябе адчуваюць. Сапраўдны сямейны падрад”.

Спадар Кулакоўскі лічыць, што акцыі прадпрымальнікаў накіроўваюць іх ня ў той бок:

“Час ужо пераходзіць ад гэтых палатак, сумак, якія яны кожны раз разьбіраюць ды складаюць, да сучаснага бізнэсу. У тым жа Кіраўску ўжо гадоў 10 стаіць пустая прамысловая крама. Бярыце яе, арандуйце. Не, ня хочуць”.

Уладам ня хочацца, каб нейкая адна кляса была больш кансалідаваная, больш згуртаваная
Эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Яраслаў Раманчук кажа: уладам выгадна, каб прадпрымальнікі не ішлі ў палітыку. Але ж яны самі падштурхоўваюць дробных бізнэсоўцаў да палітычных захадаў:

“Уладам ня хочацца, каб нейкая адна кляса была больш кансалідаваная, больш згуртаваная, мела большы ўплыў на палітыку. І жорсткая рэакцыя, жорсткія прысуды — гэта, найперш, жаданьне паказаць іншым: ня лезьце сюды. Улада паказвае, што яна ня хоча бачыць прадпрымальнікаў як партнэраў у дыялёгу і не зьбіраецца ствараць для індывідуальных прадпрымальнікаў нармальныя варункі”.