"Пачатак прыўкраснага сяброўства"

  • Алена Панкратава
Выканаўчы рэдактар Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Джон О'Салівэн – пра візыт папы Бэнэдыкта XVI у ЗША.

Цяперашні візыт у ЗША Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI мае надалей ўзмацніць сяброўства паміж Ватыканам і Вашынгтонам. Натуральна, паміж імі існуюць разыходжаньні ў такіх пытаньнях, як вайна ў Іраку ці роля ААН, але гэтыя тэмы ня будуць асноўнымі для абмеркаваньня. Амэрыка і Папа цудоўна ладзяць.

Але так было не заўсёды. ЗША – пераважна пратэстанцкая краіна, і шмат амэрыканцаў яшчэ ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя падазравалі каталіцкую царкву ў варожасьці да грамадзянскай і рэлігійнай свабоды.

Каталіцкія лідэры давалі падставы для недаверу. Папа Леў XIII крытыкаваў тых амэрыканскіх каталікоў, якія лічылі, што Касьцёл павінны прымірыцца з такімі ідэямі, як свабода прэсы, лібэралізм, індывідуалізм і аддзяленьне царквы ад дзяржавы. Гэтая ерась нават атрымала назву "амэрыканізм". Але на Другой Ватыканскай Радзе на пачатку 1960-х Каталіцкая царква прыняла ідэалы рэлігійнай свабоды (шмат у чым дзякуючы выбітнаму амэрыканскаму езуіту Джону Кортні Мюрэю).

Прывід "амэрыканізму" быў канчаткова пахаваны ў 1979 годзе, калі Папа Ян Павал ІІ падчас візыту ў ЗША зьвярнуўся да натоўпу ў Бостане, словамі: "Вітаю цябе, прыўкрасная Амэрыка". Партнэрства Папы з прэзыдэнтам ЗША Роналдам Рэйганам прычынілася да распаду савецкай імпэрыі. На час сваёй сьмерці тры гады таму Ян Павал ІІ быў духоўным аўтарытэтам для амэрыканцаў розных веравызнаньняў.

Бэнэдыкт XVI, у адрозьненьне ад свайго папярэдніка, дагэтуль мала вядомы амэрыканскай публіцы. У мэдыях яго часта апісвалі, як "Ратвэйлера" – абаронцу артадаксальных каталіцкіх нормаў. Да таго ж яму засталася цяжкая спадчына сэкс-скандалаў ў каталіцкай царкве. Але за гэтыя гады новы Папа паказаў, што ў ягонай асобе з асабістай сьціпласьцю спалучаюцца адкрытасьць, акцэнт на любові і разуменьні, і жаданьне пабудаваць масты паміж каталікамі і прадстаўнікамі іншых веравызнаньняў.

Цяперашні візыт Бэнэдыкта XVI хутчэй за ўсё будзе сфакусаваны на трох тэмах – іміграцыі, ААН і ўздыме радыкальнага ісламізму.

Каталіцкая царква заўсёды спрабавала прымірыць правы мігрантаў з правамі нацыяў абараняць свае ўласныя культуры і тоеснасьці. Правы мігрантаў займаюць важнае месца ў пасланьнях каталіцкіх біскупаў ЗША. У той жа час большасьць амэрыканцаў і значнай частка каталікоў баяцца, што некантраляваная іміграцыя пашкодзіць Злучаным Штатам.

Падчас другога прэзыдэнцкага тэрміну Джорджа Буша-малодшага амэрыканская адміністрацыя стала больш прыхільнай да міжнароднага супрацоўніцтва, але шмат якія амэрыканцы лічаць ААН недэмакратычнай арганізацыяй, варожай да свабоды і з занадта вялікім уплывам Кітаю і Расеі. Ватыкан падтрымлівае ААН, але ў той жа час па шмат якіх пытаньнях іх каштоўнасьці не супадаюць.

Адносіны з ісламам – вельмі складанае пытаньне для Ватыкану. З аднаго боку, ісламскія краіны – асноўныя саюзьнікі ў ААН у такіх пытаньнях, як аборты, з другога боку – Ватыкан спрабуе пераканаць гэтыя краіны даць большую рэлігійную свабоду сваім грамадзянам-хрысьціянам. Разам з краінам Захаду і памяркоўнымі мусульманамі, Ватыкану таксама даводзіцца змагацца з выклікам ісламскага радыкалізму.

Яшчэ на пачатку 1970-х гадоў Ватыкан глядзеў на ЗША як на небясьпечную і непрадказальную краіну. Але ў сучасным сьвеце Эўропа робіцца ўсё больш сьвецкай і нават варожай да рэлігіі, адмовіўшыся прызнаць сваю хрысьціянскую спадчыну ў прапанаванай Канстытуцыі. Зь іншага боку, Амэрыка мае жывую і актыўную рэлігійную супольнасьць, у якой прызнаецца Бог, паважаецца каталіцызм ды іншыя плыні хрысьціянства, і якая грунтуецца свабодзе сумленьня. Амэрыканцы робяць сваю долю грахоў, але пры гэтым "амэрыканізм" працуе, і Папа Бэнэдыкт XVI гэта разумее.

Кажучы неўміручымі словамі галоўнага героя фільму "Касаблянка", гэта выглядае як пачатак прыўкраснага сяброўства.