“Заўсёды будзем падтрымліваць людзей, якія змагаюцца за незалежнасьць”

Да будынку суду Цэнтральнага раёну Менску прышлі некалькі дзесяткаў чалавек. Гэткім чынам яны выказалі падтрымку людзям, над якімі адбываўся суд.

Карэспандэнтка: “Зьміцер Хведарук зараз з партрэтам чалавека, якога судзяць, так?”
Судзяць людзей, якія не вінаватыя

Хведарук: “Так. Я прыйшоў таму, што тут судзяць людзей, якія не вінаватыя. Не вінаватыя ні перад людзьмі, ні перад Богам за тое, што маюць такія перакананьні. Не вінаватыя перад законам і Канстытуцыяй, якая дазваляе такія шэсьці. Яны ад шчырага сэрца жадаюць пераменаў у нашай краіне, і не падтрымаць іх у такую хвіліну было б ганьбай для кожнага чалавека”.

Тым часам супрацоўнікі АМАПу перамаўляюцца праз рацыі і выштурхоўваюць людзей.

Карэспандэнтка: “Зьміцер Дашкевіч, што вы скажаце пра тое, што адбываецца?”

Дашкевіч: “Адбываецца чарговае беззаконьне. Улада сьведчыць, што баіцца ўласных грамадзянаў. Баіцца дзяцей, якія маюць мужнасьць выказваць свае погляды адкрыта”.
Справа, паводле якой судзяць, сфальсыфікаваная

Карэспандэнтка: “Артур Фінькевіч, калі ласка, вашае меркаваньне?”

Фінькевіч: “Не даюць спакойна падтрымаць сяброў, якіх судзяць ні за што. Абсалютнае бяспраўе яшчэ раз пацьвярджаецца рукамі спэцназу. Але відавочна, што рашэньне прымаецца ў адміністрацыі прэзыдэнта”.

Карэспандэнтка: “Вы з партрэтам каго?”

Юнак: “Я з партрэтам Андрэя Кіма. Справа, паводле якой яго судзяць, сфальсыфікаваная. Бо няма ніводнага доказу таго, што ён зьбіваў таго міліцыянта. Мы ведаем факт, калі сапраўды зьбілі Зьмітра Хведарука да непрытомнасьці. Але ў нас супраць міліцыянтаў, якія парушаюць закон, не распачынаюць крымінальныя справы”.

Карэспандэнтка: “Скажыце калі ласка, вы адмыслова ці выпадкова тут?”

Спадарыня: “Канечне, не выпадкова. Я маці маладафронтаўкі, якая ідзе з партрэтам паперадзе. Гвалт. Баюся за яе, але што рабіць, калі ў нас такі рэжым. Зь ім можна толькі змагацца”.

Карэспандэнтка: “Алег Корбан, што вы думаеце пра тое, што зараз выціснулі людзей з партрэтамі?”

Корбан: “Думаю, што ўлада баіцца любой формы падтрымкі і пратэсту”.

Карэспандэнтка: “Вы зараз раздавалі што? Каву і гарбату?”
Паглядзіце, як шмат людзей прыйшло. Гэта значыць, што мы ёсьць, што жыве Беларусь

Юначка: “Так. Тут недалёка філялягічны факультэт, я там навучаюся. Мы пайшлі і набралі гарбаты, колькі здолелі прынесьці”.

Юнак: “Пайшлі ў Макдоналдз, але там вельмі падазрона раптам скончылася вада”.

Юначка: “Гэта і фізычная, і маральная падтрымка людзям, якія ў судзе і тут каля будынку мерзнуць”.

Карэспандэнтка: “У вас футболка з партрэтам Андрэя Кіма, так?”

Юнак: “Так. Прыйшоў падтрымаць таго ж Андрэя Кіма і іншых знаёмых мне людзей. Яны нас, вядома, ня чуюць і ня бачаць, але, я думаю, яны будуць ведаць пра нас”.

Карэспандэнтка: “Галіна Васільеўна Сіўчык, што вы скажаце пра тое, што адбываецца тут каля суду?”

Сіўчык: “Па-першае, я прыйшла выказаць сваю салідарнасьць маці і жонкам. Бо я сама за гэтыя 12 гадоў прайшла многа судоў. А па-другое, паглядзіце, як шмат людзей прыйшло. Гэта значыць, што мы ёсьць, што жыве Беларусь. І мы заўсёды будзем падтрымліваць нашых дзяцей, якія змагаюцца за незалежнасьць Беларусі”.