"Самая беларуская рыба – шчупак. І сом..."

Госьця Начной Свабоды – археазаоляг Элона Ляшкевіч, яна вывучае рэшткі рыб, а таксама старажытнае рыбалоўства.

Соўсь: “Элона, скажыце, калі ласка, а самі Вы вудзіце рыбу?”

Ляшкевіч: “Мне аднойчы даводзілася падчас экспэдыцыі лавіць рыбу на Панямоньні. Здаецца, нічога ня выцягнула. Рыбу я не лаўлю, бо цікавяць мяне не сучасныя прылады, а старажытныя. Але я спадзяюся, што калі-небудзь займуся экспэрымэнтальнай археалёгіяй. Гэта рэканструкцыя старажытных прыладаў і, можа, тады паспрабую сябе ў якасьці рыбачкі”.

Соўсь: “Элона, на пазамінулым тыдні ў эфіры “Свабоды” мы расказвалі пра злоўленага ў Прыпяці вялізнага сома 38 кіляграмаў, 1 мэтар 80 см даўжынёй, якога злавілі рыбакі Валеры і Зоя Анікейчыкі. Пасьля гэтага сюжэту Свабоды Вы зьвязаліся з рыбакамі і ўзялі ў іх косткі сома на дасьледаваньне. Чаму Вас зацікавіў гэты сом? Што незвычайнага ў ім?”

Ляшкевіч:
“Я атрымала рэшткі гэтага сома, за што вельмі ўдзячная сям'і Анікейчыкаў , якія здабылі такую вялізную рыбу. Справа ў тым, што, каб дасьледаваць косткі старажытны х рыбаў, трэба для параўнаньня мець эталённую калекцыю сучасных відаў. Я яе пачала зьбіраць 15 гадоў таму. Канечне ўзрадавалася магчымасьці набыць вось такую буйную асобіну сома, таму што на рынку ці ў краме яе ня купіш, зразумела. Напрыклад у майго калегі з Польшчы максымальная даўжыня сома ў калекцыі -- мэтар. У мяне была менш. Цяпер будзе такі вялізны экзэмпляр”.

Соўсь: “А ў Вашай калекцыі гэта самая вялікая рыбіна?”

Ляшкевіч: “Так, самая вялікая. З сучасных відаў. А з раскопак канечне ёсьць у нас і большыя самы. Але іх велічыня была разьлічаная мэтадам формул. Не было параўнаўчага эталёну. А зараз у мяне будзе ўжо нейкая апора сярод костак сучасных рыб”.

Соўсь: “А якая даўжыня сому ў старажытнасьці найвялікшая была?”

Максымальныя рыбіны, якія мы знаходзілі -- 205 сантымэтраў -- ў Горадні ў Старым замку
Ляшкевіч:
“Максымальныя рыбіны, якія мы знаходзілі -- 205 сантымэтраў -- ў Горадні ў Старым замку. Недзе 13 стагодзьдзе, пачатак 14-га. Дарэчы, там знойдзена вельмі шмат самоў. Гэта была нават ня проста нейкая рыбалка, а паляваньне на самоў. Таму што такая колькасьць самоў сьведчыць пра тое, што гэта быў такі аматарскі лоў, які можна параўнаць сапраўды з паляваньнем. Там знойдзены яшчэ асяцёр балтыйскі і іншыя каштоўныя рыбіны. Таксама Горядня -- такі выдатны выбітны помнік ня толькі ў культурным пляне, але і з пункту гледжаньня архаііхтыялёгіі”.

Соўсь: “Увогуле наколькі было пашыранае рыбалоўства ў беларусаў?”

Ляшкевіч: “Мяркуючы па археалягічным матэрыяле, у кожным горадзе былі знойдзеныя рыбацкія прылады, хоць адна прылада, але ёсьць у культурным слоі абавязкова. Як сьлед знаходзяцца і косьці рыб, але косьці рыб могуць сьведчыць не пра рыбацтва, а проста пра ўжываньне. А вось прылады ў гарадах -- гэта такі індыкатар таго, што займалася гарадзкое насельніцтва ў некаторых гарадах вельмі шырока. У той жа Горадні вялізная калекцыя кручкоў, у некаторых гарадах пераважваюць грузіла ад сетак -- сьведчаньне сеткавага лову. Канечне продкі займаліся рыбалоўствам вельмі актыўна. Я займаюся рыбалоўствам, пачынаючы з далёкіх часоў, з мэзаліту зьбіраю інфармацыю, пра стаянкі каменнага веку. І мы таксама там знаходзім прылады і рэшткі рыб. Таму можна сказаць, што ва ўсе часы і рознымі спосабамі беларусы займаліся рыбалоўствам”.

У нас зьніклі з першую чаргу асятровыя і ласасёвыя
Соўсь
: “Якія рыбіны зьніклі? Якія новыя зьявіліся?”

Ляшкевіч: ”У нас зьніклі з першую чаргу асятровыя і ласасёвыя, пачалі зьнікаць напачатку 19 стагодзьдзя ў выніку актыўнай здабычы. Але ўжо апошні прысуд -- будаўніцтва плацінаў і ход сюды ім быў перакрыты на нашы рэкі. Хаця асятровых мы знаходзім і ў раскопках. І фіксуюцца яны і ў літаратурным крыніцах”.

Соўсь:
“Скажыце, а што можна выявіць, дасьледуючы рыбіны косткі? Як можна вынікі Вашых дасьледаваньняў прымяніць на практыцы?”

Ляшкевіч: “Нам не хапае тых ведаў, што продкі нашы ўжывалі рыбу. Нам хочацца ведаць, якую рыбу яны ўжывалі, яе памерна-узроставыя паказьнікі, выйсьці на аб'ём спажываньня. Высьветліць долю рыбнага харчаваньня ў рацыёне. Я таксама спадзяюся на выкарыстаньне ў будучым мэтадаў, якія дазволяць ведаць і спосаб прыгатаваньня -- засолка, вэнджаньне. Усё гэта можна здабыць з рыбных костак. Яшчэ адзін аспэкт, дарэчы вельмі цікавы -- гэта выкарыстаньне рыбных костак у якасьці сыравіны для касьцярэзнага рамяства. Знаходзім мы цікавага вырабу амулеты з касьцей рыб , таксама галіна такая нераспрацаваная яшчэ для мастацтвазнаўцаў”.

Соўсь: “Ці шмат у Беларусі спэцыялістаў, якія дасьледуюць косткі старажытных рыбаў? У якіх краінах такія досьледы вядуцца найбольш актыўна?”

Ляшкевіч: “Такіх спэцыялістаў няма. Мне удалося заахвоціць калегу заоляга, ён зараз даволі пасьпяхова вывучае луску з археалягічных раскопак. Напісаў кнігу. Вельмі актыўна такія досьледы вядуцца ў Польшчы, там склалася выдатная школа У 60-я гады такая школа існавала ў СССР. А зараз рэшткі рыб вызначаюць адзінкавыя спэцыялісты”.

Соўсь: “А якая, на Ваш погляд, самая беларуская рыба?”

Ляшкевіч: “Мяркуючы па раскопках, гэта канечне шчупак, бо ён фіксуецца яшчэ ад самых даўніх часоў. Няма ніводнага паселішча, гарадзішча, дзе не былі б знойдзеныя косткі шчупакоў, дарэчы, вельмі буйных. Можна сказаць, што самым распаўсюджаным быў шчупак. Сёньня мы ведаем , што шчупак -- аб'ект аматарскага лову. а не прамысловага. Прамысловага -- у нас іншая статыстыка -- плотка. лешч, а шчупак у сёньня -- гэта улюблёны аб’ект рыбакоў”.

Соўсь: “Гэта паводле распаўсюджанасьці, а калі гаварыць пра характар рыбы, ці можна ўвогуле гаварыць пра характар, то якая найбольш беларуская рыба?”

Там няма ніякага калгасу, ніякай улады. Жывуць рыбакі халасьцякі са сваімі маткамі
Ляшкевіч
: “Можа, сом. Як мне бачыцца на інтуітыўным ўзроўні”.

Соўсь: “Ведаю, што ў вёсцы Бабровічы на Берасьцейшчыне Вы з мужам купілі домік. Гэтую вёску называюць самай адзінокай вёскай у Беларусі – у радыюсе 11 кілямэтраў ніводнага населенага пункту. Чаму? Што Вы там звычайна робіце?”

Ляшкевіч: “Калі мы набывалі дом, былі ўражаныя адасобленасьцю месца, нейкай асаблівай пяшчотай палескай прыроды. Уразіла таксма вялізнае чыстае возера, таксама ўклад жыхароў, амаль першабытны --- рыбацтва і зьбіральніцтва. Там няма ніякага калгасу, ніякай улады. Жывуць рыбакі халасьцякі са сваімі маткамі, прыезжыя таксама. Але галоўнае, што па берагах возера знаходзяцца стаянкі каменнага веку, і вось магчымасьць дасьледаваць іх была той прычынай, каб набыць там дом і пасьпяхова там прыжыць ужо 6 гадоў. Тры гады мы там вялі раскопкі, і дарэчы падводныя раскопкі з варшаўскімі студэнтамі ажыцьцяўлялі. Там каменнага веку ўвесь набор -- наканечнікі стрэлаў, прылады каменныя, скрабкі , і розначасовы матэрыял -- ганчарныя кераміка сярэднявечча. Мясьціна, багатыя на помнікі, багатая на гісторыю. Вёска Бабровічы адносіцца яшчэ да спаленых вёсак, як Хатынь. Там больш за 600 жыхароў было спалена”.

Соўсь: “У Вас трое дзетак, ці вазілі Вы іх з сабой на археалягічныя раскопкі?”

Ляшкевіч: “Яны актыўна ўдзельнічалі ў раскопках, ім вельмі спадабалася. Я цягалі цяжкі вёдры з грунтам, вельмі добра адшуквалі там усё, што трэба Маім дзецям вельмі падабаецца ўдзельнічаць у раскопках. Амаль што былі там аднымі з першых, хто мне дапамагаў. Калі буду працягваць раскопкі, то магчыма, буду браць з сабой дзяцей”.

Соўсь:
“Магчыма, у будучыні яны працягнуць Вашу справу”.

Ляшкевіч: “Буду спадзявацца”.

Элона Ляшкевіч скончыла геаграфічны факультэт БДУ. Падчас вучобы езьдзіла на практыку ў археалягічныя экспэдыцыі. Яе будучы кіраўнік археоляг Міхась Чарняўскі натхніў на працу з рэшткамі рыб. Тады не было ( і няма дагэтуль) спэцыяльных атласаў, таму Элона сама стварала эталённую калекцыю сучасных відаў рыб.

Далей цікавасьць перакінулася на рыбалоўства. Цяпер Элона працуе над кнігай “Гісторыя рыбалоўства Беларусі”.