За сем кілямэтраў, каб навесьці фрызуру...

Практычна ўсе 11 абавязковых паслугаў, якія прадастаўляюцца вясковым жыхарам дзяржаўнымі бытавымі службамі, зьяўляюцца стратнымі. Каб не фінансавая падтрымка з боку дзяржавы, комплексна-прыёмных пунктаў на вёсках наагул бы не існавала.

Я ў мястэчку Індура, што ў 20 км ад Горадні. Заходжу ў комплексна-прыёмны пункт Гарадзенскага райбыткамбіната. Цішыня.

Загадчыца Марыя Маркевіч у адной асобе і прыёмшчыца, і швачка, і прыбіральшчыца. Распавядае: пункт абслугоўвае, акрамя Індуры, яшчэ 19 вёсак. Аднак у іх, як правіла, людзі карыстаюцца паслугамі КПП вельмі рэдка.

За мінулы тыдзень купілі пяць трунаў з навакольных вёсак. І з Адэльска прыяжджалі, і з Падліпак, і з Старадубавой, і з Луцкаўлян... Нешта мруць людзі

Два разы на тыдзень яна езьдзіць машынай па вёсках і забірае паламаныя тэлевізары, лядоўні, абутак для рамонту, іншае й адвозіць у раён. У гэтым і заключаюцца паслугі прыёмнага пункту.

Карэспандэнт: “А якімі паслугамі найчасьцей карыстаюцца вашыя кліенты, якія жывуць непасрэдна ў Індуры?”

Маркевіч: “Цырульня, рамонт абутку, адзеньня, пральня й кампутары. Дзеці вельмі задаволеныя кампутарамі”.

Побач з пакоем, дзе стаяць кампутары, пакой рытуальных рэчаў: вянкі, труны, ленты...

Маркевіч: “За мінулы тыдзень купілі пяць трунаў з навакольных вёсак. І з Адэльска прыяжджалі, і з Падліпак, і з Старадубавой, і з Луцкаўлян... Нешта мруць людзі”.

Перад цырульняй сядзяць дзяўчаты і чакаюць сваёй чаргі. Пытаюся, ці карыстаюцца яны яшчэ нейкімі паслугамі?

Дзяўчына: “Ды не, мы толькі ў цырульню”.

Карэспандэнт: “А ў кампутары пасядзець?”

Дзяўчына: “А мы не адсюль, мы са Старадубавой, гэта ў сямі кілямэтрах”.

Дзяўчына: “У нас шмат моладзі, але няма ніякага Дома быта. Акрамя цырульні не пашкодзілі б і кампутары на пракат, ды й каб пашыць можна было што-небудзь”.

Між тым гаспадыня КПП – спадарыня Маркевіч гаворыць, што зьбіраецца наагул звальняцца. Чаму? Яе заробак складае 300 тысяч беларускіх рублёў, а пражыць за гэта нават у вёсцы даволі складана…

Усе бытавыя паслугі, асабліва сацыяльна-значныя – усе стратныя, рэнтабельнасьць іх там нуль
Загадчык Гарадзенскага райбыткамбінату Васіль Кавальчук цьвердзіць: арганізацыя прадастаўляе ўсе 11 бытавых паслугаў, хоць рабіць тое зусім няпроста.

Кавальчук: “Усе бытавыя паслугі, асабліва сацыяльна-значныя – усе стратныя, рэнтабельнасьць іх там нуль. І пра гэта нават не даводзіцца гаварыць. Мы наладзілі выпуск бэтоннай агароджы й разьлічваем атрымаць за сакавік да 200 мільёнаў, што і дапаможа скараціць адмоўную рэнтабэльнасьць”.

Васіль Кавальчук перакананы: шанец разьвіваць службу бытавых паслугаў у глыбінцы зьявіцца толькі пры ўмове, калі дзяржава дасьць ім паболей свабоды.