Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістам абмежавалі правы на разглядзе справы «чорных рыэлтараў»


Ілюстрацыйнае фота

Журналістам забаранілі рабіць аўдыёзапіс на судовым працэсе ў Магілёўскім абласным судзе па гэтак званай справе «чорных рыэлтараў», якіх вінавацяць у шасьці забойствах.

Падставы такога рашэньня судзьдзі журналістам, якія 16 сьнежня прыйшлі на разгляд справы, не патлумачылі. Паводле карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Уладзімера Лапцэвіча, супрацоўнік Дэпартамэнту аховы прапусьціў журналістаў у судовую залю пасьля таго, як яны здалі свой рэпартэрскі рыштунак у камэру захоўваньня.

«Ахоўнік на ўваходзе сказаў здаць аўдыё, відэа, фотаапаратуру, а таксама мабільныя тэлефоны. На тлумачэньні, што аўдыёзапіс патрэбен для больш дакладнага асьвятленьня працэсу, ён спаслаўся на загад судзьдзі Рыгора Качалава, які разглядае справу. Ахоўнік паспрабаваў перапытаць у судзьдзі, ці насамрэч журналістам забаронена мець на працэсе прылады працы, але той праігнараваў пытаньне», — паведаміў Уладзімер Лапцэвіч.

Па сканчэньні судовага пасяджэньня карэспандэнт БелаПАНа зрабіў запіс у кнізе заўваг і прапаноў пра парушэньне правоў журналістаў судзьдзём Качалавым. Уладзімер Лапцэвіч спаслаўся на шэраг законаў і рэкамэндацыяў, якія дазваляюць журналісту выкарыстоўваць аўдыёзапіс на судовым працэсе.

«На працэсе мы можам толькі пісаць, але гэта ўскладняе працу журналіста. Працэс няпросты. Калі рэпартэр нешта недачуе, то можа паведаміць скажоную інфармацыю. Спраўдзіць яе дакладнасьць у яго папросту ня будзе ў каго», — заўважае карэспандэнт незалежнага СМІ.

Працэс у справе «чорных рыэлтараў» пачаўся два месяцы таму. Пра гэта журналісты даведаліся выпадкова, бо адкрытыя крыніцы пра яго не паведамлялі.

На лаве падсудных Ігар Гершанкоў, Тацяна Гершанкова, Сямён Беражны і Ігар Калесьнікаў. Ім інкрымінуецца забойства пры абцяжлівых акалічнасьцях, падрыхтоўка да забойства, выкраданьне чалавека, падрыхтоўка да выкраданьня чалавека, разбой, махлярства, вымаганьне, незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў ды зьнішчэньне дакумэнтаў.

Сьледзтва ўстанавіла, што злачынная групоўка падшуквала ахвяраў сацыяльна ўразьлівай катэгорыі насельніцтва і ўгаворвала чалавека прадаць сваю кватэру. Пасьля яе продажу заваблівалі ахвяру ў бязьлюднае месца і забівалі. Высьветлена, што абвінавачваныя за пэрыяд ад 2009 па 2015 год учынілі 6 выкраданьняў і забойстваў. Ахвяраў хавалі на адных з прыгарадных магілёўскіх могілак.

«Цяпер на працэсе ідзе заслухоўваньне дасудовага сьледзтва. Агучваюцца пратаколы падсудных. Адзін зь фігурантаў, Беражны, расказаў, як яны забівалі чалавека. Апускалі яго ў магілу і закопвалі», — паведаміў Уладзімер Лапцэвіч.

Выкрылі групоўку ў 2015 годзе, калі адпрацоўваліся захады пошуку бязь вестак зьніклых. Справа «чорных рыэлтараў» лічыцца расстрэльнай.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG