Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь беларускай мовай у нас нікуды, а з расейскай — калі ласка, паўсюль...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Празь месяц улады Беларусі мяркуюць правесьці так званы «Ўсебеларускі народны сход» — вялікую нараду прыхільнікаў рэжыму, сцэнар якой уяўляе сабой амаль дакладную копію колішніх зьездаў КПСС. У чым сэнс гэтай імпрэзы, ход і вынікі якой усім загадзя вядомыя?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Андрэй Кот з Полацку піша:

«Вось абвясьцілі, што зноў будуць праводзіць гэты зьезд, які чамусьці называецца „Усебеларускім народным сходам“. Усім загадзя вядома, што там будзе і як усё скончыцца. Аднадушная падтрымка мудрай палітыкі народнага прэзыдэнта гарантавана. А куды давяла гэта палітыка — пра гэта, як заўсёды, прамаўчаць.

Лукашэнка загадзя абвясьціў, што ніякія рэформы нам не патрэбныя. Але гаварыць ён можа што заўгодна — а зьмены ўсё роўна адбудуцца, як бы ён ні супраціўляўся. Вось, напрыклад, ёсьць такая вёска Гальшаны пад Берасьцем, дзе жывуць сяляне-пратэстанты. Рыгоравіч можа адмахвацца ад рэформаў як ад мух, але гэтыя сяляне зробяць сабе рэформы самі.

Ужо ўсім відавочна, што савецкія індустрыяльныя гіганты будуць дэградаваць, а беларусы тым часам вернуцца ў родныя вёскі. Сярэднявечная наша сьвядомасьць спародзіць сярэднявечную ж рэчаіснасьць. І гэта можна будзе назваць мірнымі пераменамі — амаль у адпаведнасьці з плянамі Тацяны Караткевіч.

Абы толькі не прымалі ідыёцкіх законаў».

Наўрад ці беларусам патрэбныя такія рэформы, якія б вярнулі іх у патрыярхальную сярэднявечную рэчаіснасьць — без прамысловасьці і з саматужнай сельскай гаспадаркай.

Лякаматыў гісторыі задняга ходу ня мае, спадар Андрэй: вяртаньня ў сярэднявечча ня будзе. Іншая справа, што машыніст мае магчымасьць значна запаволіць хуткасьць: што, уласна, і адбылося зь беларускім цягніком за апошнія два дзесяцігодзьдзі. Тым часам як амаль усе суседзі даўно вырваліся наперад, беларускі машыніст галоўным чынам тармазіў, ці то шукаючы нейкія іншыя рэйкі, ці азіраючыся назад і настальгічна ўздыхаючы па даўно прамінулых станцыях.

Наступны кароткі ліст — таксама на тэму праўладнага сходу, які павінен адбыцца ў чэрвені. Наш слухач Ільля Саснавец са Слуцку піша:

«Лукашэнкаў „Усебеларускі сход“ — гэта вялікае марнатраўства народных грошай. Усе як адзін будуць хваліць Лукашэнку, а за гэта ім наладзяць сьвяточныя банкеты, канцэрты ды падарункі. І гэта ў той час, калі грошай у краіне не хапае на самае неабходнае — на пэнсіі, мэдыцыну і адукацыю. Няхай бы аплочвалі ўсе гэтыя забавы з уласнай кішэні, а не зь дзяржаўнага бюджэту. Здаецца, такіх курултаяў не было нават у Савецкім Саюзе».

У Савецкім Саюзе такія, так бы мовіць, «курултаі» былі — якраз адтуль і ўзяў для сябе ўзор Аляксандар Лукашэнка. Праўда, тады гэтыя зьезды фармальна фінансаваліся не зь дзяржаўнага, а з партыйнага бюджэту. А партыйныя даходы, дарэчы, былі зусім не малыя: дваццаць мільёнаў савецкіх камуністаў спраўна плацілі партыйныя складкі. Прычым партыйны кантроль за гэтым быў строгі.

* * *

Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды, — лёс беларускай мовы, адказнасьць улады і грамадзтва за цяперашні яе драматычны стан. Наш слухач Мікалай Астаповіч зь Менску з гэтай нагоды піша:

«Мяне абурае, калі змагары, якія часта выступаюць у вас на сайце і ў эфіры, абвінавачваюць простых людзей у несьвядомасьці, у грэбаваньні беларускай мовай. Асабіста я сваёй віны ня бачу. Хіба я вінаваты ў тым, што змалку гэтай мовы амаль ня чуў? Бацькі ў сямʼі гаварылі пераважна па-расейску, як і ўсе ў горадзе. Дзіцячы сад, школа — па-расейску. Потым політэхнічны інстытут — таксама.

Беларуская мова — гэта толькі некалькі летніх тыдняў у бабулі ў Нясьвіскім раёне, рэдкія ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў школе, ды яшчэ эпізадычныя праграмы па БТ.

Так, у мяне, як і ў многіх іншых, ёсьць сантымэнт да беларускай мовы. Калі бываю ў Польшчы, Літве, Украіне, слухаю мясцовых жыхароў — міжволі адчуваю сябе ніякавата. Як жа так: па пашпарце мы беларусы, а нічога беларускага амаль не захавалі? Але калі глыбей задумацца: чыя ў тым віна? Ды хіба я супраць беларускасьці? Але ж вы стварыце такія ўмовы, як у той жа Польшчы — каб бяз мовы нікуды. Каб начальнік з табой — па-беларуску. Захацеў вучыцца ва ўнівэрсытэце — па-беларуску. Падаеш заяву — мусіш пісаць па-беларуску. А ў нас жа ўсё наадварот: гэта зь беларускай мовай нікуды, а з расейскай — калі ласка, паўсюль».

Старая беларуская спрэчка пра тое, хто больш вінаваты ў заняпадзе нацыянальнай мовы. Улада ківае на грамадзтва: маўляў, самі людзі не прымаюць беларусізацыі, ня хочуць адраджэньня мовы. А ў русыфікаваным грамадзтве распаўсюджанае меркаваньне, якога прытрымліваецеся і вы, спадар Мікалай: вось калі б дзяржава стварыла адпаведныя ўмовы — тады б я калі ласка. А бяз гэтага — чаго ад мяне хацець: я як усе... У гэтым зачараваным коле круцілася і БССР амаль усе сем дзесяцігодзьдзяў свайго існаваньня; працягвае круціцца і незалежная Рэспубліка Беларусь — ужо больш як дваццаць год. Хоць і значнай частцы грамадзтва, і многім у асяродку ўлады відавочна: не захаваўшы нацыянальную ідэнтычнасьць, самасьвядомасьць і найперш мову — захаваць дзяржаўную незалежнасьць у пэрспэктыве будзе надзвычай складана.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG