Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На ўвесь былы калгас — толькі два школьнікі...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Тэма, якая на працягу многіх гадоў нязьменна гучыць у пошце Свабоды, — заняпад і маруднае выміраньне тысяч беларускіх вёсак. Чаму так адбываецца? Хто ў гэтым вінаваты? І ці такі ўжо незваротны гэты працэс, як часам кажуць намэнклятурныя начальнікі?

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, які даслаў наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў. Ён піша:

«Слухаю нейкую перадачу дзяржаўнага радыё. Як звычайна, пачынаюць з паездак і заяваў Лукашэнкі. І чаму гэта прэзыдэнт ніколі не размаўляе, як людзі? Увесь час нешта „заяўляе“, „адзначае“, „падкрэсьлівае“, „зьвяртае ўвагу“... А што, каб так гаварылі паўсюль? Як, напрыклад, гучала б мая ўчарашняя гутарка з мужчынам год 75, які чакаў на аўтастанцыі той самы аўтобус, што і я? Толькі ехаў ён далей за мяне — у дальнюю вёску Лагі, што непадалёк ад Пуцілкавіч, радзімы Петруся Броўкі.

Калісьці я часта бываў у тых краях па справах. Тамтэйшы калгас называўся „Новае жыцьцё“ і гаспадарыў на лапіку зямлі, сьціснутай з усіх бакоў лясамі, балотамі і сям-там расквечанай блакітнымі плямкамі невялічкіх азёр — Мурагі, Тартак, Сьверзна, Лагі, Ветчанскае.

Дык вось, пытаюся ў дзеда: „Ну, а як там у вас жыцьцё, у „Новым жыцьці“? Новае ці па-старому?“

Людзей у працоўным веку, лічы, няма. У нас нават і школы ўсе пазачынялі, што пры калгасе былі. На ўвесь былы калгас, колькі ёсьць вёсак, толькі два вучні.

„Ну, цяпер ужо ня „Новае жыцьцё“, а нейкае ці то КСУП, ці то ПУКС „Вялікадолецкае“. А жыцьцё... Зарастаем! — стары вырачана махнуў рукой. — Страшна зямля зарастае, усё — палі, лугі. Кустоўе, дрэвы растуць як на дражджах. І баршчавік — такая зараза, ніякага ад яго паратунку. Ён усюды, куды ні глянь. А каму зь ім змагацца? Людзей у працоўным веку, лічы, няма. У нас нават і школы ўсе пазачынялі, што пры калгасе былі. На ўвесь былы калгас, колькі ёсьць вёсак, толькі два вучні. Іх на аўтобусе возяць у школу ў Вялікія Дольцы, за 15 кілямэтраў.

— А што ж палі? Не аруцца, не засяваюцца?“

— Дзе там! Кажу ж — усё зарастае.

— У вас жа, здаецца, Дарошчанка кіруе? Кажуць, талковы...

— А што Дарошчанка? Што з таго, што талковы? Што ён зробіць, калі ні людзей, ні грошай няма? Каб толькі на 10 сотках баршчавік зьнішчыць, кажуць, мільён рублёў! А ў Дарошчанкі ж цяпер, акрамя нас, яшчэ два былыя саўгасы — „Касары“ і „Вялікадолецкі“! Зямлі, як у князя якога! Адно дрэнь — ні людзей, ні грошай. Так толькі, капейкі, запчасткі якія купіць ды заробак выплаціць».

На жаль, на гэтым размова спынілася — да пасадачнай плятформы падышоў наш аўтобус: Вушачы — Пуцілкавічы...

Ну як? Па-мойму, дзікавата неяк атрымліваецца. Я маю на ўвазе ня толькі ўсе гэтыя быццам бы значныя, а на самой справе пустыя словы — «падкрэсьліў, адзначыў, заявіў...» Што хаваецца за імі, якая Беларусь? Тая, што квітнее ўздоўж аўтамагістраляў і якую паказвае дзяржаўнае тэлебачаньне? Ці тая, што на радзіме Петруся Броўкі зарастае баршчавіком і кустоўем, з выміраючымі вёскамі і вёсачкамі, з зачыненымі фэрмамі, школамі, ФАПамі і бібліятэкамі?" —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль зь мястэчка Вушачы.

Прыкладна тое самае назіраю на сваёй малой радзіме — на поўначы Шчучынскага раёну. Вёскі, якія памятаю шматлюднымі, шматдзетнымі, працавітымі — адна за адной занепадаюць, зьнікаюць, паміраюць. Чыноўнікі ў адказ на пытаньні пра гэта звычайна разводзяць рукамі: «А што тут улада можа зрабіць? Людзей жа не ўтрымаеш — урбанізацыя...» Нібы тая ўрбанізацыя — нейкі тайфун ці іншае стыхійнае бедзтва. Нібы ўрбанізацыю не перажылі іншыя эўрапейскія краіны. Але ў іх у выніку нават самая глухая правінцыя — акуратная, дагледжаная, утульная, а ў Беларусі найчасьцей — занядбаная ды напаўжывая...

Вёска памірае не тады, калі ў ёй становіцца меней людзей, а тады, калі зьнікае гаспадар на зямлі.

Вёска памірае не тады, калі ў ёй становіцца меней людзей, а тады, калі зьнікае гаспадар на зямлі. Яшчэ ў 70-я і 80-я гады мінулага стагодзьдзя мы, дзеці сялян, гвалтам загнаных пасьля вайны ў калгасы, добра ведалі, дзе чые зямля, лес, нават забраныя ў калгас пабудовы — былыя прыватныя гумны... Ці падаліся б многія мае равесьнікі ў горад, калі б мелі ўласную зямлю і гаспадарку, што дасталася ад продкаў? Сумняюся.

Аднавіць справядлівасьць і вярнуць па-бандыцку забранае камуністамі ня позна было б яшчэ і напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х. Перакананы: ня ўсе, але многія вярнуліся б на ўласную зямлю. Асабліва калі б дзяржава дапамагла і хоць часткова кампэнсавала тое, што некалі забрала. Але новая беларуская ўлада засталася адданая калгаснай сыстэме, баючыся сапраўднага гаспадара на зямлі.

І што ў выніку?

Пра тое, чаму ў Беларусі большасьць людзей жыве значна бядней, чым у суседніх эўрапейскіх краінах, разважае ў сваім лісьце на Свабоду Антон Шапялевіч з Рагачова. Ён піша:

У нас вельмі шмат чыноўнікаў, міліцыянтаў, розных ідэолягаў, камсамольскіх работнікаў. (...) Гэтая армія праядае народныя грошы. І ніколі нам ня быць багатымі пры такіх парадках.

«У нас вельмі шмат чыноўнікаў, міліцыянтаў, розных ідэолягаў, камсамольскіх работнікаў... А гэта ж усё нахлебнікі, якія нічога не прадукуюць, жывуць за кошт бюджэту.

Калісьці Лукашэнка, памятаю, прыгразіў: вось вазьму, маўляў, і замкну райвыканкам на замок. Дык работа будзе ісьці і бяз вас, чыноўнікаў. Тут ён меў рацыю. Ды толькі гэта была пустая балбатня: нічога ён не замкнуў.

Я стары чалавек. Памятаю, у 1972 годзе працавалі ў нас у райсабесе ўсяго два чалавекі. І нічога, спраўляліся — налічвалі пэнсіі без усялякіх кампутараў. А цяпер там у новым двухпавярховым будынку цэлае ўпраўленьне. Тое самае і ў міліцыі — службоўцаў не зьлічыць. У РайАНА чыноўнікаў пад дзьвесьце чалавек.

А колькі ў аблвыканкамах, Савеце міністраў, Адміністрацыі прэзыдэнта! Гэтая армія праядае народныя грошы. І ніколі нам ня быць багатымі пры такіх парадках», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Антон Шапялевіч з Рагачова.

Заўважу, спадар Антон, што тады, у 70-я гады, насельніцтва сельскіх раёнаў Беларусі было значна большае, чым цяпер, а тэхнічныя сродкі сувязі і апрацоўкі інфармацыі — значна горшыя. Чаму ж сыстэма кіраваньня так разраслася? Найперш таму, што яна застаецца па-за грамадзкім кантролем. Залежалі б кіраўнікі «вэртыкалі» ад сымпатыяў ды антыпатыяў выбарцаў — сытуацыя была б зусім іншая.

________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut. by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG