Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 аргумэнтаў Алеся Бяляцкага супраць сьмяротнага пакараньня


Раман Юргель і Алесь Бяляцкі ў дыскусійным клюбе

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступіў у грамадзкім дыскусійным клюбе ў Горадні на дыскусіі «Пакараньне сьмерцю: дзікунства ці справядлівасьць?»

1. Захаваць жыцьцё — зьдзейсьніць цуд

Алесь Бяляцкі кажа, што аднойчы да праваабаронцаў «Вясны» зьвярнуліся сваякі трох вязьняў. З камэры сьмяротнікаў прынесьлі цыдулкі, якія тым удалося перадаць на волю. Цыдулкі гэтыя былі скручаныя, напісаныя «вельмі дробненька». Як можна было іх перадаць, яму да сёньня незразумела. Вязьні лічылі сябе невінаватымі, што, канечне, зьява распаўсюджаная. Калі Бяляцкі сядзеў у калёніі, то дзевяноста дзевяць адсоткаў называлі сябе невінаватымі: «Хочаш вер, хочаш не, але гавораць так усе». Але важным у цыдулках сьмяротнікаў было тое, што яны пісалі, як іх пастаянна зьбіваюць. Гэта быў 1998 год. Тады ў Беларусі было расстраляна некалькі дзясяткаў чалавек. Яшчэ не было зьменаў у Крымінальным кодэксе, і штогод пад расстрэл падпадалі па сорак-пяцьдзясят чалавек, кажа праваабаронца.

Што можна было зрабіць з тымі цыдулкамі? Зьвярнуліся ў Вярхоўны суд з просьбай перагледзець гэтыя справы. Адказу доўга не было. Потым стала вядома, што двух расстралялі, трэцяму замянілі пакараньне на пятнаццаць год — тады максымальны тэрмін.

Вясноўцы ўспрынялі гэта як цуд, бо рэальна ўдалося ўратаваць чалавеку жыцьцё, кажа Бяляцкі. Праваабаронцы арыентуюцца на прынцып «не забі», дадае ён.

2. Бывае, сьмерцю караюць невінаватых

«Магчымасьць судовай памылкі — яна вельмі верагодная», — мяркуе Алесь Бяляцкі. Справа тэракту ў менскім мэтро — адзін з такіх выпадкаў:

«Чым болей улады спрабавалі зрабіць гэтую справу празрыстай, тым больш недаверу яны выклікалі», кажа ён. Яшчэ больш пытаньняў выклікала тое, што сьмяротны прысуд выканалі даволі хутка.

Бываюць выпадкі, калі людзі прызнаюцца, што забілі, але насамрэч яны гэтага не рабілі, кажа Алесь Бяляцкі. Існуе «сындром абвінавачанага». «Вясна» займалася выпадкам Міхаіла Гладкага. Прыходзіць сын да маці, яна ляжыць мёртвая, побач — брат, які яе часта зьбіваў. І — сякера. Чалавек вырашыў, што брат забіў маці, і ляснуў яго сякерай. Думаў, што забіў. Яго пасадзілі. Празь некалькі год знайшоўся валацуга, які забіў абаіх. Атрымалася, што экспэртыза ня выявіла, што трупы праляжалі пэўны час і што Гладкі ня быў забойцам.

3. «Вышка» — прыкмета недэмакратычнай краіны

Пасьля зьменаў у Крымінальным кодэксе зьменшылася лічба сьмяротных прысудаў — да чатырох-пяці за год, бывае і меней. І грамадзтва пачынае ставіцца да праблемы інакш, яно становіцца менш жорсткім, менш савецкім, кажа Бяляцкі. Пры сацыялізьме расстрэлы былі звычайнай справай.

У адной чэскай турме цяпер музэй: «Заходзіш у былы расстрэльны пакой, бачыш жалабок, па якім кроў сьцякала, дзірка ў падлозе, і кажуць — вось тут іх стралялі», — распавядае ён.

Апошні сьмяротны прысуд у Чэхіі быў выкананы ў 1989 годзе. У Беларусі гэта застаецца рэальнасьцю. Летась былі выкананыя чатыры сьмяротныя прысуды, сёлета ў чаканьні два вязьні.

4. Нават Манголія адмяніла расстрэл

Алесь Бяляцкі кажа, што летась у шасьці краінах адмянілі сьмяротнае пакараньне ці абвясьцілі на яго мараторый. Сярод іх нават Манголія.

У Эўропе расстрэлы выконваюцца толькі ў Беларусі. Тым часам у ста сарака краінах сьмяротнага пакараньня няма. Яго адмянілі ва Ўкраіне, у Расеі захоўваецца мараторый.

5. Адмена «вышэйшай меры» залежыць ад «палітычнага рашэньня»

Паводле Алеся Бяляцкага, супрацоўнікі судовых органаў, пракуратуры кажуць, што яны ня супраць адмены сьмяротнага пакараньня, але ж гэта можа быць зроблена толькі як «палітычнае рашэньне». А думка Лукашэнкі наконт праблемы вядомая, кажа праваабаронца. Пытаньне «фактычна залежыць ад рашэньня аднаго чалавека», кажа кіраўнік «Вясны»:

«Чаму так? Чаму ён за гэта трымаецца? Ён жа атрымаў бы багата нейкіх прэфэрэнцыяў, калі выгадна „прадаць“ гэтае сьмяротнае пакараньне. Чаму ён за яго так трымаецца?»

Ёсьць некалькі аргумэнтаў, разважае Алесь Бяляцкі. Трэба ўзгадаць «рэфэрэндум, які рэзка павялічыў ягоныя паўнамоцтвы», там было «прычэпным» пытаньне аб сьмяротным пакараньні.

«І для яго зараз адмяняць адно з пытаньняў гэтага рэфэрэндуму, які даў яму ўладу, — гэта наступаць сваёй песьні на горла», — лічыць праваабаронца.

«Другі момант — Аляксандар Рыгоравіч ня любіць саступаць. І саступае вельмі рэдка, калі яго прыціскаюць ужо вельмі моцна.

І трэцяе: момант гандлю ў галаве, мабыць, застаецца. Калі яны будуць прадаваць гэтае пытаньне, то будуць прадаваць за дарагую цану. Усё ў нас упіраецца ў палітычнае рашэньне аднаго чалавека».

Чацьвёртым пытаньнем на рэфэрэндуме 24 лістапада 1996 году было: «Ці падтрымліваеце вы адмену сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусь?»

За адмену прагаласавалі 17,93 адсотка тых, хто пайшоў галасаваць, супраць адмены — 80,44 адсотка. Сёньня, як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, прыблізна траціна жыхароў Беларусі выказваецца супраць сьмяротнага пакараньня, кажа Алесь Бяляцкі.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG