Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няскораны Марыніч» — 17-я кніга Аляксандра Тамковіча


Міхаіл Марыніч
Міхаіл Марыніч

Кніга пра Міхаіла Марыніча рыхтавалася пры ягоным жыцьці, але зьявіцца толькі праз паўгоду пасьля сьмерці.

Прыблізна празь месяц выйдзе чарговая кніга Аляксандра Тамковіча «Няскораны Марыніч. Гісторыя ў фота». Гэта 17-я кніга гэтага аўтара пра дзеячоў беларускай палітыкі, культуры і грамадзтва.

Кнігу меркавалася апублікаваць да 75-годзьдзя Міхаіла Марыніча. Але ён не дажыў да гэтай даты. 75 гадоў Марынічу споўнілася б 13 студзеня 2015 году. Да юбілею ён не дажыў 3 месяцы — памёр 17 кастрычніка 2014-га.

Кніга «Няскораны Марыніч» выйдзе на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай. Аўтар кнігі, журналіст Аляксандар Тамковіч, распавёў пра свайго героя і сваю працу над кнігай.

— Аляксандар, як нарадзілася ідэя напісаць кнігу пра Міхаіла Марыніча?

Аляксандар Тамковіч
Аляксандар Тамковіч

— Працаваць над кнігай я пачаў крыху менш чым год таму. У той час спадар Міхаіл быў вельмі хворы пасьля другога інсульту, амаль не размаўляў, таму хацелася нешта добрае для яго зрабіць. Увесь жнівень я езьдзіў да Марыніча на лецішча. Першапачаткова кніжка задумвалася як размовы з Марынічам. Натуральна, іх было вельмі шмат. Але я вырашыў зрабіць такі фармат: 5 размоў з Марынічам. Амаль усё было гатова, я нават дамаўляўся зь ім, каб паказаць рукапіс, але не пасьпеў...

А чаму я вырашыў напісаць пра яго не эсэ, ня нарыс, а цэлую кнігу? Па-першае, мне шмат хто казаў, што гэта быў незвычайны чалавек, вельмі сумленны, шчыры, прыстойны. Ну, і па-другое, падштурхнула ягоная хвароба, зь якой ён мужна змагаўся да апошняга. Я сам перанёс такі ж іспыт, таму я, як ніхто іншы, разумею і спачуваю. На жаль, трэба сьпяшацца ў жыцьці.

— Як самі вы акрэсьліваеце жанр кнігі?

— Кніга гэтая не палітычная, а больш біяграфічная. Акрамя тэксту, там больш за 120 фатаздымкаў. На іх, па сутнасьці, пабудаваная ўся кніга.

І яшчэ адна прычына, чаму я раблю такія біяграфічныя кніжкі — у сёньняшняй гістарыяграфіі страшэнная цэнзура, і я вельмі баюся, што пройдзе 15–20 гадоў, людзі ўжо ня будуць памятаць, што і як там было, хто змагаўся і на чыім баку. Ствараюцца такія міты, што нават сьмешна становіцца. Да прыкладу, адна вядомая асоба любіць паўтараць, што толькі ён адзін галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў. Але я сам памятаю, што было пайменнае галасаваньне і таго чалавека ў той момант наагул не было ў залі. А потым з такіх мітаў і складаецца наша найноўшая гісторыя.

Каб не распаўсюджваліся міты, створаныя прапагандай, я выбраў дакумэнтальны жанр

Возьмем таго ж самага Марыніча. Ён быў намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму, быў мэрам Менску. Калі адзначалі чарговыя ўгодкі Менску, запрасілі ўсіх былых гораданачальнікаў, акрамя Марыніча. Быццам бы і не было яго ў гісторыі. Хоць менавіта ён курыраваў у канцы 1970-х — пачатку 80-х гадоў будаўніцтва мэтро. Таму, каб не распаўсюджваліся міты, створаныя прапагандай, я выбраў дакумэнтальны жанр.

— Марыніч — асоба неадназначная. Добры кіраўнік — быў міністрам зьнешнеэканамічных сувязяў, гаспадарнік — працаваў мэрам сталіцы, дыплямат — быў амбасадарам, а з 2001 году пайшоў у палітыку. І гэта цалкам зьмяніла яго жыцьцё: была турма, цяжкая хвароба. Вы таксама падзяляеце жыцьцё Марыніча на «да» і «пасьля»?

— На жалобнай цырымоніі разьвітаньня выступаў адзін акадэмік, які сказаў, што на магіле Марыніча трэба зрабіць такі помнік, як Эрнст Неізвесны некалі зрабіў Хрушчову: чорнае і белае. Маўляў, да 2001 году была белая паласа ягонага жыцьця, а пасьля 2001 — чорная. Я з гэтым быў катэгарычна ня згодны, нават абурыўся. Зразумела, да 2001 году Марыніч быў вельмі пасьпяховым чалавекам, пры ўладзе, займаў высокія пасады. А ў 2001 годзе адважыўся пайсьці кандыдатам у прэзыдэнты. То бок зь цёплага, утульнага крэсла амбасадара Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі пайшоў у невядомасьць. Зрабіў выклік уладзе. Потым трапіў у турму, доўга і цяжка хварэў...

Але я тады вырашыў пакінуць ранейшы фармат кнігі — 5 размоў з Марынічам. І дадаць яшчэ разьдзел — «Чорна-белая памяць» Хаця, на мой погляд, памяць у людзей ня можа быць чорна-белай, яна мае розныя адценьні. Зрэшты, у некаторых, я ўпэўнены, памяць шэрая і наагул усё жыцьцё шэрае.

— Асабіста мяне ўразіла тое, што на пахаваньне прыйшлі ня толькі апазыцыйныя палітыкі, паплечнікі, але і некалі набліжаныя да ўладаў — напрыклад, Іван Ціцянкоў...

Марыніч быў вельмі добрым чалавекам па натуры, умеў разгледзець станоўчыя якасьці ў людзях, усім дапамагаў

— Акрамя Ціцянкова быў Уладзімер Ярмошын, былы мэр Менску і былы прэм’ер. Мала хто ведае, што Марыніч пазнаёміўся зь Ярмошыным, калі той прыехаў па разьмеркаваньні працаваць у Менск. Марыніч яго заўважыў, разгледзеў ягоныя дзелавыя і прафэсійныя якасьці, а потым запрасіў Ярмошына ў Менгарвыканкам працаваць сваім намесьнікам. Марыніч быў вельмі добрым чалавекам па натуры, умеў разгледзець станоўчыя якасьці ў людзях, усім дапамагаў. Цяпер для кіруючых асобаў вельмі небясьпечна сябраваць з тымі, хто ў апале. Але на пахаваньне прыйшлі сапраўдныя сябры, людзі, якія памятаюць дабро.

— Ці складана было працаваць над кнігай?

— Так, нялёгка. Міхаіл Марыніч у апошні час сур’ёзна хварэў, амаль не размаўляў, у яго былі вялікія праблемы з маўленьнем, часам ён блытаўся, даводзілася шмат чаго ўдакладняць, пераправяраць. Я ўсім, хто мае дачыненьне да падзеяў, якія ўзгадваюцца ў кнізе — ягоным сынам, жонцы, сябрам — даслаў тэкст, перад тым як друкаваць, каб яны ўважліва прагледзелі менавіта з пункту гледжаньня факталягічных памылак. Вядома, і сам правяраў, але на ўсялякі выпадак даслаў. Дзякуй Богу, памылак сур’ёзных не было, пару касмэтычных правак, удакладненьняў.

— Самі як аўтар задаволеныя кнігай?

— Задавальненьне ёсьць. Але мне вельмі шкада, што ён не пасьпеў убачыць кнігу. Ён яе вельмі чакаў. Мне распавялі, як ён распрацоўваў руку (бо пісаць пасьля інсульту ён ужо амаль ня мог, рука не працавала), каб падпісаць кнігу. На жаль, мы не пасьпелі.

Але цяпер праца амаль завершаная, цалкам падрыхтаваная да друку. Празь месяц-паўтара мы яе будзем прэзэнтаваць. Так што задавальненьне ёсьць. І ёсьць намер працягваць пісаць пра цікавых людзей. Бо наша жыцьцё вельмі непрадказальнае. Вазьміце мінулы год: колькі выбітных асобаў адышло — Грушавы, Барадулін, Бураўкін, Фралоў... Я колькі разоў казаў таму ж Грушавому: «Гена, давай зробім кніжку». Не пасьпелі... Зараз робім кнігу зь ягонай жонкай. Кніга будзе. Шмат што трэба зафіксаваць. І гэта не адзін я павінен рабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG