Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нарачы прайшла імша па жонцы Леха Качыньскага. Ёй зьбіраюцца ўстанавіць мэмарыяльную шыльду


Рыма-каталiцкая парафiя сьвятога Апостала Андрэя ў Кабыльніку (Нарач). Архіўнае фота

Імша за спачын душы на 75-ю гадавіну народзінаў Марыі Качыньскай — жонкі 8-га прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, якая разам з мужам загінула ў авіякатастрофе пад Смаленскам — прайшла 20 жніўня ў парафіі апостала Андрэя пад беларускім мястэчкам Нарач, перадае польская служба Радыё Марыя.

Марыя Качыньская (Мацкевіч) нарадзілася ў лясьніцтве Махава каля Кабыльніку (цяпер Нарач) 21 жніўня 1942 году, хрысьцілася ў касьцёле ў Кабыльніку. У тым касьцёле не захаваліся парафіяльныя кнігі за той час, але ў парафіі ў Сопаце, дзе Качыньскія браліся шлюбам, удалося пацьвердзіць паходжаньне Марыі Мацкевіч. Неўзабаве па хрышчэньні дачкі сям’я Мацкевічаў пераехала ў Вільню, адтуль у 1945 годзе ў Члухаў на поўначы Польшчы. Марыя пасьля школы паступіла ў Вышэйшую школу эканомікі ў Сопаце, затым працавала ў Марскім інстытуце ў Гданьску, дзе пазнаёмілася з будучым мужам.

Рэшткі дому сям’і Мацкевічаў — бацькоў Марыі Качыньскай — у лясьніцтве Махава пад Нараччу. На фота дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Матэвуш Адамскі
Рэшткі дому сям’і Мацкевічаў — бацькоў Марыі Качыньскай — у лясьніцтве Махава пад Нараччу. На фота дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Матэвуш Адамскі

Бацька Марыі, Чэслаў Мацкевіч, быў этнічным палякам, працаваў лесьніком, браў удзел у вайне зь немцамі ў складзе Арміі Краёвай, а маці, Лідзія Мацкевіч (Пішчака), нарадзілася ў расейскім Петраградзе, дзе ейныя бацькі, родам з-пад Кабыльніка, хаваліся ад Першай усясьветнай вайны, і працавала настаўніцай. Пра гісторыю сям’і Мацкевічаў апавядала газэта «Нарачанская зара».

У імшы 20 жніўня браў удзел у тым ліку амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік. Ён заявіў, што ўлады Польшчы будуць прасіць, каб памяць Марыі Качыньскай ушанавалі мэмарыяльнай шыльдай на касьцёле.

Мацкевічаў на сёньня не засталося ў Нарачы. Ад дома, у якім жыла сям’я Марыі Качыньскай, засталіся толькі пашкоджаныя фрагмэнты лесьвіцы і склепа.

***

10 красавіка 2010 году самалёт Ту-154М разьбіўся ў час заходу на пасадку ля аэрадрому Смаленск-Паўночны. Загінулі 88 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу, у тым ліку амаль усё вышэйшае вайсковае камандаваньне Польшчы, прэзыдэнт і першая лэдзі. Польская ўрадавая камісія сьцьвярджае, што самалёт пачаў распадацца яшчэ ў паветры праз выбух.

Марыя Качыньска і Лех Качыньскі, 2007 год
Марыя Качыньска і Лех Качыньскі, 2007 год

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG