Урад Малдовы ўхваліў зьмены ў 13-ы разьдзел Канстытуцыі краіны — дзяржаўную мову маюць назваць румынскай, як было ў Дэклярацыі незалежнасьці, перадае Prime.md.
Такім чынам, выконваецца пастанова Канстытуцыйнага суду чатырохгадовай даўніны: у канцы 2013 году суд вырашыў, што Дэклярацыя незалежнасьці, у якой фігуруе румынская мова, мае больш высокі статус за Канстытуцыю, у якой дзяржаўнай мовай завецца малдаўская. Калі менавіта завершыцца працэдура зьмены Канстытуцыі, не ўдакладняецца. Супраць такога рашэньня выступае прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон.
Малдаўская мова настолькі падобная да румынскай, што шэраг лінгвістаў лічыць яе фактычна румынскай — адрозьненьні ў асноўным зьявіліся ў XIX стагодзьдзі, калі ў Румыніі пачалі адмаўляцца ад славянскіх элемэнтаў мовы і ўводзіць лацінізмы. Цяпер у Малдове малдаўская мова лічыцца юрыдычна ідэнтычнай румынскай.